Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур выказаў спадзеў на нармалізацыю адносін паміж Менскам і Вашынгтонам у 2009 годзе.

Паводле Джонатана Мура, які даў інтэрвію БелаПАН, сёлета былі заўважаныя як пазытыўныя падзеі, гэтак і нэгатыўныя моманты ў адносінах Беларусі і ЗША.

Да пазытыўных падзеяў ён аднёс вызваленьне палітвязьняў у Беларусі, што адкрыла новыя магчымасьці для дыялёгу паміж Менскам і Вашынгтонам.

“Але мы сутыкнуліся і з вельмі нэгатыўнымі момантамі, – заявіў Д. Мур.– Быў вельмі складаны момант, калі наш пасол і большая частка нашых супрацоўнікаў былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Я спадзяюся, што ў 2009 годзе мы працягнем дыялёг з дэмакратычнымі сіламі, уладамі і людзьмі ў Беларусі, што праз пазытыўныя крокі беларускага боку мы зможам нармалізаваць сытуацыю”.

Д. Мур перакананы, што новая каманда Барака Абамы, якая прыйдзе да ўлады ў 2009 годзе, добра разумее сытуацыю ў Беларусі.
Праз пазытыўныя крокі беларускага боку мы зможам нармалізаваць сытуацыю.


Паводле спадара Мура, да 4 сакавіка 2009 года у Вашынгтоне павінна быць ухваленае рашэньне, ці працягваць санкцыі супраць канцэрну “Белнафтахім”.

“Рашэньне будзе прымацца ў залежнасьці ад таго, як складуцца абставіны тут, у Беларусі. Мы чакаем станоўчых крокаў. Некаторыя зь іх ужо былі зробленыя і спадзяемся, будуць зробленыя у будучыні. У бліжэйшыя месяцы мы будзем даваць агульную ацэнку сытуацыі, на падставе чаго будзе разглядацца пытаньне санкцыяў”.

Спадар Мур прызнаў, што ЗША цесна каардынуюць палітыку адносна Беларусі з Эўразьвязам.

Джонатан Мур не чакае, што Вашынгтон хутка прызначыць новага амбасадара ў Менск, пакуль у пасольстве працуе толькі 5 чалавек, гэта маларэальна.

“Спачатку павінны адбыцца паляпшэньні ў нашых дыпляматычных дачыненьнях”,– мяркуе Джонатан Мур.

Нягледзячы на невялікі штат, амбасада ЗША ў Менску імкнецца працаваць актыўна, кажа спадар Мур:

“Некалькі дзён таму я быў у Полацку, дзе мы перадавалі мэдыцынскае абсталяваньне ў рамках гуманітарнай праграмы. І такія праграмы мы прадоўжым рэалізоўваць, таксама як праграмы абмену”.

Паводле спадара Мура, летась у ЗША прайшлі аздараўленьне 1400 беларускіх дзяцей. Ён спадзяецца, што да лета ўдасца ўрэгуляваць магчымасьці для працягу гэтай праграмы ў 2009 годзе. Беларускі бок перадаў праект адпаведнага пагадненьня, і ЗША ўжо адрэагавалі на яго. Кансультацыі працягваюцца. Беларускі бок запатрабаваў падпісаць такую дамову пасьля таго як 16-гадовая Тацяна Казыра сёлета ў верасьні адмовілася вярнуцца з ЗША на радзіму.

Амбасада таксама зьбіраецца павялічыць колькасьць візытаў у Беларусь амэрыканскіх музыкаў, артыстаў, навукоўцаў,– сказаў спадар Мур.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG