Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэвальвацыя: паліцы крамаў апусьцелі


Айчынныя тэлевізары ў першыя навагоднія дні скуплялі актыўна

Айчынныя тэлевізары ў першыя навагоднія дні скуплялі актыўна

За першыя тры дні новага году магілёўскія крамы, якія гандлююць бытавой тэхнікай, распрадалі болей за палову свайго тавару.


Прадаўцы зазначаюць, што раней на пачатку году такога ажыятажу не назіралася. Сёньня ж некаторыя з крамаў бытавой тэхнікі наагул былі зачыненыя на пераацэнку тавару. Загадчыца адной з адчыненых крамаў паведаміла, што атрымала тэлефанаграму ад свайго асноўнага пастаўшчыка з патрабаваньнем спыніць гандаль і пачаць таксама пераацэнку тавару.

Гэтая крама гандлюе айчыннымі тэлевізарамі “Віцязь”:

“Да новага году пра гэта ніхто гаворкі ня вёў. Сёньня ж тэлефанавалі й сказалі зачыняць краму й рабіць пераацэнку. Пасьпелі, вядома, шмат прадаць. Вы ж бачыце, у нас амаль пустая крама. Усё прадалі за два дні літаральна: за трэцяга й чацьвёртага студзеня. І потым ня толькі айчынныя нашыя тэлевізары, але й імпартныя. Чайнікі, напрыклад, — і там паліцы парадзелі”, — зазначыла загадчыца крамы.

У краме айчынных тэлевізараў на паліцах зрабілася значна вальней

Паводле яе, раней у першыя навагоднія дні гандаль быў ня надта бойкі. Сёлета ж такога ажыятажу ніхто не чакаў:

“Трэцяга й чацьвёртага студзеня — мы ж першага й другога не працавалі — ад людзей проста ламілася крама. Недзе так разы ў два было болей іх, чым у звычайныя дні”.

Людзі скуплялі ня толькі тэлевізары. У магілёўскіх унівэрмагах паведамілі, што за першыя тры дні новага году людзі раскупілі амаль усе пральныя машыны й лядоўні. У адной са спэцыялізаваных кампутарных крамаў сказалі, што попыт застаецца высокім на ўвесь асартымэнт аргтэхнікі.

Сёньня працавалі ня ўсе крамы бытавой тэхнікі. Некаторыя зь іх, згодна з абвесткамі, былі зачыненыя альбо на пераацэнку тавару — “пераўлік”, альбо “з тэхнічных прычынаў”.

Першы працоўны тыдзень новага году некаторыя крамы бытавой тэхнікі былі зачыненыя на “пераўлік”

Як удалося высьветліць, рост цэнаў на імпартную бытавую тэхніку ў Магілёве мае скласьці да трыццаці пяці працэнтаў.

У першыя тры дні новага году людзі скуплялі аргтэхніку

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG