Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На Віцебшчыне колькасьць старых павялічылася ўтрая


5 студзеня – Дзень работнікаў сацыяльнай абароны. Калі адлічваць гісторыю гэтай галіны з 5 студзеня 1919 году, калі быў створаны беларускі Камісарыят сацыяльнага забесьпячэньня, то сёлета служба сацыяльнай абароны мае адсьвяткаваць 90-я ўгодкі. І тэндэнцыя да павелічэньня колькасьці састарэлых людзей у Беларусі вядзе да таго, што работнікі гэтай галіны становяцца ўсё больш запатрабаванымі.

На Віцебшчыне за апошнія гады колькасьць людзей, старэйшых за 75 год, павялічылася ў 3 разы. Сёньня гэта амаль 262 тысячы чалавек, або пятая частка насельніцтва вобласьці. Прыкладна 130 тысяч асобаў сталага веку – гэта людзі, якія па волі лёсу засталіся на старасьці год адны, і зь іх больш за 12 тысяч маюць патрэбу ў штодзённым доглядзе.

У Віцебскай вобласьці працуюць 27 рэгіянальных цэнтраў сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва, і работнікі гэтай службы ёсьць самымі чаканымі гасьцямі ў кватэрах ды хатах адзінокіх старых людзей. Таму нават у сёньняшняе прафэсійнае сьвята сацыяльны работнік Юлія Бука, якая жыве ў вёсцы Валодзькава Глыбоцкага раёну, сядае на ровар ды па сьнезе й галалёдзе сьпяшаецца да сваіх падапечных:

“Маіх бабулек я наведваю два разы на тыдзень, дома яны ці ў шпіталі – гэта мой такі абавязак. Трэба прынесьці вады, набыць прадукты ў краме, сачыць, каб было паліва, дровы ці брыкет. Калі я раблю нейкія дадатковыя паслугі – да прыкладу, памыць вокны ці падлогу перад сьвятам, ці нешта такое, дык ёсьць расцэнкі на такія платныя паслугі, і за іх плацяць асобна, акрамя таго, што плацяць за абслугоўваньне 7 тысяч 910 рублёў у месяц”, – распавядае Юлія Бука.

Спадарыня Юлія нездарма кажа “мае бабулькі”: за 8 год працы ў якасьці сацыяльнага работніка пад ейным наглядам быў усяго адзін стары. Паводле ейных назіраньняў, мужчыны рэдка дажываюць да сталага ўзросту, бо тут сваю адмоўную ролю адыгрывае распаўсюджанае сярод вяскоўцаў п’янства. А ў жанчын на першым месцы іншы клопат – пра дзяцей. Найчасьцей дзеці жывуць далёка і ня могуць даглядаць нямоглых бацькоў, а бывае, што блізка – але ўсё адно не даглядаюць. У такім выпадку, тлумачыць Юлія Бука, плата за сацыяльнае абслугоўваньне вышэйшая і складае 25 тысяч рублёў, аднак бабулі не крыўдуюць і дужа радуюцца, калі дзецям удаецца перабрацца ў райцэнтар ці ў горад.

Самі ж пераяжджаць да дзяцей яны ня хочуць. І ўжо зусім баяцца трапіць калі-небудзь у інтэрнат для састарэлых. Адзін з 15-ці наяўных на Віцебшчыне такіх інтэрнатаў ёсьць і ў Глыбоцкім раёне, але для “бабулек” Юліі Букі найдаражэйшая родная хатка:
“Я ніводнай бабулькі ня бачыла, якая б сказала: “Хачу ў інтэрнат”. Ня дай Бог пакінуць сваю хату! Нават тыя, што зьезьдзілі й пажылі ў сваіх дзяцей, вяртаюцца і кажуць: “Крый Божа, што б ні здарылася, а паміраць я буду ў сваёй хаце!”

У такой тыповай сытуацыі, калі старыя хочуць дажываць свой век у родных сьценах, але ўжо ня могуць справіцца з хатняй працай, функцыі сацыяльных работнікаў набываюць выключнае значэньне. Таму, на думку спадарыні Юліі, іхную працу трэба было б рэфармаваць: да прыкладу, перагледзець сыстэму фармаваньня заробкаў, якія цяпер наўпрост залежаць ад колькасьці падапечных:
“Хлеба прынесьці сумку – гэта ня самая вялікая праца. Мае бабулі кажуць: “Ты з намі пасядзі і пагавары!” Ёй трэба ведаць навіны, абмеркаваць плёткі сьвежыя, бо да адзінокай бабулі ніхто ж не прыходзіць. І да суседкі схадзіць не заўжды здароўе дазваляе. А я ня маю мажлівасьці і працаваць – брыкет той перанесьці ці дровы пасекчы – ды пасядзець і яе паслухаць”.

Спадарыня Юлія ўсё ж стараецца выкраіць хаця б трохі часу, каб пагаварыць са сваімі “бабулькамі”. І яны імкнуцца запісацца на сацыяльнае абслугоўваньне менавіта да яе, бо яна ўмее і зьмерыць ціск, і паглядзець, ці не захварэла кароўка, бо мае вэтэрынарную адукацыю, і не пашкадуе, каб апрацаваць гарод на ўласным кані. Цяпер яшчэ вучыцца на курсах кіроўцаў, каб мець мажлівасьць адвезьці “бабулек” да доктара ці па яшчэ якой пільнай справе. Машыну давядзецца выкарыстоўваць для гэтага таксама сваю, бо службовага аўто сацыяльнаму работніку не даюць, хаця колькасьць нямоглых людзей, якім патрэбная дапамога, з кожным годам расьце. На вёсцы ў сацыяльнага работніка есьць адно што ровар, на якім трэба сьпяшацца да старых і нямоглых людзей у любое надвор’е.
XS
SM
MD
LG