Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэвальвацыя беларускага рубля, сьвяткаваньне Калядаў і Новага году, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Нацыянальны банк Беларусі на 20% дэвальваваў беларускі рубель. Гэта адна з асноўных тэмаў, якую абмяркоўваюць слухачы “Свабоды”:

Спадарыня: “Спадар Пракаповіч, тэрмінова набывайце паранджу, каб не было так сорамна глядзець у вочы беларусам за абвал рубля. Шаноўны, пасьпяшайцеся вызваліць брычку”.

Спадарыня: “Я ні да кога так не зьвяртаюся, як да нашага прэзыдэнта. Лукашэнка нават ня даў народу адсьвяткаваць Новы год, падняў цэны на газ і на іншую прадукцыю”.

Спадар: “Атрымаў пэнсію за студзень 2009 году. Калі параўнаў з пэнсіяй 2007 году ў далярах, то за ноч з 1 на 2 студзеня ўсе дабаўкі ўлады за два гады як карова языком зьлізала”.

Міхал, Менск:
“Рубель наш мігам, хутка згас,
Цяжэй сталі даляры.
Інфляцыя штогод у нас
Заўзята гаспадарыць”.

Спадар: “Кажучы мовай боксу, дзяржава нанесла грамадзтву вельмі магутны апэркот пад дых. А наступным крокам будзе вельмі балючы хук — падняцьце коштаў на паліва”.

Спадар:
“Беларусу яшчэ ня раз дэвальвацыя парве нэрвы,
Пакуль зраўняецца курс рубля, даляра і эўра”.

Спадар: “Зараз зразумела, чаму была ўведзеная крымінальная адказнасьць нават за гаворкі пра эканамічны крызіс. Гэтак да апошняга моманту захоўваўся ў таямніцы ад народу гэткі непрыемны падарунак да Новага году”.

Мікалай Іванавіч: “Мне 76 год, я цяжка хворы. Неяк сабраў 1 мільён 200 тысяч беларускіх рублёў на пахаваньне. Прашу вас зьвязацца з прафэсарам Багданкевічам, гэта для мяне вялікі аўтарытэт. Мяне цікавяць пытаньні: ці можа пасьля навагодняга абвалу беларускага рубля паўтарыцца абвал у бліжэйшыя месяцы? Што рабіць? Мае грошы на пахаваньне прападуць?”

Адказвае Станіслаў Багданкевіч:

“Я думаю, што бліжэйшым часам дэвальвацыі не павінна быць. Бо павінны паступіць крэдыты з МВФ і Расеі. Дэвальвацыя можа працягвацца, але не абавязкова яна будзе неадкладнай. Таму па выніках першага кварталу трэба сачыць, як будуць разьвівацца падзеі”.

Слухачы таксама працягваюць віншаваць і выказвацца з нагоды сьвяткаваньня Калядаў і Новага году:

Жанна Цыркунова: “Віншую. Няхай ніколі не згасае вашае натхненьне, зацікаўленасьць і шчырасьць. Посьпехаў”.

Спадар: “Хацелася б пажадаць, каб у новым годзе на беларускім радыё і тэлебачаньні было менш пахвальбы і хлусьні пра нашы эканамічныя посьпехі і дасягненьні, таму што яны менш чым сьціплыя ў сялян і пэнсіянэраў”.

Працягваем праграму наступнымі выказваньнямі:

Спадар: “Лукашэнка займаецца самадурствам: гуляе ў хакей з аматарамі, але не тлумачыць людзям, за якія грошы”.

Спадар: “Малайчына Лукашэнка, што падзяліў людзей: адным пэнсію даў паўтара мільёна рублёў, а рабочым чатырыста тысяч. Ён ня любіць рабочых увогуле. І ў хакей гуляе. А хто супраць — у турму пойдзе. Вось ягоная задача”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG