Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як уплывае на Беларусь расейска-ўкраінская газавая вайна?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”, эфір 6-га студзеня

Працягваецца газавы канфлікт паміж Расеяй і Украінай. У чым сутнасьць канфлікту, чаму краіны ня могуць дамовіцца? Ці шмат заробіць Беларусь на павелічэньні транзыту газу празь яе тэрыторыю? Чаму дасюль невядомая цана газу для Беларусі?

Удзельнікі: эканамічны аглядальнік газэты “Беларусы і рынак” Тацьцяна Манёнак зь Менску і дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы.

Чаму Расея і Ўкраіна ня могуць дамовіцца?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч: “Расейска-ўкраінскі газавы канфлікт усё больш набывае палітыка-прапагандысцкі характар, ператвараецца ў інфармацыйную вайну. Бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў хлусьні, праблема не вырашаецца, церпяць эўрапейскія спажыўцы. Дык у чым сутнасьць канфлікту? Чаму краіны ня могуць дамовіцца? І ці сапраўды Ўкраіна крадзе расейскі газ, які ідзе празь яе тэрыторыю ў Эўропу?”

Тацьцяна Манёнак: “Сутнасьць канфлікту ў тым, што бакі не дамовіліся пра ўмовы паставак газу ва Ўкраіну і транзыту газу праз украінскую тэрыторыю. У адрозьненьне ад Беларусі, зь якой у Расеі падпісаны доўгатэрміновы кантракт на пастаўку газу да 2011 году, з Украінай Масква працавала па гадавых кантрактах. І вось мінулым годам прэм’еры Расеі і Беларусі дамовіліся таксама аб пераходзе да доўгатэрміновых кантрактаў і да эўрапейскіх коштаў газу за мінусам транспартных выдаткаў. Быў падпісаны мэмарандум, дзе адзначалася, што на такія ўмовы краіны пяройдуць цягам трох гадоў. Але вось тэхнічныя моманты такога пераходу бакі і ня могуць узгадніць.

Тацяна Манёнак
Расея прапанавала Ўкраіне купляць прыродны газ у 2009 годзе па цане 250 даляраў за 1 тыс. кубічных мэтраў. А для эўрапейскіх спажыўцоў сярэдняя цана газу гэтым годам будзе 280 даляраў. То бок фактычна Расея прапанавала Ўкраіне эўрапейскі кошт.

А ў тым мэмарандуме, падпісаным прэм’ерамі, зафіксавана, што калі падвышаецца кошт газу, то падвышаецца і кошт транзыту праз украінскую тэрыторыю. Але Расея лічыць, што кошт транзыту павінен застацца ранейшым: 1,6 даляра за перапампоўваньне 1 тыс. кубічных мэтраў на 100 км. А Ўкраіна лічыць, што пры такім кошце газу кошт транзыту павінен складаць 2,2 даляра“.

Ці крадзе Ўкраіна газ?

Карбалевіч: “Дык Украіна крадзе расейскі газ ці не? Бо тут супярэчлівыя заявы робяць абодва бакі”.

Манёнак: “Можа, ня трэба так ставіць пытаньне рубам. Учора Вярхоўны суд Украіны прымаў рашэньне, што Расея ня можа ладзіць транзыт газу праз украінскую тэрыторыю па ранейшых транзытных стаўках”.

Карбалевіч: “Ці правільна я зразумеў, што з гледзішча Ўкраіны яна забірае кантрабандны расейскі газ, які ідзе празь яе тэрыторыю незаконна?”

Манёнак: “Расея сьцьвярджае, што з 2 па 5 студзеня Ўкраіна недапаставіла эўрапейскім спажыўцам каля 65 мільёнаў кубамэтраў газу. Цяжка зразумець, ці сапраўды Ўкраіна зрабіла “несанкцыянаваны адбор газу”, ці гаворка ідзе пра тэхнічны газ, які патрэбны пры перапампоўцы вялікіх аб’ёмаў газу. Нагадаю, што праз Украіну ідзе каля 80% газавага экспарту Расеі.

Украіна сама здабывае 20 мільярдаў кубамэтраў прыроднага газу, яна зрабіла запасы перад Новым годам. Менавіта таму ўчора кіраўнік “Газпрому” Мілер дакладваў прэм’еру Пуціну, што для ўнутраных спажыўцоў Украіны цяпер праблемаў пакуль быць не павінна“.

Ці ёсьць украінскі доўг?

Карбалевіч: “Цікава тое, што расейскі бок чамусьці акцэнтуе ўвагу на тым, што Ўкраіна ня выплаціла Расеі доўг за пастаўку газу ў 2008 годзе, і менавіта гэта — галоўная прычына адключэньня газу”.

Кірыл Коктыш
Кірыл Коктыш: “Гэты канфлікт узьнік найперш з унутрыўкраінскіх прычын. Справа ў тым, што па Ўкраіне сусьветны крызіс ударыў вельмі моцна. Грыўна абясцэнілася амаль напалову. Стаіць пытаньне пра дэфолт. Украінскае кіраўніцтва ня хоча за гэта адказваць і імкнецца перакласьці віну на Расею. А прэзыдэнт Юшчанка яшчэ імкнецца абвінаваціць у крызісе прэм’ера Цімашэнку. Спэцыфіка гэтага канфлікту палягае ў тым, што ўсе ключы ад яго вырашэньня знаходзяцца ў Кіева”.

Манёнак: “Сапраўды, унутрыпалітычныя праблемы ва Ўкраіне ёсьць. Але трэба адзначыць, што Юшчанка і Цімашэнка займаюць салідарную пазыцыю па гэтым газавым пытаньні.

