Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскіх абменьніках чэргі — людзі пераважна здаюць валюту. Асноўная навіна, якая абмяркоўваецца, — абвал беларускага рубля.

Каля абменьніку Белінвэстбанку ва ўнівэрсаме “Талін” — пэрманэнтная чарга зь некалькіх дзясяткаў чалавек. Людзі пераважна здаюць невялікія сумы даляраў, аднак некаторыя й купляюць. На пытаньне, ці ёсьць валюта ў абменьніку на продаж, касірка адказала — “пакуль ёсьць”. Кліенты абменьніку дзеляцца навіной па тэлефоне са знаёмымі, а некаторыя грамадзяне падыходзяць, каб пераканацца, ці сапраўды абваліўся рубель. Адна жанчына перапісвала лічбы ў нататнік — даляр куплялі па 2630 рублёў, а прадавалі па 2700. Як яна ставіцца да абвалу?

Спадарыня: “Інфляцыя, напэўна, будзе, цэны будуць расьці.Я ведала, што калідор 2200 устаноўлены Нацбанкам да новага года. Але што такое будзе пасьля новага года, канечне, не чакала. Ніколі ўраду наагул ня верыла”.

Карэспандэнт: “А што вы будзеце рабіць у гэтай сытуацыі?”

“Выжываць. Будзем старацца меней есьці, эканоміць, купляць усё таннае. Не купляць мяса, рыбу”.

Мужчына пабачыў лічбы і вельмі абурыўся, ужываючы нецэнзурныя словы.

Спадар: “Для мяне гэта была поўная нечаканасьць. Я даведаўся гадзіну таму, пайшоў спэцыяльна праверыў. На 30% нас ашукала дзяржава. Хаця прэзыдэнт заяўляў выразна і ясна ў інтэрвію кіраўнікам мэдыяў, што абвалу ня будзе. Паніжэньне даляру будзе цягам году ў памеры 10%. Я сам чуў сваімі вушамі. Як верыць зараз кіраўніцтву краіны? У мяне больш няма слоў”.

Карэспандэнт: “Што будзеце рабіць у гэтай сытуацыі?”

“Вешацца буду. Я займаюся бізнэсам і цяпер у поўнай катастрофе. Нават на Ўкраіне не было такога абвалу”.

Адна жанчына супакойвала сябе, што ўсё нармальна:

Спадарыня: “Бо нашы цэны не адпавядалі курсу даляра і эўра. Канечне, хто ведаў, той на гэтым зарабіў добрыя грошы. А простаму чалавеку — ён стаў яшчэ бядней”.

Карэспандэнт: “А для вас гэта была нечаканасьць?”

“Мы меркавалі, што так можа быць. Мы прывыклі да ўсяго.

Карэспандэнт: “Але ж вы прыбеглі, у абменьнік сталі...”

“Калі я атрымоўвала свой заробак і пэнсію, я старалася купіць даляры ці эўра. А цяпер у мяне няма на руках беларускіх. Таму я цяпер прыйшла, каб здаць 20 даляраў, каб нешта паесьці і адвезьці маці старэнькай у вёску”.

Падыходзяць новыя людзі, займаюць чаргу. Іх меркаваньні:

Спадар: “Гэта ўсё зроблена штучна. Людзі, у якіх ёсьць грошы, яны скупілі даляры. Цяпер паднялі курс, яны іх скінуць. А потым, можа, і курс упадзе”.

Спадар: “Нічога добрага. Я так разумею, што пакупніцкая здольнасьць упадзе працэнтаў на 25—30. Думаю, гэта закране ўсе сэгмэнты нашага жыцьця. Ведаеце, наша жыцьцё па вызначэньні крызіс. Як мы пражылі пры савецкай уладзе, потым усе гэтыя перамены... Працягнецца тое ж жыцьцё, якое было, у галечы”.

Карэспандэнт: “Чаму на пачатку году так абвалілі курс?”

“Бо эканоміка ўжо крактала, ледзь дыхала. Трэба было хуценька выручаць. А плянавыя ўсе паказчыкі павінны выконвацца. Таму першае чысло — гэта мяжа, статсправаздачнасьць. Таму пасьля 1-га натуральна ўсё гэта. Незвычайнага нічога няма, гэта ўсё прагназавана”.

Адзін грамадзянін кажа, што ўлады абралі вельмі выгодны дзень для абвалу рубля.

Спадар: “Момант выбралі, калі людзі, бальшыня, выпіўшы. За курсам даляра ня сочаць. Раз – як сьнег на галаву, і ўсё. Усыпілі пільнасьць за кошт сьвятаў. Менавіта ў сьвяты, калі людзі гуляюць. Я, да прыкладу, купляю апазыцыйныя газэты. 31-га яны павінны быць, але іх не было. Гэта спэцыяльна, каб людзей не папярэдзілі. Прытрымалі апазыцыйныя газэты”.

У цэнтры Менску ў некаторых абменьніках наагул не было кліентаў, некаторыя пункты абмену стаялі зачыненыя. А, да прыкладу, у абменьніках у ГУМе былі чэргі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG