Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найбольш яскравыя выказваньні на Свабодзе ў 2008-м


“Я прапаную раз і назаўжды забыць пра аб'яднаньне Расеі і Беларусі, не казаць пра гэта нават прыватна сваім дзецям...”

***

* “Я прапаную раз і назаўжды забыць пра аб'яднаньне Расеі і Беларусі, не казаць пра гэта нават прыватна сваім дзецям, я ўжо не кажу пра слухачоў і гледачоў”.
Віталь Портнікаў, украінскі палітоляг і публіцыст, у перадачы “Праскі акцэнт” у лютым.

* “Наколькі я інфармаваны, такая сытуацыя не задаволіла аднаго Казуліна. Пытаньне было ў тым, што ягоная жонка хворая. Да мяне зьвярнуліся паслы Эўразьязу пра тое, што стан жонкі пагоршыўся. Усялякае бывае. Я пагадзіўся – няхай вязе жонку на лячэньне. Мы ёй, як маглі, дапамаглі, прапанавалі ёй лячэньне ў Нямеччыне. Мужу трэба суправаджаць яе ў Нямеччыну. Але наколькі я сёньня інфармаваны, Казулін адмовіўся яе лячыць. Аднак гэта сямейная праблема, і я не хачу ў яе ўмешвацца. Што патрабавалася ад мяне – я прапанаваў. Але ён адмовіўся, нават пасьля таго, як да яго прыяжджалі дочкі ўгаворваць – дапамажы ўратаваць маму. Але, паўтаруся, гэта іх справа”.
Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі, пра магчымасьць вызваленьня былога кандыдата на прэзыдэнта Беларусі, палітвязьня Аляксандра Казуліна, у лютым.

* “Папрашу Аляксандра Рыгоравіча больш не прыкрывацца жыцьцямі людзей. За гэта прыйдзецца адказваць. Ня трэба расказваць, што ён шкадуе маму, і таму адпусьціць тату. Хай называе рэчы сваімі імёнамі. Калі ён хоча выкінуць Казуліна з краіны, то ня трэба прыкрывацца жыцьцямі іншых людзей. Гэта проста поўнае блюзьнерства”.
Вольга Казуліна, дачка Аляксандра Казуліна, у адказ на цытаванае вышэй выказваньне А. Лукашэнкі пра магчымасьць вызваленьня яе бацькі.

* “Выходжу на кантрольна-прапускны пункт, а мне начальнік установы паведамляе, што гэта “гуманны акт прэзыдэнта, вы вольныя”. Усё. Атрымайце вашы грошы, рэчы і дадому. Я прысеў. Кажа: “Вы што, ня верыце?” Я кажу: “Не”.
Палітвязень Андрэй Клімаў пра сваё вызваленьне ў лютым.

* “Паглядзіце, у якім стане нашыя могілкі. Звычайныя, нават не салдацкія часоў другой сусьветнай… Могілкі ў Беларусі і ў той жа Нямеччыне? Розьніца відавочная. Таму што ў Нямеччыне мір, а ў нас у грамадзтве – вайна. Вайна ідзе ў галовах. І я працую дзеля таго, каб нягледзячы ні на што ўсе людзі Беларусі зьнялі шынялі і вярнуліся ў рэшце рэшт дамоў. Туды, дзе іх ужо зачакаліся. Будаваць мірнае жыцьцё і будучыню разам.
Грамадзкая актывістка Вольга Карач, грамадзкі рэдактар РС у сакавіку.

* “А 21.30 на шашы мяне спыніў інспэктар ДАІ, як і іншыя аўтамабілі. Стаць на ўзбочыну не дазволілі, выйсьці з аўтамабіля таксама. І хутка – моцны ўдар у капот майго аўтамабіля. Мы ледзь засталіся жывыя. Аказалася, намі зьбіраліся спыніць нецьвярозага кіроўцу. Міліцыянты потым казалі: “Мы ня думалі, што ён не спыніцца...”
Алена Калпакова, адна з пацярпелых у “жывым шчыце” на шашы каля Менску ў сакавіку.

* “Рэжым у калёніі стаў настолькі больш жорсткім, што найменшая памылка можа дорага каштаваць супрацоўнікам калёніі. Толькі за тое, што ў цяжкі момант майго жыцьця, 10 лютага, зампаліт калёніі падпалкоўнік Клім Коваль даў мне магчымасьць пазваніць дамоў, каб пагаварыць зь цяжка хворай жонкай, яго фактычна выгналі з працы. Яго адразу адправілі ў адпачынак, зь якога, як сказалі, ён ужо ня вернецца. Ёсьць зьвесткі, што супроць яго зьбіраюцца завесьці крымінальную справу. А гэта была мая апошняя размова з жонкай. Коваль зрабіў усё па-чалавечы і не парушыў закону”.
Аляксандар Казулін, вязень калёніі “Віцьба-3”, у лісьце да родных у сакавіку.

* “Гэтая майка паказвае, за што нас фактычна судзяць. Нас судзяць менавіта за любоў да Беларусі, за тое, што нам ня ўсё роўна, што адбываецца тут з нашым народам, з нашай краінай”.
Антон Койпіш, адзін з падсудных на “працэсе чатырнаццаці” ў красавіку, які, як і некаторыя іншыя падсудныя, прыйшоў на суд у майцы з надпісам “Люблю Беларусь”.

* “Я шакаваная тым, што прысуды заснаваныя на закліках мірных маніфэстантаў да збліжэньня з Эўразьвязам, у той час, як беларускія ўлады ўвесь час выказваюць жаданьне да больш шчыльнага дыялёгу з Эўразьвязам”.
Мірэй Мюсо, пасол Францыі ў Беларусі, пра прысуды Зьмітру Дашкевічу, Артуру Фінькевічу і Міколу Статкевічу за ўдзел у праэўрапейскай акцыі 1 траўня.

* “Я ўступіў у партыю ў 1993 годзе . Партыя была і ёсьць маёй айчынай. І я адчуваю сябе сябрам партыі”.
Намесьнік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч пасьля выключэньня з партыі ў чэрвені.

* “Вы вінаватыя перш за ўсё. Вы паводле даручэньня прэзыдэнта не адзін год, а дзесяць гадоў арганізоўваеце падобныя мерапрыемствы. І нічога не зрабілі! Вы і кіраўнік адміністрацыі — а ён адказвае за палітычны бок, а вы за бясьпеку — ні чорта не зрабілі і пішаце мне рапарты аб тым, што там адбылося. Я больш за вас ведаю, што там адбылося, а дзяржаўнага сакратара няма на мерапрыемстве і ў полі зроку ня бачна”.
Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі, дзяржсакратару Віктару Шэйману, пасьля выбуху ў Менску ў ліпені.

* “Я адкажу вельмі ясна, што спыніла закрыцьцё амбасады — я не хацела, каб амэрыканскі сьцяг апусьціўся ў Беларусі. Вось што спыніла закрыцьцё амбасады. Я лічу, што амэрыканскі сьцяг, які працягвае лунаць у Менску, ёсьць важным сыгналам таго, што Злучаныя Штаты будуць падтрымліваць тых, хто працягвае змагацца за свабоду”.
Дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс, у часе наведваньня Радыё Свабода ў Празе ў ліпені, пра беларуска-амэрыканскі дыпляматычны канфлікт.

* “Што ж зрабіў сам Лукашэнка? Я асьмелюся сказаць, што ён нічога новага не зрабіў, гэта працяг таго, што ў нас было. Гэта генэральны сакратар, толькі называецца сёньня прэзыдэнт, з тымі ж паўнамоцтвамі і ўладай, хіба што зь непадпарадкаваньнем Маскве. А ў астатнім – гэта сталінская арганізацыя. Я нідзе ня бачу Лукашэнкі, паўсюль тырчыць Сталін”.
Пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч у “Праскім акцэнце” ў ліпені.

* “У такіх краінах як Беларусь, Бірма, Куба, Іран, Паўночная Карэя, Судан, Сырыя і Зімбабвэ людзі працягваць жыць пад дэспатычнымі рэжымамі, і мы працуем дзеля таго дня, калі гэтыя народы стануць свабоднымі”.
Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш у традыцыйнай штогадовай заяве з нагоды “Тыдня паняволеных народаў” у ліпені.

* “Я прымаю вызваленьне як знак справядлівасьці, але не магу прыняць памілаваньне з маральных меркаваньняў. Я не зьдзяйсьняў дзеяньняў, якія падлягаюць крымінальнаму пакараньню. Мая сям’я і асабіста я трапілі пад жорсткія рэпрэсіі з боку дзяржавы і палітычнага рэжыму”.
Аляксандар Казулін у заяве пасьля свайго вызваленьня з турмы ў жніўні.

* “Мы славяне, відаць, не пераможам гэтае зло [п’янства]. Можа, і не трэба гэтага, толькі каб не было злачынстваў на п’янай глебе, і каб п’яны чалавек не перашкаджаў іншым жыць”.
Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі, у верасьні.

* “Таму што ў нас такая чыстая вада, у нас самая лепшая гарэлка”.
Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі, у верасьні.

* “Трэба ж сёньня адзначыць, у нас жа, слава табе, Госпадзе, дзень Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі... Ну вось мы сабраліся тут, каб ускласьці кветкі да помніка Ўладзіміру Ільлічу Леніну, які быў заснавальнікам нашай дзяржавы”.
Анатоль Іванчык, кіраўнік абласной арганізацыі ПКБ у Горадні, у лістападзе.

* “У хабарніцтве і іншых карысьлівых дзеяньнях аказваюцца замяшанымі прадстаўнікі сілавых структураў, якія павінны прадухіляць і прыпыняць гэтыя злачынныя дзеяньні/ Да чаго мы дойдзем, калі барацьбой з карупцыяй займаюцца людзі, якія самі топчуць законы і нормы маралі? Чаго можна чакаць ад дзяржаўных органаў, якія ўпаўнаважаныя выконваць кантрольныя і наглядныя функцыі, калі іх супрацоўнікі прымаюць ад правяраных “адкупныя”?”
Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі, у лістападзе.

* “Мне [Абаму] шкада — ён выглядае на 100 працэнтаў, як Лукашэнка, калі я прыйшоў да ўлады пасьля развалу Савецкага Саюзу. Паліцы ў крамах былі пустыя — глыбокі фінансавы крызіс”.
Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі, у інтэрвію “Wall Street Journal” у лістападзе.

* “Нягоднікаў, што нарадзілі дзяцей і кінулі іх, неабходна ня проста працаўладкаваць, а прымусіць працаваць... Прытым мэтады, якія ўжываюцца да іх, не павінныя быць такімі самымі, як да звычайных людзей. А тут, бач ты, прыйшлі, прапанавалі, перанавучылі й грошы яшчэ заплацілі зь дзяржаўнага бюджэту. Зыходзіць трэба з таго, што мы іх нічому не навучым. Рыдлёўку ў рукі — капай, не капаеш — значыць, сёньня галодным застанесься. Гэтыя людзі разумеюць толькі сілу. Іх марна ў чымсьці пераконваць”.
Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі, у лістападзе.

* “Магчыма гэта нейкі прапагандысцкі прыём, каб прыцягнуць увагу да гэтай праблемы. Але мне здаецца, што праблема ня ў тым, як ўдасканальваць гэтую сыстэму гвалту і прымусу. Гэта больш маральнага пляну праблема. Я ўзгадваю работу тых бацькоў, якія не плацілі на ўтрыманьне сваіх дзяцей, і я кажу: лепей, каб яны ўвогуле ня мелі дзяцей і не працавалі. Таму што гэтая сыстэма "хіміі", сыстэма працоўных лягераў -- гэта сыстэма, дзе няма працы. Калі праца ёсьць, яна некваліфікаваная і за яе атрымліваюць столькі грошай, што ня ў стане заплаціць за сваё ўтрыманьне, ня тое што за ўтрыманьне тых няшчасных дзяцей, якіх яны пусьцілі ў сьвет”.
Журналіст Мікола Маркевіч, камэнтуючы прапанову Лукашэнкі аб накіроўваньні нядбайных бацькоў на прымусовую работу.

* “Абараняць права людзей на прыстойны заробак, на тое, каб свабодна жыць і гаварыць тое, што чалавек думае, — вось галоўная задача прэзыдэнта. Пра гэта ўсе мы павінны памятаць. Мы павінны разьняволіць чалавека, лібэралізаваць наша жыцьцё, зрабіць яго больш свабодным для чалавека. Гэта вельмі важна ў складанай сытуацыі”.
Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі, у лістападзе.

* “Калі ў цябе няма ворагаў — гэта ненармальна. І вораг наш, як пісаў Караткевіч, павінен быць моцным. На сёньня мой вораг — расейскі падпалкоўнік Міхаіл Шэкун і ягоная жонка, былая дырэктрыса нашай Бобраўскай школы Шэкун Яўгенія Аляксееўна. Яны прыехалі ў Беларусь, калі тут стаялі ракеты СС-20. А як Шушкевіч вывеў тыя боегалоўкі, мясцовыя ўлады прытулілі мужа – ён распачаў свой бізнэс, а яе паставілі дырэктрысай, каб праводзіць русыфікацыю тутэйшых. Я сказаў: “Яўгенія Аляксееўна, вы не павінны ўзначальваць нашу школу, бо ненавідзіце беларускую мову і культуру — вы прыехалі з Усурыйску... Пакіньце гэтую пасаду, застаньцеся проста настаўніцай біялёгіі — і я дам вам хрысьціянскае цалаваньне!
Мастак Алесь Пушкін, грамадзкі рэдактар РС, у лістападзе.

* “У Беларусі будзе праведзена лібэралізацыя ня толькі эканомікі, але і жыцьцядзейнасьці ўсяго грамадзтва... Трэба спыніць бюракратычныя зьдзекі з эканомікі. Не павінна быць засільля бюракратыі ў гэты пэрыяд, калі вакол шугае фінансава-эканамічны крызыс. Не павінна быць залішняга адміністрацыйнага націску на эканоміку, неабходна лібэралізаваць усе гэтыя працэсы і даць магчымасьць людзям спакойна працаваць”.
Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі, у сьнежні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG