Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камунальная гаспадарка ратуе заводы


 Завадзкія інтэрнаты цяпер — галаўны боль магілёўскай выканаўчай улады

Завадзкія інтэрнаты цяпер — галаўны боль магілёўскай выканаўчай улады

Ці былі падрыхтаваныя мясцовыя ўлады да дваццаціпрацэнтнай дэвальвацыі беларускай валюты? Учора на нарадзе магілёўскага гарвыканкаму яго старшыня Віктар Шорыкаў прапанаваў асэнсаваць сытуацыю, якая склалася ў справе дэвальвацыі.


Тым часам чыноўнікі заклапочаныя, што да гарадзкой гаспадаркі дадаюцца інтэрнаты мясцовых прадпрыемстваў, на ўтрыманьне якіх у бюджэце нестае сродкаў.

“Улада павінна быць падрыхтаванай да крызісных праяваў на імпартна-экспартных вытворчасьцях і прадугледзець сацыяльную абарону насельніцтва”, — заяўлялася на нарадзе. Што канкрэтна прапануецца дзеля гэтага, застаецца пакуль няясным:

“Трэба асэнсаваць, што адбылося павышэньне курсу валюты. Дужа сур’ёзнае — на дваццаць працэнтаў. Для экспартэраў гэта выгадна. А ці выгадна гэта для камунальных службаў?” — казаў на нарадзе Віктар Шорыкаў.

Тым часам гарадзкія прадпрыемствы, каб палегчыць сваё фінансавае становішча, перадаюць на балянс гарадзкой камунальнай гаспадаркі свае інтэрнаты. Гарадзкая ўлада незадаволеная, але мусіць падпарадкоўвацца.

“Так, для іх гэта выгадна, а для камунальнай гаспадаркі — не. Туды яшчэ трэба даволі шмат фінансавых сродкаў укласьці, каб хоць нейкі сацыяльны мінімум забясьпечыць”, — наракае прадстаўнік гарвыканкаму.

Рыгор Кастусёў
Былы кіраўнік камунальнай гаспадаркі Шклоўскага раёну Рыгор Кастусёў пацьвярджае: стан інтэрнатаў, якія належаць занядбаным прадпрыемствам, жахлівы. Ён цьвердзіць, што ўлада цяпер жне тое, што сама пасеяла:

“Я, напрыклад, ведаю, што ў 2007 годзе ў Шклове восемдзесят мільёнаў рублёў, якія былі выплачаныя людзьмі на капітальны рамонт іхнага жыльля, былі выкарыстаныя на будаўніцтва агароджаў па трасе, дзе праяжджаў Лукашэнка. Людзкія грошы выдаткоўваюцца абы-куды. Жыхары павінны адчуць сябе гаспадарамі таго жыльля, у якім жывуць. Толькі так можна выправіць сытуацыю.”

А дзеля гэтага, кажа Кастусёў, улада павінна навучыцца гаварыць зь людзьмі і паважаць іх інтарэсы й правы.

XS
SM
MD
LG