Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закон аб мовах стане на 1/34 больш беларускім


Пасьля звароту дэлегатаў X зьезда “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” ў Савет міністраў Міністэрства адукацыі падрыхтавала папраўкі ў закон аб мовах.

Пра гэта паведамляецца ў лісьце намесьніка міністра адукацыі Казіміра Фарыно старшыні ТБМ Алегу Трусаву.

У лісьце, у прыватнасьці, гаворыцца, што прапанаваныя зьмяненьні для ўнясеньня ў артыкул 10 закона “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” ад 26 студзеня 1990 года, маюць “выключнае значэньне для захаваньня мовы тытульнай нацыі”, адыгрываюць “важную ролю ў жыцьці сучаснага беларускага грамадзтва”. “Выключэньне слова „(або)“ з артыкула 10 прадугледжвае абавязковае выкарыстаньне дзьвюх дзяржаўных моў (беларускай і рускай) пры падрыхтоўцы дакумэнтаў, якія сьведчаць аб статусе грамадзяніна Рэспублікі Беларусь”, — зазначана ў лісьце. Спадар Фарыно мяркуе, што гэтае зьмяненьне “будзе садзейнічаць забесьпячэньню стабільнасьці ў сфэры моўнай камунікацыі”.

Як паведамляецца ў лісьце, праект нарматыўнага прававога акта “Аб унясеньні зьмяненьняў у закон Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 1990 года “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”, узгоднены з аблвыканкамамі, Менскім гарвыканкамам і Нацыянальнай акадэміяй навук, дапрацоўваецца ў адпаведнасьці з заўвагамі, выказанымі Міністэрствам юстыцыі.

“Ліст зь Міністэрства адукацыі дае надзею, што ў найбліжэйшыя гады ў краіне ўсталюецца рэальнае двухмоўе хаця б на заканадаўчым узроўні”, — заявіў БелаПАН Алег Трусаў. Паводле яго слоў, грамадзкасьць не павінна заспакойвацца, а ўважліва адсочваць сытуацыю са зьмяненьнем закона аб мовах.

У адозьве ва ўрад дэлегаты зьезда падкрэсьлілі, што ў краіне не выконваецца прынцып роўнасьці дзьвюх дзяржаўных моў, гарантаваны Канстытуцыяй, моўныя правы беларускамоўных грамадзян па-ранейшаму абмежаваны ва ўсіх сфэрах жыцьця, а цяперашняя рэдакцыя закона не ўтрымлівае ніякіх гарантый з боку дзяржавы па захаваньні і разьвіцьці мовы тытульнай нацыі.



Цяперашняя рэдакцыя артыкулу 10. “Мова дакумэнтаў аб статусе грамадзян Рэспублікі Беларусі”:

Афіцыйныя дакумэнты, якія сьведчаць статус грамадзяніна, — пашпарт, працоўная кніжка, дакумэнты аб адукацыі, пасьведчаньні аб нараджэньні, шлюбе, а таксама дакумэнты аб сьмерці асобы — выконваюцца на беларускай і (або) рускай мовах, а асобныя дакумэнты пры неабходнасьці — на беларускай (рускай) і іншых мовах.

Усяго ў Законе аб мовах 34 артыкулы.
XS
SM
MD
LG