Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску прапануюць 9 спосабаў варажбы


Работнікі Віцебскага краязнаўчага музэю распрацавалі адмысловы праект “Калядная варажба ў Ратушы” і запрашаюць усіх ахвотных даведацца пра свой лёс з дапамогай магічных сродкаў і згодна са старадаўнімі мясцовымі традыцыямі.

Васьмёра самых цікаўных дзяўчат сталі першымі ўдзельніцамі незвычайнага музэйнага праекту: увечары 6-га студзеня яны спусьціліся ў сутарэньні гарадзкой ратушы, дзе месьціцца краязнаўчы музэй, каб у адмысловай залі даведацца пра сваю будучыню пад кіраўніцтвам супрацоўніц-інструктарак Алены ды Веранікі.

Васьмёра самых сьмелых дзяўчат сабраліся варажыць

Пакуль дзяўчаты знаёміліся паміж сабой – бо супольнай варажбой зазвычай займаліся блізкія сяброўкі – супрацоўніца музэю Алена
Катовіч
распавяла, што чакае тых, хто адважыўся зазірнуць за завесу часу:

“Мы прапануем 9 спосабаў варажбы – тое, што ўжо цяпер забыта, на жаль. Таму мы спасылаемся на працы этнографа Нікіфароўскага, які апісаў традыцыйныя спосабы беларускай варажбы ў 19-м стагодзьдзі. Будзем гадаць на каве, з дапамогай сьвечак, воску расплаўленага, з дапамогай іголкі, пярсьцёнка. А потым пяройдзем да такіх вясёлых спосабаў варажбы. Як, да прыкладу, варажба на прадметах гардэробу. Наша мерапрыемства мае забаўляльна-пазнавальны характар. Да нас прыходзяць тыя, хто хоча дакрануцца да спрадвечнай беларускай культуры, даведацца, як варажылі нашы продкі. Але для мужчын нашы дзьверы зачынены! Бо варажба ў большасьці разьлічана на дзяўчат”.

Дзяўчаты, самай малодшай зь якіх усяго 10 год, сядаюць за стол, частуюцца кавай, а потым перакульваюць кубкі на сподачкі і вельмі сур’ёзна ўглядаюцца ў цьмяныя абрысы кававай гушчэчы. Старэйшыя ўдзельніцы сэансу, якім ужо час задумвацца пра пэрспэктывы стварэньня сям’і, уважліва лічаць, колькі разоў ударыцца аб сьценкі кубка пярсьцёнак, падвешаны на нітцы, – так вызначаюць узрост, у якім дзяўчына выйдзе замуж.

Колькі разоў пярсьцёнак стукнецца аб кубак - у столькі год і выйдзеш замуж


Пакуль дзяўчаты рыхтуюцца да наступнага выпрабаваньня лёсу, супрацоўніцы музэю распавядаюць ім пра тое, што час ад Калядаў да Вадохрышча традыцыйна лічыўся найлепшым для варажбы. Паводле народных уяўленьняў, у гэты час актывізуюцца ўсе містычныя сілы, з дапамогай якіх можна сасьніць ці ўбачыць у падсьветленым сьвечкай люстэрку суджанага або загадаць жаданьне, якое цягам году абавязкова спраўдзіцца.

Каб даведацца, чаго чакаць ад наступнага году, дзяўчатам прапануюць высыпаць перад сабой зьмесьціва кубку, у якім ляжаць хлебная скарынка, кавалачак цукру, заручальны пярсьцёнак, цыбуліна і корак ад бутэлькі. Калі бліжэй да асобы, якая варожыць, падкоціцца пярсьцёнак – значыць, яна неўзабаве выйдзе замуж, калі скарынка – будзе жыць у беднасьці, а калі цукар – значыць, у багацьці. Корак прадракае весялосьць цягам усяго году, а цыбуліна – горкія сьлёзы. Але ў дрэнныя прадказаньні дзяўчаты верыць ня хочуць, і сыходзяць з музэю ў вясёлым настроі:

“Упершыню такое бачыла, і было вельмі цікава! Адзінае, што мне ня ўсё выпала так, як я хацела. Выпала мне цыбуліна, а я не хачу плакаць, таму ня надта ў гэта веру – веру, што ўсё ў мяне будзе добра. І вельмі спадабалася, што дзяўчаты прынамсі пачалі праграму па-беларуску. Але потым нешта зьбіліся на расейскую мову. Па-беларуску магло б быць больш калярытна, і ўражаньні самыя лепшыя,”— кажа адна зь першых удзельніц праекту.

Сцэнар у музэйных супрацоўніц увесь складзены па-беларуску, і наперадзе багата часу для практыкі. Кожны вечар да 19-га студзеня яны мяркуюць прымаць дзьве групы ўдзельніц па 10 чалавек. Папярэдні запіс вядзецца па тэлефоне, і на бліжэйшыя 5 дзён вольных месцаў за сталом са сьвечкамі ўжо няма. Уваходны квіток на такую імпрэзу каштуе 3820 рублёў – даражэй, чымсьці звычайны квіток у музэй за 1040 рублёў. Але за гэтыя грошы дзяўчат частуюць кавай, дапамагаюць патлумачыць таямнічыя сымбалі ды іншасказаньні, і нават выдаюць пісьмовыя інструкцыі па іншых спосабах варажбы, якія можна паспрабаваць дома – зь сяброўкамі альбо ўжо сам-насам зь лёсам.

Калі скамечыць паперку, на якой напісана тваё імя, ды падпаліць, па ценю на белым аркушы можна нешта ўбачыць
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG