Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не пасьпелі скончыцца працяглыя навагоднія выходныя, як праз два дні – чарговае сьвята. Адно з самых галоўных для праваслаўных – сьвята Божага нараджэньня, Раство Хрыстова, Каляды.

Працаўнікі бюджэтнай сфэры, тыя, каго не адправілі ў вымушаныя калядныя адпачынкі, выходзяць сёньня на працу. Праўда, гэтым разам беларусы, агаломшаныя чарговым фінансавым сюрпрызам уладаў у выглядзе дэвальвацыі рубля, вымушаныя былі вельмі хутка працьверазець. І ў гэтай пасьлясьвяточнай крызыснай мітусьні многія (асабліва гараджане) забыліся, што набліжаюцца Каляды.

Як рыхтавацца да сьвята, раіць праваслаўны сьвятар, архімандрыт Аляксей Шынкевіч:

“Па-першае, кожны з нас падводзіць вынікі таго, як ён уласна сустракае гэты найсьвяцейшы дзень у жыцьці кожнага хрысьціяніна. Перш за ўсё, ён павінен паглядзець на сябе, як ён пражыў гэтыя 40 дзён каляднага посту, які вынік яго духоўнага жыцьця, што добрага ён зрабіў людзям, ці нарадзіўся ў яго сэрцы Хрыстос. Вынік павінен быць духоўны. Я сёньня якраз казаў пропаведзь перад прыхаджанамі Катэдральнага сабору, дзе засяродзіў увагу на тым, што менавіта ў дзень нараджэньня Хрыста мы ўзгадваем сваё нараджэньне ў сьвет, якая мэта нашага жыцьця, які сэнс, што мы робім для сябе, для людзей, для гэтага сьвету? Першае і самае галоўнае – гэта духоўная падрыхтоўка”.

Фальклярысты, знаўцы народных традыцыяў кажуць тое самае. Этнакультуроляг Антаніна Хатэнка перакананая:

“Храм, канечне, малітвы. Чым болей часу чалавек праводзіць у храме гэтымі днямі перадкаляднымі, тым больш ён сабе намольвае на цэлы год. І ўся перадкалядная пара, асабліва апошнія дні – самая дамінанта гэтых ачышчальных думак, ачышчальных прац. Як на фізычным, матэрыяльным узроўні – гэта значыць ачышчэньне ўсёй прасторы, дзе ты жывеш, так і на ўзроўні вельмі тонкім, духовым. Вось гэта асноўная лёгіка перадкаляднае пары, перадкалядных дзён”.
XS
SM
MD
LG