Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улада ўшаноўвае ня тую БССР


Міхась Скобла
Міхась Скобла

Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 4 студзеня


У афіцыйнай беларускай гістарыяграфіі 1 студзеня 1919 году лічыцца днём заснаваньня Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. І ўлады, сыходзячы з гэтай даты, адзначылі 90-годзьдзе БССР. Аднак за сапраўдную дату нараджэньня савецкай Беларусі трэба лічыць зусім іншы дзень, калі быў апублікаваны Маніфэст часовага беларускага ўраду. Пэўныя акалічнасьці абвяшчэньня БССР – тэма гутаркі з гісторыкам Анатолем Сідарэвічам.

Міхась Скобла: “Спадар Анатоль, летась на старонках прэзыдэнцкай газэты “Беларусь сегодня” была навуковая дыскусія, прымеркаваная да 90-годзьдзя БНР. Сёлета да юбілею БССР кіраўнік краіны нават выпусьціў адмысловую адозву, агучаную на ўрачыстым сходзе. Чаму цяперашняя беларуская ўлада на 14 годзе свайго кіраваньня раптам пачала дэманстраваць цікавасьць і да БНР, і да БССР?”

Анатоль Сідарэвіч
Анатоль Сідарэвіч:
“Кожная ўлада хоча паказаць, што яна мае глыбокія карані, і такім чынам абгрунтаваць сваю легітымнасьць. Цяперашні кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка пачуваецца спадкаемцам Аляксандра Мясьнікяна і Вільгельма Кнорынга. Прынамсі, гэты Аляксандар Рыгоравіч не адчувае сябе спадкаемцам другога Аляксандра Рыгоравіча – Чарвякова”.

Скобла: “Абвяшчэньне БССР адбывалася ў драматычных умовах. Зь Беларусі сышлі немцы, прыйшлі палякі… А навошта бальшавікі ўвогуле пайшлі на стварэньне БССР? Ідэя ж гэтая зьявілася на сьвет у Маскве”.

Сідарэвіч: “Гэтая ідэя зьявілася спачатку ў галовах беларускіх сацыялістаў. Іншай палітычнай сілы ў той час у Беларусі не было. Будучы старшыня першага савецкага ўраду Беларусі Зьміцер Жылуновіч – сацыяліст, член ураду Аляксандар Чарвякоў – таксама сябра Беларускай сацыялістычнай грамады, яго паплечнік па ўрадзе Язэп Дыла быў старшынёй партыі. Калі Дыла перайшоў на бальшавіцкія пазыцыі, ягонае месца заняў яго намесьнік Аркадзь Смоліч. Так што, паўтаруся, ідэя гэтая высьпела ў галовах сацыялістаў”.

Скобла: “Але навошта бальшавікам спатрэбілася гэтую ідэю ажыцьцяўляць?”

Сідарэвіч: “Тут сышліся тры чыньнікі. Па-першае, ня спраўдзіліся спадзяваньні бальшавікоў на эўрапейскую пралетарскую рэвалюцыю. І перш за ўсё на рэвалюцыю ў Нямеччыне. 9 лістапада 1918 году сацыял-дэмакрат Філіп Шайдэман абвяшчае Германскую рэспубліку, але сацыяльнай рэвалюцыі на ўзор бальшавіцкае нямецкія сацыял-дэмакраты праводзіць і не падумалі. Тады ў Леніна ў галаве нараджаецца плян стварэньня буфэрных квазі-дзяржаваў паміж імпэрыялістычным Захадам і савецкай Расеяй. Спачатку ў гэтым пляне ёсьць Латвія, Літва, Украіна, але няма Беларусі. І тут спрацаваў другі фактар – наяўнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі, актыўная дзейнасьць яе Ўраду ў абароне нацыянальных інтарэсаў беларускага народу. Пачытайце тагачасныя ноты Антона Луцкевіча ўраду Польшчы, кіраўнікам Антанты. І трэці фактар – беларускія сэкцыі Расейскай камуністычнай партыі (бальшавікоў), якія ўзначальваюцца былымі сябрамі Беларускай сацыялістычнай грамады і якія хочуць беларускай савецкай дзяржаўнасьці. Вось гэтыя тры чыньнікі сходзяцца ў адным, і бальшавікі вырашаюць стварыць яшчэ адну буфэрную дзяржаву – беларускую. Хутка прымаецца адпаведная пастанова Цэнтральнага камітэту Расейскай камуністычнай партыі бальшавікоў”.

Скобла: “Калі меркаваць па дакумэнтах, то ці ня самым заўзятым прыхільнікам БССР быў Сталін. Ён слаў у Смаленск і Менск заклапочаныя тэлеграмы, мірыў Жылуновіча зь Мясьніковым. А як вам бачыцца роля Сталіна ў гэтым працэсе?”

Сідарэвіч: “Сталін на той час ня мог выступаць супраць Леніна. Наагул, тады ў бальшавіцкім кіраўніцтве існавалі два крылы: Ленін са Сталіным і Сьвярдлоў з Троцкім. Першае крыло выступала за тую ці іншую форму самавызначэньня народаў, а другое, гэтак званыя інтэрнацыяналісты, выступала рашуча супраць усялякага самавызначэньня. Яно дзейнічала ў духу Розы Люксэмбург, якая крытыкавала бальшавікоў за абвяшчэньне Ўкраінскай ССР”.

Скобла: “Першы савецкі ўрад Беларусі ачоліў Зьміцер Жылуновіч – пралетар і камуніст. Чаму ж ён, пакінуўшы Маскву з маніфэстам “Часовага Работніча-Сялянскага Савецкага Правіцяльства” (дакладная назва дакумэнту) гэтак хутка, яшчэ ў Смаленску, адбіваецца ад рук партыі і наклікае на сябе гнеў Масквы?”

Сідарэвіч: “Справа ў тым, што бальшавікамі Заходняй камуны былі парушаныя дамоўленасьці, дасягнутыя перад абвяшчэньнем Беларускай рэспублікі. Так, напрыклад, 6-ая канфэрэнцыя паўночна-заходняй арганізацыі Расейскай камуністычнай партыі была праведзеная пры адсутнасьці прадстаўнікоў беларускіх сэкцыяў РКП(б). Яны прыехалі на разбор шапак, і ў Цэнтральнае бюро Камуністычнай партыі Беларусі зь беларускіх сэкцыяў былі ўключаныя толькі два чалавекі, хоць прадугледжваўся парытэт. Гэтаксама прадугледжаўся партытэт і ў часовым савецкім урадзе Беларусі. Мясьнікян і Кнорынг пайшлі на парушэньне самавольна, вырашылі абхітрыць беларусаў. Тады, груба кажучы, Жылуновіч і ўдарыў у хамут. І маніфэст, зь якім ён прыехаў з Масквы, быў падпісаны, насуперак указаньню Масквы, ня 1 студзеня, а ўначы 2 студзеня. А ў друку гэты дакумэнт зьявіўся толькі 3 студзеня. Такім чынам, 1 студзеня як дзень узьнікненьня БССР – гэта фікцыя, прыдуманая дата. Далей – яшчэ адна фікцыя. Маніфэст быў падпісаны ня ў Менску, як паўсюль сьцьвярджалася, а ў Смаленску. Потым, яго падпісалі ня ўсе сябры часовага ўраду. Параўнайце гэты маніфэст з Актам 25 сакавіка 1918 году – там усе народныя сакратары падпісаліся, што прымаюць гэты акт да няўхільнага выкананьня”.

Скобла: “А тут чаму так адбылося?”

Сідарэвіч: “А таму што ўрад быў скіданы на скорую руку, і ўсіх сяброў проста не было ў Смаленску. Яны былі не абраныя, а прызначаныя, і знаходзіліся на момант падпісаньня ў розных геаграфічных кропках. У гэтым таксама адрозьненьне ад першага Ўраду БНР, які быў створаны ў Менску і фармаваўся Прэзыдыюмам Рады Ўсебеларускага зьезду, а не Масквою ці Варшаваю”.

Скобла: “Цікава, як рэагавалі на абвяшчэньне БССР дзеячы беларускага руху. Янка Купала – іранічна: “Мядовы месяц савецкай улады на Беларусі цягнуўся нядоўга”. Старшыня Рады Міністраў БНР Антон Луцкевіч пісаў пра “гатовасьць ехаць у Менск і працаваць разам з бальшавікамі”, а ягоны намесьнік Аркадзь Смоліч нават прапаноўваў скласьці паўнамоцтвы… Чаму да БССР было такое рознае стаўленьне сярод, па сутнасьці, аднадумцаў?”

Сідарэвіч: “Сацыяльная праграма бальшавікоў няшмат розьнілася ад сацыяльнай праграмы беларускіх сацыялістаў. Смоліч быў на сем гадоў маладзейшы за Луцкевіча і трохі за яго гарачэйшы. Таму пасьпешліва і выказваўся ў тым сэнсе, што трэба зачыняць “крамку” і працаваць разам з бальшавікамі. Луцкевіч быў асьцярожным палітыкам і давяраць бальшавікам так проста ня мог. У 1918 годзе ён правёў зь імі не адну таемную сустрэчу. Працытаваны вамі ягоны запіс зьявіўся на пачатку студзеня 1919 году, а 16 студзеня, калі бальшавікі адабралі ў Беларусі тры губэрні і загадалі савецкай Беларусі зьліцца з савецкай Літвою, Луцкевіч да гэтай падзеі паставіўся адназначна адмоўна. Ды і як можна было адносіцца да БССР, калі яна фактычна перастала існаваць? На пачатку лютага 1919 году зьбіраецца Першы зьезд саветаў Савецкай Беларусі – зноў жа, скіданы з правераных і давераных людзей – і прымае рашэньне аб ліквідацыі БССР! А менавіта – аб аб’яднаньні яе зь Літвою! Мала таго, гэтыя “выразьнікі народных інтарэсаў” ухваляюць маскоўскае рашэньне аб тым, што тры беларускія губэрні пераходзяць у склад Расеі. Вы можаце сабе такое ўявіць?”

Скобла: “Вось дык “выразьнікі”… Нягледзячы на тое, што савецкая Беларусь праіснавала больш за 70 гадоў, мы мала ведаем пра далейшыя лёсы наркамаў яе першага ўраду. Ну, хіба, жыцьцяпіс ягонага старшыні Зьмітра Жылуновіча вядомы. А ва ўрадзе было 19 наркамаў. Як склаліся іхнія лёсы?”

Сідарэвіч: “Па-першае, яны не называліся наркамамі. Народныя камісары ў Беларусі зьявіліся толькі пасьля Першага зьезду саветаў. Што да лёсаў сяброў першага савецкага ўраду Беларусі, то яны склаліся трагічна. Амаль усе яны загінулі ў бальшавіцкай мясарэзцы. Як вядома, Зьміцер Жылуновіч закончыў сваё жыцьцё ў Магілёўскай псыхбольніцы ў 1937-м. Бальшавікамі былі растраляныя камісар у пытаньнях земляробства Аляксандар Андрэеў, камісар харчаваньня Майсей Калмановіч, старшыня дзяржаўнай камісіі ў справах палонных і бежанцаў Рыгор Найдзянкоў, старшыня Саўнаргасу Рычард Пікель, камісар фінансаў Ісаак Рэйнгальд, камісар замежных справаў Усевалад Фальскі, камісар па сацыяльным забесьпячэньні Зьмітро Чарнушэвіч, камісар у нацыянальных справах Фабіян Шантыр, старшыня ЧК Беларусі Віктар Яркін. Колішні сябра ўраду ў справах асьветы Аляксандар Чарвякоў у 1937 годзе на 16 зьездзе КП(б)Б застрэліўся сам. А былы камісар у ваенных справах Мясьнікоў загінуў загадкава – у авіякатастрофе пад Тыфлісам. Але ёсьць падазрэньні, што гэтую катастрофу яму падстроілі, як і апэрацыю Міхаілу Фрунзэ… Бясьсьледна зьнік камісар юстыцыі Аляксандар Квачанюк. Чалавек з авантурным мінулым, абвешчаны потым у крымінальны вышук, ён быў нібыта арыштаваны, але аніякіх дакумэнтаў пра яго арышт ці суд над ім не захавалася. Выжыў і дажыў да глыбокай старасьці адзін Язэп Дыла, які кіраваў камісарыятам працы. Ён жыў у Саратаве, куды быў высланы, і мой школьны настаўнік, слуцкі краязнавец Рыгор Родчанка ліставаўся зь ім”.

Скобла: “Пэрыяд існаваньня БССР неадназначна ацэньваецца сучаснымі гісторыкамі. З аднаго боку, некаторыя лічаць савецкую эпоху часам найбольшай русіфікацыі і г.д. З другога – чытаем у нядаўняй адозве Аляксандра Лукашэнкі: “Абвяшчэньне БССР дазволіла кансалідаваць нацыю, разьвіваць сваю самабытную культуру”. А на ваш погляд, дзе больш рацыі?”

Сідарэвіч: “Калі бальшавікі прынялі рашэньне забраць у Беларусі тры губэрні, а рэшткі яе зьліць зь Літоўскай рэспублікай, самымі вялікімі абаронцамі БССР выступілі якраз Мясьнікян і Кнорынг. Чаму? Яны ж спачатку былі супраць абвяшчэньня савецкай Беларусі. Але, аказалася, што, захаваўшы старыя імпэрскія парадкі і расейскую мову ў справаводзтве, школе, друку, можна кіраваць гэтай рэспублікай! І ў гэтым сэнсе цяперашнія беларускія ўладары – духоўныя дзеці Мясьнікяна і Кнорынга. Беларуская нацыя была кансалідаваная другою БССР, ля вытокаў якое стаялі Аляксандар Чарвякоў, Усевалад Ігнатоўскі, Язэп Адамовіч. Менавіта ў другой БССР, абвешчанай 31 ліпеня 1920 году, пачынаецца і беларусізацыя, і вяртаньне ў склад БССР страчаных усходніх земляў, і ўсе лепшыя дасягненьні беларускай культуры і гаспадаркі. Таму ня трэба кіраўнікам РБ блытаць першую БССР, якая памерла ў канцы лютага 1919 году, з другой БССР. У іх розныя вытокі і розная гісторыя. І я глыбока сумняваюся, што Аляксандар Рыгоравіч Чарвякоў змог бы дамовіцца ў дзяржаватворчых, палітычных і эканамічных пытаньнях з Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам”.


  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG