Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі прафэсар Станіслаў Багданкевіч лічыць рэзкае зьмяненьне афіцыйнага курсу беларускага рубля адлюстраваньнем дрэннага стану беларускай эканомікі. Пра гэта ён заявіў у экслюзіўным інтэрвію “Свабодзе”:


“Я ўвесь час кажу, што ў нашай краіне няма грашовага, фінансавага крызісу, а ёсьць крызіс у эканоміцы. Ён найперш праяўляецца ў велізарным адмоўным гандлёвым дэфіцыце. У Эўропе ня знойдзеш яшчэ адной краіны з 10-мільённым насельніцтвам, у якой імпарт так бы перавышаў экспарт. І другая праява нягодных спраў у эканоміцы – вялікая інфляцыя”.

Спадар Багданкевіч сказаў таксама. што ён ужо даўно прагназаваў падзеньне нацыянальнай беларускай валюты:

“Але я не чакаў, што нашы ўлады будуць так падманваць свой народ. Я чамусьці лічыў, што яны паводзяць сябе з народам больш талерантна. Толькі што заяўлялі, што будзе стабільны курс, што ваганьні не перавысяць 5% у новым годзе. Гэта я казаў, што рост будзе на 20% з гакам цягам году. Таму я і не чакаў, і не прадбачыў, што яны абваляць курс адразу на 20%. Курс трэба было паступова зьніжаць яшчэ з пачатку 2008 году. Але вось гэта вялікае зьніжэньне – гэта адлюстраваньне спраў у эканоміцы”.

Прафэсар Багданкевіч кажа, што гэта мера не выратоўвае беларускую эканоміку:

“Мой пункт гледжаньня такі: грошы заўжды неўтральныя. А пытаньні ў самой эканоміцы”.

Дык чаго можна чакаць бліжэйшым часам, цікаўлюся ў былога кіраўніка Нацбанку:

“Фармальна заробкі ў даляравым эквіваленце рэзка скароцяцца на 20%. А вось цэны будуць працягваць расьці. Гэта будзе адбывацца не адразу, а паступова. Але абавязкова будзе, бо ў беларускай валюце ўзрастаюць сыравіна, матэрыялы, камплектуючыя, сыравіна, энэрганосьбіты, увесь імпарт. Таму гэта прывядзе да пэўнага зьніжэньня ўзроўню жыцьця, найперш тых, хто атрымлівае фіксаваныя заробкі, пэнсіі, стыпэндыі.

Нічога добрага ў гэтым няма. Але гэта не ёсьць вынік фінансавага крызісу, як гэта многія цяпер паўтараюць. У нас няма фінансавага крызісу. У нас крызіс з-за таго, што мы ня можам прадаць неканкурэнтную прадукцыю і з-за таго, што мы жывем не па сродках ”.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG