Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальны банк Беларусі ўсталяваў афіцыйны курс даляра ЗША на 2 студзеня на ўзроўні 2650 рублёў, эўра – 3703 бел.руб, расейскага рубля - 90,16 бел.руб. Пра гэта БелТА паведамілі ва ўпраўленьні інфармацыі Нацбанку.


З 2 студзеня 2009 году Нацбанк пераходзіць да выкарыстаньня мэханізму прывязкі курсу беларускага рубля да кошыка замежных валютаў. У склад кошыка ўключаныя даляр ЗША, эўра і расейскі рубель з роўнымі долямі гэтых валютаў у кошыку.

З 8 студзеня 2009 году Нацбанк падвышае стаўку рэфінансаваньня да 14% гадавых адразу на два пункты. Стаўка рэфінансаваньня на канец 2008 году прагназавалася ў межах 7-9% гадавых пры ўмове інфляцыі 6-8%. За 11 месяцаў 2008 году інфляцыя ў Беларусі склала 12%. Стаўка рэфінансаваньня бярэцца банкамі за аснову пры вызначэньні працэнтаў, пад якія выдаюцца крэдыты.

Нагадаем, што правядзеньне дэвальвацыі валюты на 20% нібыта было адным з патрабававаньняў МВФ для выдачы Беларусі стабілізацыйнага крэдыту.

31 сьнежня 2008 году стала вядома, што Місія Міжнароднага валютнага фонду й урад Беларусі дасягнулі пагадненьня пра эканамічную праграму тэрмінам на 15 месяцаў, у рамках якой Беларусі будзе вылучаны стабілізацыйны крэдыт у памеры каля 2,5 мілярда даляраў.

***

Наш карэспандэнт Віталь Цыганкоў наведаў 1 студзеня адзін з кругласуткавых абменных пунктаў у Менску. Там сабралася чарга каля 30 чалавек, якія чакалі, што хто-небудзь будзе здаваць даляры па старым абменным курсе (2220 рублёў – пакупка, 2245 рублёў продаж). Але на працягу 20 хвілін людзі толькі падыходзілі пацікавіцца абменным курсам. У 00.00 гадзін супрацоўніца кругласуткавага абменнага пункту вывесіла новы курс даляра: 2400 рублёў - пакупка, 2700 рублёў - продаж. Убачыўшы новыя курсы, людзі разышліся, разумеючы, што больш валюты па старым курсе ня будзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG