Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Што агульнага паміж газам, нафтай і… морквай”


Алесь Анціпенка

Алесь Анціпенка

Як будзе разгортвацца беларуска-расейская інтэграцыя з удзелам Мядзьведзева і Пуціна ў 2009 годзе? Што ў якасьці матэрыяльнага эквіваленту беларускай ляяльнасьці цяпер цікавіць Маскву найболей? І што ў якасьці такога эквіваленту ўжо было “сплочана”?


Свой прагноз сёньня выказвае філёзаф Алесь Анціпенка, грамадзкі рэдактар Радыё Свабода цяперашняга тыдня.

У 2009 годзе стасункі з Расеяй будуць па-ранейшаму разгортвацца ў рэчышчы эканамічнай залежнасьці краіны ад танных газа і нафты. Нізкія кошты на энэрганосьбіты для Беларусі ўжо даўно называюць “палітычнымі”, маючы на ўвазе тое, што вызначаюцца яны зусім ня рынкавай каньюктурай, а палітычнай ляяльнасьцю, якую беларускі рэжым мае выяўляць Крамлю.

Канешне, ня варта перабольшваць дзейснасьць гэтай схэмы “ўзаемаразьлікаў”. Бо, як памятаем, расейскія аналітыкі ледзьве ня роспачна пісалі, што саюзнік ня толькі не выконвае дадзеных абяцаньняў, але і шумна патрабуе новых прэфэрэнцый, пагражаючы сыйсьці на Захад.

І ўсё ж пуцінская прапанова аддзяліць катлеты ад мух засьведчыла: Масква хоча паставіць інтэграцыю пад свой кантроль, а танныя газ і нафта мусяць выконваць ролю морквы на шляху пабудовы так званай саюзнай дзяржавы. Карацей, інтэграцыйныя стаўкі вырасьлі. І таму мае сэнс запытацца: а што ж у якасьці матэрыяльнага эквіваленту беларускай ляяльнасьці цяпер цікавіць Маскву найболей? І што ў якасьці такога эквіваленту ўжо было “сплочана”?

Мерай ляяльнасьці Маскве ў папярэднія гады сталася, на жаль, выцісканьне беларускай культуры і мовы з самых розных сфэраў публічнага жыцьця і адукацыі, што адбывалася ня толькі сыстэмна, але і пры ўдзеле дзяржаўных інстытутаў. Разбурэньне і маргіналізацыя беларушчыны якраз і былі праявамі той палітычнай ляяльнасьці, у абмен на якую Расея пастаўляла беларускаму боку энэрганосьбіты па нізкіх коштах. Аналягічную сытуацыю, толькі з адваротным эфэктам, маем сёньня і ва Ўкраіне. Там палітыка дэрусыфікацыі, якую ўсе гэтыя гады праводзілі ўкраінскія ўлады, мае сваім “вынікам” эўрапейскія кошты на газ, якія Масква выставіла Кіеву.

Інтэграцыя Беларусі, паводле новага крамлёўскага сцэнару, мае распачацца ў гэтым годзе. Аднак цяпер замест сымбалічнай ляяльнасьці Менск мусіць дэманстраваць рэальныя крокі ў кірунку эканамічнай, палітычнай і вайсковай інтэграцыі. Практычна ўсе гэтыя крокі ўжо былі агучаныя расейскім бокам летась. Гэта – прасоўваньне расейскага рубля ў якасьці сродку плацяжу ва ўзаемаразьліках, прызнаньне незалежнасьці Абхазыі і Асэтыі, падпісаньне дамовы пра адзіную супроцьпаветраную сыстэму ды некаторыя іншыя патрабаваньні. Нізкія кошты на газ і нафту трэба будзе цяпер “адпрацоўваць”, як тое прызнаў Аляксандар Лукашэнка.

Між тым “новы” расейскі сцэнар інтэграцыі найменей цікавіць беларускі бок. Прычынаў незацікаўленасьці шмат. Ад таго, што ў беларускім грамадзтве зьмянілася сытуацыя на карысьць дзяржаўнай незалежнасьці, да нежаданьня самой афіцыйнай эліты страціць свае эканамічныя і палітычныя (г.зн. уладныя) пазыцыі ў краіне.

Таму цалкам верагодна, што цягам году мы можам стацца сьведкамі таго, як беларускі рэжым будзе актыўна манэўраваць паміж Усходам і Захадам з мэтай захаваньня эканамічнага і палітычнага status quo ў стасунках з Расеяй.


XS
SM
MD
LG