Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Жаліба: Магчыма, новыя банкноты ўжо надрукавалі


Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

Наколькі абгрунтаваныя размовы пра магчымую дэнамінацыю беларускага рубля? Ці зручны зараз час для дэнамінацыі, ці пойдзе на гэта кіраўніцтва краіны? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Барыс Жаліба.

Цыганкоў: “Апошнімі днямі і ў Інтэрнэце, і проста на вуліцах, каля абменных пунктаў пашыраюцца размовы пра магчымую дэнамінацыю беларускага рубля. Нацыянальны банк у адмысловай заяве 6 студзеня рашуча абверг гэтыя чуткі. Але натуральна, што пасьля апошніх падзеяў з дэвальвацыяй шмат хто ўжо не давярае заявам Нацбанку. Наколькі абгрунтаваныя размовы пра дэнамінацыю? Ці можна сказаць, што няма дыму без агню?”

Жаліба: “Мяркую, што падставы для гэтых размоваў ёсьць. Мы на цэньніках і ў фінансавых паперах вымушаныя мець справу з такімі вялізнымі лічбамі, што гэта нязручна і нявыгадна.

З пэўных банкаўскіх крыніцаў да мяне даходзяць чуткі, што новыя банкноты ўжо надрукавалі.
Дэнамінацыя насьпела, але не адбудзецца ў набліжэйшы час
Можа, гэта і сапраўды так, бо дэнамінацыя насьпела. Апошні раз гэта было ў 2000 годзе, і тады мы выкрасьлілі тры нулі. Інфляцыя зьела пакупніцкую здольнасьць нашага беларускага рубля, і справа ўжо насьпела.

Але ж я думаю, што дэнамінацыі не адбудзецца ў найбліжэйшы час, бо зараз столькі праблемаў, якія зьвязаныя з сусьветным фінансавым крызісам — гэта і дэвальвацыя, і другая хваля росту цэнаў. Я б сказаў, што зараз не да дэнамінацыі”.

Цыганкоў: “Звычайна дэнамінацыю праводзяць тады, калі нацыянальная валюта моцная і стабільная. У момант нейкіх крызісаў і пераменаў улады імкнуцца гэтага не рабіць…”

Мы страцілі ўжо банкноту „адзін рубель“ — гэта ж ненармальна.
Жаліба: “Ёсьць такое меркаваньне, але гэта не галоўнае. Галоўнае — гэта тэхнічныя прычыны. Бо вельмі нязручна працаваць з такімі лічбамі. Трэба за кошт дэнамінацыі павялічыць пакупніцкую здольнасьць рубля. Мы страцілі ўжо банкноту „адзін рубель“ — гэта ж ненармальна. Я скажу больш — нам патрэбна грашовая рэформа. Яна таксама насьпела, але ўсё засланяе сусьветны крызіс.”

Цыганкоў: “А чаму ўсе так непакояцца? Дэнамінацыя — чыста тэхнічны акт. Ну, выкрасьляць адзін ці тры нулі… Людзі баяцца нешта страціць, ці што?”

Жаліба: “Я ня ведаю, чаго тут баяцца. Непакоіцца ня трэба, ніхто нічога ня страціць. Ну, выкрасьляць нулі — ніхто не пацерпіць, ані ўкладчыкі, ані банкі. Няма чаго тут баяцца, ніхто ад дэнамінацыі не пацерпіць”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG