Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі апазыцыянэр Аляксандар Салаўян ужо цягам трох месяцаў ня можа атрымаць заробак, бо Чыгуначны раённы суд наклаў арышт на ягоны банкаўскі рахунак.


Судовыя выканаўцы патлумачылі спадару Салаўяну, што такім чынам яны спаганяюць зь яго нясплачаныя штрафы за ўдзел у апазыцыйных акцыях.

Штрафы віцебскі апазыцыянэр ня плаціць з прынцыповых меркаваньняў: кажа, што ня хоча падтрымліваць улады, якія лічыць незаконна абранымі. Агульная сума штрафаў за некалькі мінулых гадоў склала ўжо больш як дзесяць мільёнаў рублёў.

Паводле заканадаўства, суд мае права адлічваць толькі 20 адсоткаў з кожнага месячнага заробку, калі хоча прымусам спагнаць грошы з абвінавачанага. І паколькі на рахунку Аляксандра Салаўяна няма іншых грошай, апрача заробку, пералічанага будаўнічым трэстам № 9, судовыя выканаўцы мусілі пагадзіцца, што арышт на рахунак накладзены неправамоцна.

Апазыцыянэру яшчэ месяц таму паабяцалі, што судовая пастанова будзе зьмененая, аднак і на сёньня рахунак усё яшчэ застаецца арыштаваным.

Аляксандар Салаўян мусіў звольніцца з будаўнічага прадпрыемства , дзе ён працаваў цесьляром, зарабляючы штомесяц 300—400 тысяч рублёў. Бо інакш, згодна з судовым рашэньнем, ён мусіў бы бясплатна рабіць не адзін год, каб выплаціць усе штрафы, або проста памерці з голаду.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG