Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пакуль Лукашэнка будзе прэзыдэнтам, настане поўны крызіс”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за сераду 31 сьнежня.

Слухачы абмяркоўваюць міжнародны фінансавы крызіс і ягоны ўплыў на эканамічнае становішча ў Беларусі:

Спадар: “Я слухаю, і ўсё нехта гаворыць пра крызіс, у нас у Беларусі. Пакуль Лукашэнка будзе прэзыдэнтам Беларусі, настане поўны крызіс. Гэта непазьбежна. І надакучыла слухаць лукашэнкаўскія казкі, хлусьню. А слухачы ягоныя, лукашысты, яго падтрымліваюць. Нідзе няма, у іншых рэспубліках крызісу, горшага за наш. Вымерлі ўсе вёскі, пэнсіянэры паміраюць. Пра што тут і гаварыць, няёмка і глядзець на яго”.

Павал Давыдзенка, мястэчка Парычы
: “Шаноўная „Свабода“! Я хачу вам сказаць пра лукашэнкаўскі дабрабыт. Я інвалід другой групы, сёньня атрымаў пэнсію; і чыноўнікі ў параўнаньні з пазамінулым месяцам, бюракраты гэтыя, у мяне скралі тры тысячы рублёў. Гэта лукашэнкаўскі дабрабыт, гаваруны, брахуны вось з такімі жыватамі!”

Знайшло водгук у слухачоў і аб’яўленьне наступнага году — годам роднай зямлі:

Спадарыня: “Аляксандар Рыгоравіч толькі абвяшчае наступны год годам роднай зямлі, а наша гарадзкая міліцыя ўжо выконвае загад. На бампэры машын зьявіліся побач са службовымі нумарамі словы амаль Каліноўкага “Люблю цябе, Беларусь”.

Спадар: “Вось пачуў, што наш Рыгоравіч наступны год аб’яўляе годам зямлі. Яшчэ Ленін меркаваў выраўняць адрозьненьне паміж горадам і вёскай. Вось і лічу, практычна вёска ўжо сьцёртая. Раней трэ было гэты год абвяшчаць, у годзе гэтак дзевяноста другім, калі людзі бралі гэтую зямлю. А я прапаную слухачам іншае: “Кінь паліць і кінь сваё лецішча, аддай гэтую зямлю дзяржаве. Я спальваю 400 тысяч на цыгарэты. На 400 тысяч можна купіць і бульбы і буракоў. Так што кідайце паліць, грамадзяне. Гэты год быў годам здароўя, вось сумясьціце год здароўя і год зямлі”.

Спадар: “Рэжым абвясьціў 2009 год годам роднай зямлі. Гэтая яго акцыя — стрэл у малако. Не пра зямлю трэба казаць — зямля ў нас якраз ёсьць, казаць трэба пра родную мову, бо з мовай нашай кепска, яна гіне. Калі сытуацыя зь ёй яшчэ больш пагоршыцца, мы канчаткова перастанем разумець адно аднаго. Тады прыйдуць сюды іншыя плямёны і нас, разьяднаных і ачужэлых, проста зьнішчаць. Каб гэтага ня здарылася, трэба найперш думаць пра мову і ратаваць яе ўсімі даступнымі сродкамі. Выратуем родную мову, будзе тады ў нас і родны народ, і родны край, і родная зямля. І ня толькі ў 2009, але і ў 2010, 2011 і ў наступных гадах”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для SMS-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG