Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стравы на калядным стале залежаць ад заможнасьці


7 студзеня – адно з самых галоўных для праваслаўных: сьвята Божага нараджэньня, Раство Хрыстова, Каляды. Як яшчэ пасьпець падрыхтавацца да сьвята, якім павінен быць калядны стол?

Старшыня Брацтва сьвятых віленскіх мучанікаў Мікола Матрунчык кажа, што сапраўдны хрысьціянін павінен наведаць храм у гэтыя дні. Ну і, натуральна, традыцыйныя калядны стол, абрады і відовішчы. Мікола Матрунчык лічыць:

“У каго гэта атрымоўваецца – спалучыць і стол, і храм арганічна ў гэтыя дні, то ён будзе такую падвойную радасьць мець. Ну, а ў каго гэта ня надта арганічна спалучаецца – ну што ж, тады трэба на нечым адным засяродзіцца… Каб гэта арганічна было, што чалавек ня проста зайшоў у храм, ён падрыхтаваўся хаця б у апошнія дні да споведзі і да прычасьця, і перажыў гэту глыбіню сьвята на такім яшчэ містычным узроўні, гэта было б больш пажадана. Але як ужо атрымоўваецца…”

Сапраўдныя вернікі надыходу Калядаў чакалі з вялікай нецярплівасьцю, таму што ім папярэднічаў даволі строгі Піліпаўскі пост, у час якога неабходна было прытрымлівацца шматлікіх абмежаваньняў у ежы і паводзінах людзей. Паколькі сьвяточная вячэра прыпадае на апошні дзень посту, яе называюць беднай, або поснай. Колькасьць страў, якая пад вечар 6 cтудзеня ставілася на стол, залежала ад заможнасьці кожнай сям'і. Але гісторык, аўтар кнігі “Беларуская кухня” Алесь Белы кажа:

“Традыцыйна лічыцца, што страў павінна быць 12. Натуральна, столькі ня ў кожнай сям’і атрымлівалася, але 12 – па ліку месяцаў у надыходзячым годзе, па ліку апосталаў. Ну а самая галоўная страва – куцьця. Як правіла гэта каша з ячменнай крупы, але і з пшаніцы, і з рысу пазьней варылі. Дарэчы, хто зараз прытрымліваецца традыцыяў, пераважна вараць рысавую. Хаця гэта традыцыйная страва не такая ўжо была і смачная. Таму яе падавалі з макавым малаком ці з вараным макам. Ну, а пры канцы ХІХ стагодзьдзя куцьцю пачало печыва выцясьняць: сьліжыкі, ламанцы. Яны ў нейкім сэнсе імітавалі аплаткі для прычасьця.

Традыцыйна другая па значнасьці страва – гэта кісель. Не такі вадкі, як цяпер, а густы, як жэле. Ну, і таксама павінна быць шмат рыбных, грыбных страваў. Так званы грыбны квас, чырвоны боршч з вушкамі, юшка, іншыя рыбныя стравы. У больш заможных людзей – фаршыраваная, смажаная рыба”.

Ну а колькі страў будзе на стале ў беларусаў сёньня ўвечары – залежыць ад гаманца. Улічваючы, што людзі адсьвяткавалі Новы год, многія знаходзяцца ў вымушаным працяглым калядным адпачынку, а ўрад, так бы мовіць, “абваліў” рубель, магчыма, давядзецца пасьціцца і далей…
XS
SM
MD
LG