Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэатар вакол купалаўскага тэатру


Інфармацыя аб прызначэньні Мікалая Пінігіна галоўным рэжысэрам Нацыянальнага тэатру імя Янкі Купалы пакуль ня мае афіцыйнага пацьверджаньня.

Сам Пінігін у размове са Свабодай пацьвердзіў, што прапанову ад міністэрства атрымаў і згоду даў. Падпісаньне кантракту мае адбыцца празь некалькі дзён. Артысты-купалаўцы віншуюць адно аднаго.

Мікалай Кірычэнка расказаў, што 30 сьнежня тэатар наведаў міністар культуры Ўладзімер Мацьвяйчук. У размове з кіраўніцтвам, паводле словаў Мікалая Кірычэнкі, міністар паведаміў, што пытаньне прызначэньня Пінігіна ўзгодненае, а таксама папрасіў цяперашняга мастацкага кіраўніка тэатру напісаць заяву аб пераводзе на пасаду рэжысэра-пастаноўшчыка. Такую заяву Валеры Раеўскі і напісаў — з 5 студзеня 2009 году. Пінігін, як сказаў тады міністар, павінен ачоліць тэатар прыкладна з 10 студзеня.

Пытаньне пра зьмену мастацкага кіраўніцтва стаяла востра ўжо некалькі гадоў. Незадаволенасьць творчым станам вылілася летась у кастрычніку ў акторскі “бунт”. Адбылася шырокая дыскусія пра творчыя праблемы — і ў самім тэатры, і ў прэсе, і нават у адміністрацыі прэзыдэнта краіны. Вельмі слушна тады Мікалай Кірычэнка казаў, што гэта “старая хвароба”, загнаная вельмі глыбока і дрэнна дыягназаваная Міністэрствам культуры. Тады ж купалаўцы ўголас заявілі, што хочуць працаваць найперш зь Мікалаем Пінігіным — пастаноўшчыкам такіх яркіх спэктакляў, як “Тутэйшыя”, “Ідылія”, “Сымон-музыка”, “Пінская шляхта”. Быў ліст акторкі Алены Іваньнікавай у адміністрацыю прэзыдэнта краіны з просьбай разьвязаць тупіковую сытуацыю, у якую зайшоў тэатар. Дырэктар Мікалай Кірычэнка і акторы Ганна Хітрык і Аляксандар Малчанаў былі запрошаныя да галоўнага ідэоляга прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўсевалада Янчэўскага. Той паабяцаў разабрацца і дапамагчы тэатру.

І вось праз тры месяцы сытуацыя пачынае праясьняцца. Паводле Мікалая Кірычэнкі, на пасаду мастацкага кіраўніка разглядаліся некалькі кандыдатураў — цяперашніх рэжысэраў-пастаноўшчыкаў Аляксандра Гарцуева і Ўладзімера Савіцкага, а таксама былога купалаўскага рэжысэра Мікалая Пінігіна, які ў зьвязку са сваімі востра актуальнымі пастаноўкамі айчыннай клясыкі быў практычна пазбаўлены працы ў Беларусі. У выніку ён пераехаў у Расею, пачаў працаваць у Вялікім драматычным тэатры імя Георгія Таўстаногава ў Санкт-Пецярбургу і толькі раз на колькі гадоў ставіў спэктаклі ў Беларусі — ці на купалаўскай сцэне, ці ў прыватных антрэпрызах.

Я паспрабаваў зьвязацца зь Мікалаем Пінігіным, але ягоны тэлефон не адказвае. Дырэкцыя тэатру гэтымі днямі таксама ня мела зь ім размовы. Тым часам акторы жадаюць, каб чуткі аб прызначэньні Пінігіна сталі рэальнасьцю. З такіх словаў пажаданьня тэатру пачалася мая размова з майстрам сцэны Віктарам Манаевым. На пытаньне, як ён ацэньвае сёньняшні стан мастацтва купалаўцаў, спадар Манаеў адказаў:

“Як можна ацэньваць? Як і вы, напэўна, ацэньваеце... Як і ўсе ацэньваюць... Працавалі й працавалі... Плылі й плылі... Жылі й жылі... Вось і ўсё. Усе артысты мараць пра Пінігіна. Гэта так і ёсьць. Зь ім цікава працаваць. Ён прафэсіянал”.

Маладая артыстка Ганна Хітрык не сумняваецца, што Пінігіна ўсё ж прызначаць:

“Я веру і ведаю, што ўсё ў нашым тэатры будзе добра. Ён любіць наш тэатар, і ня першы год, і не другі, а заўсёды яго любіў. Таму я перакананая, што лепшага кіраўніка тэатру мы ня знойдзем. Пінігін зь любога матэрыялу можа зрабіць вельмі актуальны спэктакль. Мне падабаецца, што ён заўсёды ведае, чаго ён хоча. І мы заўсёды разумеем яго. Ён верыць у нас, і гэта вельмі важна. А мы верым яму”.

Тым часам па-ранейшаму няма пэўнасьці і з дырэктарам тэатру. Мікалай Кірычэнка паведаміў “Свабодзе”, што напісаў заяву аб звальненьні на ўласнае жаданьне яшчэ на пачатку кастрычніка, бо, па сутнасьці, быў пастаўлены перад выбарам: ці быць дырэктарам, ці акторам. Ён выбірае акторскую пасаду. Новы дырэктар дагэтуль не прызначаны, і Мікалай Кірычэнка працягвае выконваць свае абавязкі.

Пакуль гульні з купалаўцамі працягваюцца. А ці закране працэс лібэралізацыі і галоўную драматычную сцэну краіны, мы даведаемся ўжо ў найбліжэйшыя дні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG