Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвята Трох Каралёў адзначаецца каталіцкім касьцёлам 6 студзеня. Гэта сьвята аб’яўленьня Езуса Хрыста. Яно прысьвечана тром усходнім астролягам, якіх таксама называлі магамі, валхвамі, пакуль у каталіцкай традыцыі яны ня сталі называцца Трыма Каралямі. Яны прыйшлі з Усходу, каб прывітаць нованароджанага хлопчыка Езуса. У гарадзенскім Катэдральным касьцёле з нагоды сьвята адбылося набажэнства на беларускай мове.

Карэспандэнт: “Напачатку набажэнства сьвятар пераказвае гісторыю пра тое, як тры ўсходнія каралі, даведаўшыся, дзякуючы зорцы, пра нараджэньне мэсіі, прыйшлі ў Бэтлеем прывітаць яго і прынесьлі свае дары”.

Сцэна ў Гарадзенскай Катэдры — Тры Каралі наведалі нованароджанага Хрыста

Ксёндз
: “І вось дзякуючы зорцы яны прыйшлі да месца і ўбачылі дзіця. Яны вельмі ўзрадаваліся і ўпалі ды пакланіліся яму. І ахвяравалі яму дары: золата, кадзіла і міру”.

На імшы можна было даведацца, як узьнікла традыцыя адзначаць сьвята Трох Каралёў.

Ксёндз: “Каталіцкі касьцёл адзначае ўрачыстасьць аб’яўленьня Пана. Сама ўрачыстасьць існуе з трэцяга стагодзьдзя на Ўсходзе. А прыкладна праз стагодзьдзе яна зьявілася і на Захадзе, дзе яе сталі называць сьвятам Трох Каралёў”.

Ксёндз паведаміў вернікам па заканчэньні імшы, што сьвятары пачынаюць пасьля Трох Каралёў наведваць парафіянаў “па Калядзе”. Гэта штогадовыя калядныя сустрэчы ў дамах вернікаў. Ксёндз папярэдзіў, што на стале трэба мець белы абрус, крыж і сьвечку, а таксама пажадана — сьвятую ваду.

Карэспандэнт: “Вы прыйшлі на сьвята Трох Каралёў з дачкой. Што гэтае сьвята для вас значыць, чым яно асаблівае для вас?”

Спадар: “Гэта зьяўленьне Пана Бога Езуса Хрыста, Бога ў нашай душы. Знак таго, што Бог нам зьявіўся. Можа, зьявіцца для нашай Беларусі нарэшце”.

Карэспандэнт: “Вернікаў на сьвята Трох Каралёў прыцягвае таксама рытуал асьвячэньня крэйды і кадзіла. Кожны можа ўзяць кавалачак крэйды. Праўда, сёньня ксёндз сказаў, што яна будзе на выхадзе з касьцёлу. Людзі сабраліся ля дзьвярэй, але ня ўбачылі крэйды. Пайшлі да бочнага выхаду ля захрыстыі, але й там крэйды не было. Нарэшце хтосьці сказаў, што паддон з крэйдай увогуле на вуліцы. Усе стараліся ўзяць кавалачак і ўзьнік часовы ажыятаж”.

Пасьля імшы вернікі разьбіраюць асьвечаную крэйду

“Аповесьць пра трох каралёў” вядомая ў старабеларускім перакладзе з другой паловы ХVІ стагодзьдзя. І вось мы чытаем, што там было напісана: “Таго дня, каторага тыя тры каралёве Пана Бога ў Бэтлеэм іскалі і хвалілі, а яму дары далі… Іжэ найперва Мэльхіёр, карол Нубін і Арабіе, узяў трыдзесет пенязей залатых а малое аблычка залатэ, как рукою можат падняці, дзіцятку Ісусове набожне падаў. Яго ж насьледуючы, карол Кгадоліе Балтазар ладан афяраваў, яко к руцэ яго было наперва прышло. Потым Яспер, карол Тарсіс і вострава Экгрысэўле, міру плачліве афяраваў”.

Карэспандэнт: “А дома мы робім так, як сказаў ксёндз — пішам на дзьвярах першыя літары імёнаў Трох каралёў. Атрымалася: Каспар, Мэльхіёр, Бальтазар, 2009. Гэта надпіс на знак таго, што тут жывуць хрысьціяне і што яны знаходзяцца пад апекай Бога.
XS
SM
MD
LG