Што тычыцца ўкраінскага доўгу ў суме 650 мільёнаў даляраў, то Кіеў яго не зусім прызнае. Гэта прадмет спрэчак, магчыма — судовых. Магчыма, гэта пойдзе ў залік таго, што Ўкраіна перапампоўвае дадатковыя аб’ёмы расейскага газу па новых коштах“.

Коктыш: “Хачу адзначыць, што падчас апошніх перамоваў у Маскве напярэдадні Новага году ўкраінская дэлегацыя ня мела паўнамоцтваў падпісваць кантракт. Накіраваць дэлегацыю, якая ня мае паўнамоцтваў, — гэта палітычнае рашэньне, а не эканамічнае”.

Ці выйграе Беларусь ад гэтага канфлікту?

Карбалевіч: “Расейска-ўкраінскі газавы канфлікт ужо рэальна ўплывае на Беларусь. Транзыт газу празь беларускую тэрыторыю павялічыўся на 25%. Ці можна сапраўды такім чынам кампэнсаваць страты эўрапейскім спажыўцам? Ці шмат заробіць Беларусь на павялічэньні транзыту?”

Манёнак: “Кампэнсаваць такім чынам немагчыма. Трэба мець на ўвазе, што транзыт расейскага газу павялічыўся ня толькі празь Беларусь, але і праз газаправод “Блакітная плынь”. Таксама “Газпром” стварыў запасы газу ў сваіх газасховішчах у эўрапейскіх краінах.

Дзяржаўныя мэдыі Беларусі з патасам перадаюць, што празь Беларусь дадаткова пачалі перапампоўваць 25 мільёнаў кубамэтраў газу. Але празь беларускую газатранспартную сыстэму пройдзе толькі 6 мільёнаў. А каля 20 мільёнаў — праз газаправод “Ямал — Эўропа”, які належыць “Газпрому”, беларускі бок тут выконвае толькі апэратарскія функцыі. Таму зарабіць асабліва ня выйдзе“.

Коктыш: “Беларусь ужо атрымала часовыя бонусы, прычым найперш палітычныя, а не эканамічныя. Масква ня можа сабе дазволіць псаваць адносіны адразу зь дзьвюма транзытнымі краінамі — Украінай і Беларусьсю.Таму калі цяпер канфлікт з Украінай, то гэта азначае, што Расея будзе рабіць палёгкі для Беларусі.

Але ў беларускага кіраўніцтва няма спробаў канвэртаваць гэтыя палітычныя бонусы ў нейкія стратэгічныя праекты. Ня бачна, што ўвогуле ставіцца такое пытаньне. Беларусь ня можа прапанаваць Расеі нейкія альтэрнатывы, напрыклад — альтэрнатыву будаўніцтву газаправоду праз Балтыйскае мора“.

Чаму дасюль невядомая цана газу для Беларусі?

Карбалевіч: “Кантракт аб цэнах на газ для Беларусі на 2009 года так дагэтуль і не падпісаны. Газ ідзе, а па якой цане — невядома. І няма ніякага публічнага канфлікту, прыпыненьня паставак. Лукашэнка напрыканцы мінулага году выступіў зь цікавымі заявамі. Ён сказаў, што цана на газ будзе прыкладна такая ж як і ў 2008 годзе, а цягам году яна ўпадзе ў 2-3 разы. Але, як шмат разоў адзначалі афіцыйныя асобы, паводле формулы цана на газ для Беларусі ня можа мяняцца цягам году больш як на 7%. Таму, калі зыходзіць з формулы, кошт газу ня можа ўпасьці ў 2-3 разы. Як вы можаце пракамэнтаваць гэта?”

Манёнак: “Тая формула вызначэньня кошту газу для Беларусі, якая выцякае з дамовы ад 31 сьнежня 2006 году, цяпер нявыгадная Беларусі. Бо газавыя кошты прывязаныя да нафтавых. А ў 2008 годзе кошт нафты зьнізіўся амаль у 3,5 раза.

“Газпром” падлічыў, што паводле формулы стартавая цана газу для Беларусі павінна быць 240 даляраў за 1 тыс. кубамэтраў. Калі адняць 7%, то з другога кварталу цана будзе 229 даляраў. А сярэднегадавая эўрапейская цана — 280 даляраў. Эўрапейскія краіны, якія пераглядаюць кошты кожны квартал, апынаюцца ў больш выгаднай сытуацыі, чым Беларусь.

Ці дзейнічае формула?

Манёнак: “Таму беларускі бок настойвае на пераглядзе гэтай формулы. Падаецца, што Мядзьведзеў і Лукашэнка падчас сваёй апошняй сустрэчы ў Маскве пра гэта і дамовіліся. На падставе гэтага Лукашэнка і заявіў у Магілёве, што на пачатку году кошт будзе высокі, потым ён зьнізіцца, а ў сярэднім за 2009 год цана будзе прыкладна на ўзроўні мінулага году.

Цяпер бакі таргуюцца наконт стартавага кошту газу. Прадстаўнік расейскай амбасады ў Беларусі сказаў, што гэты кошт канчаткова будзе вызначаны на паседжаньні вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы ў канцы студзеня. Да гэтага часу, мусіць, павінны быць выкананы нейкія палітычныя ўмовы“.

Коктыш: “Кошты газу на 2008 год былі палітычнымі і не грунтаваліся на эканамічнай формуле. Тое ж самае будзе і з цэнамі на 2009 год. Таму пра нейкія формулы ўвогуле казаць некарэктна. Гэтым разам цана газу для Беларусі будзе льготная дзякуючы канфлікту Расеі і Ўкраіны. Масква да канца месяца будзе чакаць, як Беларусь прадэманструе здольнасьць быць палітычнай транзытнай альтэрнатывай Украіне”.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG