Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вялікі падарунак зрабіў Лукашэнка простым беларусам”


Дэвальвацыя беларускага рубля, будаўніцтва атамнай электрастанцыі, сьвяткаваньне Калядаў і Новага году, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Нацыянальны банк Беларусі на 20% зьнізіў курс беларускага рубля. Так, на 2 студзеня афіцыйны курс даляра ўсталяваны на ўзроўні 2650 рублёў, эўра — 3703 беларускіх рублёў. Выказваньні слухачоў на гэтую тэму:

Спадар: “Пачуў навагодні зварот прэзыдэнта нашай краіны — ну, а сёньня пайшлі для грамадзян добрыя падарункі. Даляр каштуе 2650 беларускіх рублёў. Уяўляю хвалю абурэньня тых людзей, якія бралі валютныя крэдыты. Трэба ж вяртаць гэта ўсё ў далярах і ў эўра. Гэта толькі пачатак крызісу ў новым годзе. Гэта адаб’ецца на ўсіх нас”.

Спадар: “Вялікі падарунак зрабіў Лукашэнка простым беларусам да Новага году. На дваццаць адсоткаў патаньнеў беларускі рубель. Дзякуем Бацьку, які некалькі дзён таму запрашаў атрымліваць банкаўскі працэнт ад укладаў ажно 14 працэнтаў гадавых. Каб беларусы ня кінуліся разьбіраць усе свае грошы ў банках, ашчадныя касы на некалькі дзён зачынены. Дзякуй вялікі!”

“Віншую радыё Свабода з Калядамі і Новым годам! Усяго добрага і плённай працы” — СМС такога зьместу даслаў наш слухач Адам з Валожынскага раёну. Віншавальныя СМС-допісы даслалі таксама Аляксандар, беларусы Прагі і іншыя слухачы. Віншаваньні і выказваньні з нагоды Новага году і ў наступных тэлефанаваньнях:

Спадар:
“Новы год сустракае беларускі народ.
Дзякуй Богу, скажа кожны,
Можа, і надалей яму Бог дапаможа.
Толькі пытаньне: пры якой уладзе ён жыве?
Нам не патрэбныя саюзы.
Каб жыць — будзем толькі дружыць.
Узор: У Швэцыі, Нарвэгіі, Швайцарыі
Няма ніякіх саюзаў,
Але людзі там жывуць добра, без аніякіх канфузаў.
Навошта саюз? Казаў беларус.

Спадар: “Мы ўваходзім у новы год, як падарожнік у невядомую краіну. Мы ня ведаем, што ён прынясе нам — радасьць ці цярпеньне. І якімі беднымі мы былі б, каб увайшлі ў Новы год бязь імені Ісуса. Гэта азначала б — ісьці насустрач змрочнай безнадзейнай будучыні. І наколькі мы зараз багатыя празь імя Ісуса”.

Анатоль Курчук: “Я рады, што вы ёсьць у нашым царстве-гаспадарстве, як прамень сьвятла. Я вас люблю і жадаю вам у новым годзе ўдачы, дабрабыту і ўсяго найлепшага. Здароўя вам усім, супрацоўнікам Радыё Свабода”.

Тацьцяна Барэль, Асіповічы: “Хачу павіншаваць усіх ад шчырага сэрца з новым 2009 годам. Хачу пажадаць здароўя і каб Свабода не далёкая, не замежная, а была свая, дома і ва ўсіх. Каб усё зьдзяйсьнялася і ніхто нам у гэтым не замінаў”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG