Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Набліжаецца Новы год. Казачніка мы ўжо маем


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 30 сьнежня, аўторак.

Міжнародны фінансавы крызіс і ягоны ўплыў на эканамічнае становішча ў Беларусі — адна з тэмаў абмеркаваньня ў нашых слухачоў:

Валянціна: “Думаю пра крызіс. Ён у нас свой, беларускі. І пакуль замест рамонту паліклінік і бальніц робяць эўрарамонты з кандыцыянэрамі ў адміністрацыйных будынках, пакуль вялікія і малыя начальнікі і іх сем’і разьяжджаюць на дзяржаўных іншамарках па асабістых справах, пакуль кабінэтна-папяровыя працаўнікі войска, чыноўнікі ад выканкамаў да міністэрстваў атрымліваюць большыя заробкі і пэнсіі, чым добрыя ўрачы-хірургі, крызіс у нас ня зьнікне!”

Станіслаў, Івацэвічы: “Я хацеў бы параіць нашаму галоўнаму кантралёру, дзе знайсьці немалыя грошы ў дзяржаўны скарб. Нам вядома, што з пачатку 90-х „царскія сёлы“ расьлі як грыбы, з шыкоўных катэджаў за дармовыя крэдыты. А даступная гэтая дармаўшчына вядома каму. Многія з гэтых катэджаў да гэтае пары ня ўведзеныя ў эксплюатацыю, а пакуль ня ўведзеныя, дык і ня плацяцца падаткі на нерухомасьць”.

У наступных тэлефанаваньнях — выказваньні на розныя іншыя тэмы.


Спадар: “Сытуацыю з дробнымі гандлярамі трэба абмяркоўваць і зь іншага боку. Калі вялікае адмоўнае сальда ў зьнешнім гандлі, то дробныя гандляры — гэта працоўныя месцы і шырокі выбар для насельніцтва. Але адмоўнае сальда сур’ёзна бескантрольна павялічваюць і дробныя гандляры, і дзяржаўныя і прыватныя крамы, і розныя іншыя структуры”.

Спадар, Барысаў:

“У Барысаве касьцёл, быў добры ксёндз,
Але ўлады да яго прычапіліся, каб вернікі не маліліся.
Ад католікаў яго адбіраюць, высылаюць у Варшаву,
Як заўсёды, робяць чорную справу.
Як разумець? Гэта што? Трэба спытаць у выканкаме ў Горнак і Шутко.
У выканкаме няма болей чаго рабіць.
Там сьвяткуюць і не даюць нармальна вернікам жыць”.


Працягваюць праграму віншаваньні слухачоў:

Ларыса, Менск: “Хачу павіншаваць супрацоўнікаў Радыё Свабода з Калядамі! Пажадаць здароўя і дабрабыту, незалежна ад крызісу, перажывем. А прэзыдэнту і парлямэнтарыям — здароўя і каб у 2009 годзе вярнулі льготы”.

Спадар: “Хачу павіншаваць супрацоўнікаў радыё з Новым годам і адначасова прашу вас выканаць для нашага прэзыдэнта песьню Леаніда Уцёсава „Всё хорошо, прекрасная маркіза“. А для нашых дэпутатаў і ўраду выканаць арыю містэра Ікса з аднайменнага кінафільму”.

Андрэй, Пінск: “Набліжаюцца Новы год, Раство, Каляды. Гэтыя сьвяты ў нас зьвязаныя з чаканьнем казкі, цуду, падарункаў, чарадзейства. Казачніка мы маем. Наш прэзыдэнт праз падкантрольныя яму СМІ расказвае нам казкі пра тое, як жывем мы лепей за ўсіх”.

Анастас Семяновіч: “Віншую! Моцнага здароўя, больш радасьці ў вашай цяжкай працы на радасьць роднай Беларусі! Хочацца, каб у новым годзе перадача “Тыдзень з Радыё Свабода” вялася на працягу адной гадзіны на канале “Белсат”. Наконт адлігі, гэта дапамог сусьветны фінансавы крызіс і рашучыя дзеяньні Амэрыкі і Эўропы. Мая бабуля Арына казала: пакуль певень ня дзеўбане ў адно месца, то мужык тады перахрысьціцца. Наступіў такі пэрыяд для лукашыстаў.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG