Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крадзеж праз злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі, злоўжываньне ўладай, службовы падлог ды хабарніцтва – самыя распаўсюджаныя карупцыйныя злачынствы на Магілёўшчыне ў 2008 годзе.

Усяго, паводле афіцыйнай інфармацыі, летась такіх злачынстваў было зафіксавана больш за 330. Гэта болей чым у 2007 годзе. Афіцыйныя крыніцы адзначаюць, што сярэдні памер хабару таксама вырас з шасьцісот даляраў да адной тысячы пяцісот даляраў. Наагул жа ўзровень злачыннасьці ў 2008 годзе на Магілёўшчыне быў вышэй чым у сярэднім па Беларусі.

Паводле ўсё той жа афіцыйнай інфармацыі карупцыйнымі злачынствамі дзяржаве нанесеныя страты ў памеры пяці мільярдаў рублёў. З іх вернутыя толькі дзевяцьсот мільёнаў.

“Злачынствы з элемэнтамі карупцыі практычна выяўленыя ўва ўсіх галінах нашай эканомікі. Найбольшая колькасьць была зарэгістраваная ў вытворчай сфэры – 88 злачынстваў, у гандлёвай – шэсьцьдзесят сем і сельскай гаспадарцы – 61. У будаўніцтве – 24”, – паведаміла супрацоўніца ўправы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Магілёўскага аблвыканкаму.

У рэгіёне адзначаецца ня толькі рост карупцыйных злачынстваў, але й сярэдняга памеру хабару. Паводле афіцыйнай інфармацыі, за год ён вырас больш як удвая: з 600 даляраў да 1500.

31 сьнежня ў Магілёве Аляксандар Лукашэнка выказваў незадавальненьне выкрыцьцём у вобласьці карупцыйных злачынстваў.

“Гэта дае магчымасьць чыноўнікам утойваць грашовыя сродкі і іншыя матэрыяльныя каштоўнасьці, здабытыя злачынным шляхам, або легалізоўваць іх”, – цытуюць Лукашэнку афіцыйныя крыніцы.

Паводле Лукашэнкі, супрацоўнікі праваахоўных органаў рэгіёну зрастаюцца са злачынным асяродзьдзем і пакрываюць падпольны бізнэс.

У афіцыйных паведамленьнях, аднак, акрамя колькасьці карупцыйных злачынстваў (іх у 2008 годзе выявілі больш за 330) і канстатацыі факту іх росту не называюцца прычыны, якія прывялі да такой сытуацыі.

Па дапамогу ў вызначэньні гэтых прычынаў я зьвярнуўся да жыхароў Магілёву.

Спадар: “Павінна быць галоснасьць. Каб сродкі масавай інфармацыі маглі спакойна назваць вось гэтага грамадзяніна “N”, што ён карупцыянэр, хабарнік. І каб пасьля гэтага сродкі масавай інфармацыі ня мелі адміністрацыйнага ціску”.

Спадар: “Карупцыя ад таго, што ўсе атрымліваюць мізэрны заробак. Клерк, які працуе, пакуль яму не дасі, нічога ня зробіць. Яму гэты хабар, ён столькі за год не заробіць, толькі за адзін подпіс”.

Спадар: “Службаў шмат. Усе “харчуюцца” самі. Усе штрафы даюць як належыць. Ім карміцца трэба, а дзяржаве грошы патрэбныя. Вось і ўсё”.

Апазыцыйны палітык Рыгор Кастусёў таксама выказаў сваё меркаваньне адносна карупцыі на Магілёўшчыне. Ён лічыць, што сёньняшняя сыстэма рэгіянальнай улады без карупцыі існаваць папросту ня можа:

“Вялікая колькасьць людзей, якія займаюць пасады на вышэйшым узроўні нашай краіны, у тым ліку й прэзыдэнт, зьяўляюцца прадстаўнікамі Магілёўшчыны. А людзі, якія займаюць высокія пасады ў вобласьці, маюць падтрымку на вышэйшым узроўні і пачынаюць больш нахабна дзейнічаць – цьвёрда і сьмела – усьведамляючы, што ім за гэта нічога ня будзе. Калі яны нават недзе й спатыкнуліся, без каманды зьверху крымінальнай справы супраць іх не пачынаюць”, – зазначае Рыгор Кастусёў.

Беларусь, паводле штогадовай справаздачы аб узроўні карупцыі ў краінах сьвету міжнароднага Цэнтру антыкарупцыйных дасьледаваньняў і ініцыятываў Transparency International, у 2008 годзе займала 150 месца. Для параўнаньня: Расея на 147 месцы, а Ўкраіна на 134. Сярод краінаў постсавецкай прасторы найменшы ўзровень карупцыі ў 2008 годзе адзначаны ў Літве, яна на 58 месцы. Ад 1998 да 2002 гадоў Беларусь знаходзілася сярод 50 краінаў сьвету з найменшай карупцыяй у сьвеце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG