Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У абменьніках бракуе валюты, у крамах — тавараў


Cёньня ў менскіх пунктах абмену валюты кошт пакупкі даляру дасягаў 2700 рублёў, а продажу — 2708 рублёў. Шмат у якіх крамах бытавой тэхнікі застаюцца пустыя паліцы.

Курс даляру адносна беларускага рубля за апошні дзень яшчэ больш вырас. На некаторых рынках у Менску гандляры пералічваюць даляр па 3 тысячы рублёў. На беларускім нябіржавым рынку за даляр выстаўляюць да 2800 рублёў. На Беларускай валютна-фондавай біржы попыт на даляры значна перавышае прапанову. На заўтра вызначаны той жа афіцыйны курс даляру — 2655 рублёў.


У адным зь менскіх абменных пунктаў
Сёньня мне толькі ў адным зь дзесяці абменьнікаў у цэнтры Менску адказалі, што маюць на продаж даляры, і ўсяго толькі 150 — дробнымі купюрамі. Ля пунктаў абмену валюты зноў зьявіліся чэргі.

Пакуль першыя асобы ў краіне маўчаць, распаўзаюцца чуткі пра дэнамінацыю беларускага рубля. Начальнік упраўленьня інфармацыі Нацбанку Анатоль Драздоў адзначыў:

“На сайце navinki.org зьявілася паведамленьне, ад чаго ўсё і пайшло. Яны падрабілі паведамленьне БЕЛТА. Распаўсюд фальшывых чутак і падробка фальшывых грошай можа быць пакараны ў крымінальным парадку. Шмат розных выказваньняў на розных сайтах, у нас свабода слова, няхай людзі выказваюцца. Але мы ўпершыню сутыкаемся з тым, што людзі сфабрыкавалі фальшывае паведамленьне. Я спадзяюся, што праваахоўныя органы дадуць ім ацэнку«.

У крамах бытавой тэхнікі, як і раней, застаюцца пустыя паліцы. Можна набыць хіба толькі беларускую прадукцыю. Чарговага завозу тавараў чакаюць напрыканцы тыдня. Пакуль у крамах кажуць пра магчымае падвышэньне цэнаў на 10—20%. Адносна сытуацыі ў крамах спадар Драздоў сказаў:

“З паліц усё зьмялі, бо быў ажыятажны попыт. Людзі зьмялі — ну, і правільна зрабілі. Грошы пайшлі ў эканоміку. Зараз тавары завязуць, і зноў будзе тавараў навалам”.

Парожнія паліцы ў гаспадарчай краме ў Менску
Анатоль Драздоў мяркуе, што беларускія тавары могуць паступіць нават па ніжэйшых цэнах, а што да імпартных — “гэта будзе залежаць ад цаны тавару ў далярах”.

Паводле экс-старшыні ўраду Вячаслава Кебіча, абвал рубля “закране кожнага”. Аднак ён лічыць, што дэвальвацыю трэба было рабіць раней і паступова.

“Чалавек, разумееце, прывыкае. Адна рэч, калі ты загартоўваесься штодня, табе халодную ваду на галаву льюць. Іншая рэч, калі ты не гатовы, а табе налілі цэбар вады. Ну, і потым чалавек прыстасоўваецца, мяняе свае звычкі. Хаця для дзяржавы гэта, хутчэй за ўсё, выгодна. Я думаю, што ўсё роўна паступова валюта будзе расьці ў сваёй цане”.

Эканаміст Аляксандар Чубрык заявіў, што такі крок, які Нацбанк зрабіў упершыню за сваю гісторыю, супрацьзаконны. Бо ён адбыўся без усялякіх гандлёвых сэсіяў на беларускай валютна-фондавай біржы, без адпаведнасьці з асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі. Гэта ўдарыла па даверы людзей. І цяпер улады чакаюць рэакцыі насельніцтва.

“Дваццаціпрацэнтавая дэвальвацыя эканоміку ня выратуе. Дзеля таго, каб выратаваць эканоміку, выратаваць экспартэраў — і зноў жа мы ня кажам пра насельніцтва, якое ў любым выпадку пацярпела б, — для гэтага патрэбная была б значна большая дэвальвацыя. А вядома, на значна большую дэвальвацыю з сацыяльных прычын пайсьці Нацбанк проста ня мог. Найлепшым выйсьцем была б ці паступовая дэвальвацыя, загадзя абвешчаная, ці пераход на вольны курс”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG