Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стрыжнем дзейнасьці Аб’яднаных дэмакратычных сіл у 2009 годзе будзе сацыяльная абарона насельніцтва. Пра гэта заявіў сёньня сустаршыня Палітрады Сяргей Калякін.

Лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін заявіў, што выбар менавіта гэтага кірунку дзейнасьці як галоўнага зьвязаны з той фінансава-эканамічнай сытуацыяй, якая цяпер склалася ў краіне:

“Стрыжнем нашай працы сёлета будзе абарона сацыяльных і эканамічных правоў грамадзянаў. Дэвальвацыя беларускага рубля стала рабаваньнем значанай колькасьці беларускага народу. Сёньня многія ня ўпэўненыя, што яны будуць мець працу ў наступны месяц. І ўсё гэта сёньня вельмі моцна хвалюе людзей. І тут сваё месца ў абароне сацыяльна-эканамічных правоў знойдуць аб’яднаныя дэмакратычныя сілы”.

Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка адзначыў:

“Важным момантам ва ўсёй гэтай ацэнцы, ня толькі дэвальвацыі, але і наагул паводзінаў уладаў у крызіснай сытуацыі, павінна быць вось што — альбо мы, прыкрываючыся тым, што трэба ратаваць незалежнасьць, кажам самі сабе: давайце не перашкаджаць Аляксандру Лукашэнку — і саступім убок. Альбо мы ўсё ж такі займаем сваю пазыцыю, разумеючы, што мы не абаронім незалежнасьць і ня знойдзем рэальнага, эфэктыўнага выйсьця з эканамічнага крызісу, не разьняволіўшы людзей. Не разьняволіўшы краіны, не зрабіўшы яе, грамадзтва і эканоміку сапраўды свабоднай. Бо толькі гэта і будзе рэальным паратункам”.

Журналісты пацікавіліся ў лідэраў АДС, чаму яны публічна не рэагуюць на цяперашняе становішча ў Беларусі. Сустаршыня Палітрады АДС Анатоль Лябедзька на гэта адказаў так:

“Сёньня падчас паседжаньня прэзыдыюму Палітрады, якое адбылося перад нашай сустрэчай, мы абмяркоўвалі гэтую сытуацыю. У нас будзе агульная пазыцыя. Але нам патрэбна літаральна два-тры дні, каб агучыць калектыўную пазыцыю”.

Лідэры АДС заявілі, што сёлета маюць намер правесьці тры асноўныя кампаніі. Іх тэмы: сацыяльная абарона насельніцтва, вяртаньне народу сапраўднага права выбару праз дэмакратычныя выбары, а таксама абарона інтарэсаў незалежных СМІ і недзяржаўных грамадзкіх аб’яднаньняў.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG