Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя нацпарку пераехала ў дырэктарскую вёску


Адміністрацыйны аддзел Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” пераведзены з Турава, дзе быў заўсёды, у вёску Ляскавічы. У зьвязку з гэтым больш як палова супрацоўнікаў навуковага аддзелу звольніліся. На думку некаторых зь іх, адміністрацыйны аддзел перанесены ў Ляскавічы, каб зручней было дырэктару парку — Сьцяпану Бамбізу.

Колішняя супрацоўніца Прыпяцкага нацыянальнага парку біёляг Іна Зеніна кажа, што перанос аддзелу навукі з Турава ў Ляскавічы — цалкам нелягічны:

“У чым сэнс? Справа ў тым, што лес жа застаўся тут! Супрацоўнікам трэба езьдзіць у лес. Цяпер ім 50 кілямэтраў зь Ляскавічаў трэба дабірацца да лесу! Няўжо ў нас такая багатая рэспубліка, сама гэтая ўстанова, каб гэта сабе дазволіць?”

Раней езьдзіць у Тураў зь Ляскавічаў, дзе жыў, мусіў быў дырэктар Прыпяцкага нацыянальнага парку Сьцяпан Бамбіза. Цяпер адміністрацыя — там сама, дзе ягоны дом. Гэтым і тлумачыцца перавод адміністрацыйнага корпусу, лічыць Іна Зеніна:

“Ну не знаходзіцца рэальнага, лягічнага тлумачэньня гэтаму, апроч таго, што самадурства гэта звычайнае. Не падабаўся дырэктару Тураў, не хацеў ён сюды пераяжджаць, і таму ён проста перавёў установу ў Ляскавічы. Было заўважна, што ўсё скіравана на гэты перавод, каб вынесьці адміністрацыю туды. Паступова нарошчвалася — рэсурсы і гэтак далей — усё ў Ляскавічы. Гэткая дынаміка была відавочная ад пачатку яго дырэктарства”.

Пад пагрозай звальненьня з навуковага аддзелу і лябарант Анатоль Дамашкевіч. Ён адзіны кармілец у сям’і, жонка мусіць сядзець у хаце зь дзіцём-інвалідам. Вольга Дамашкевіч лічыць магчымае мужава звальненьне несправядлівасьцю:

“Муж прапрацаваў 32 гады. 12 навуковых артыкулаў… Прафэсійнасьць на найлепшым роўні, на ўсе рукі майстар і гэтак далей. А пасады яму тут не знайшлося. Мы думалі, учора яго звольняць, але пакуль што яшчэ невядома, як і што. Такі Новы год атрымліваецца: я не працую, дачка малодшая — інвалід, яшчэ мужа звольняць — і будзе зусім “добра”…”

На думку Іны Зенінай, звальненьне Анатоля Дамашкевіча — вялікая страта для дзейнасьці навуковага сэктару Нацыянальнага парку:

“Ён практычна адзіны, хто працаваў з часоў заснаваньня ўласна запаведніка. Ён ведае ўвесь лес, ведае ўсе пробныя, стацыянарныя, навуковыя пляцоўкі. Займаўся шмат гадоў маніторынгам грунтовых водаў. Апроч яго мала хто ведае наагул, што і дзе можна ў лесе знайсьці…”

У будынку, дзе ў Тураве месьціўся раней адміністрацыйны корпус, цяпер экалягічна-адукацыйны цэнтар. Кіруе ім пляменьніца Сьцяпана Бамбізы. У адміністрацыі Нацыянальнага парку перавод адміністрацыйнага корпусу з Турава ў Ляскавічы пракамэнтавалі на ўмовах ананімнасьці гэткім чынам:

“Ну, я вам зараз адкажу — а заўтра я таксама апынуся за бортам!”
XS
SM
MD
LG