Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі выйдуць на стыхійную дэманстрацыю, калі ўлады павялічаць стаўкі адзінага падатку для дробных бізнэсоўцаў.

Пра гэта заявілі сябры рады прадпрымальніцкай арганізацыі “Пэрспэктыва” на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі. Яны запэўнілі, што ўжо празь месяц у гандлёвых цэнтрах стане ў некалькі разоў менш гандлёвых пунктаў. Прадпрымальнікі заяўляюць, што многія іхнія калегі ўжо перабіраюцца ў суседнія краіны, каб пракарміць свае сем’і.

Лідэр аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка паведаміў, што арганізацыя падрыхтавала зварот да дэпутатаў мясцовых саветаў. Прадпрымальнікі просяць неадкладна перагледзець заканадаўчыя нормы і зрабіць неабходныя захады, каб забясьпечыць дробным бізнэсоўцам умовы для нармальнай працы.

Анатоль Шумчанка лічыць, што пасьля акцыі прадпрымальнікаў 15 сьнежня супраць новага мытнага заканадаўства ўлады новымі падаткамі ўсё роўна паставілі пад пагрозу існаваньне дробнага бізнэсу.

Сябры “Пэрспэктывы” зазначылі, што ў выпадку падвышэньня падаткаў прадпрымальнікам давядзецца закрыць свае гандлёвыя пункты. Яны лічаць, што трэба бліжэйшым часам уніфікаваць мытнае заканадаўства. Як прыклад бізнэсоўцы прывялі памеры мыта ў Расеі і Ўкраіне. У суседняй Украіне мыта бярэцца ад аб’ёму тавару, у Расеі — ад вагі, а ў Беларусі прадпрымальнікі мусяць плаціць 30% ад кошту тавару.

Сябры “Пэрспэктывы” лічаць, што падвышэньне арэнднай платы і мытных падаткаў адназначна пацягне за сабой скасаваньне бізнэсу.

Гаворыць Анатоль Шумчанка:

“Пэрспэктыва” прапануе даць магчымасьць прадпрымальнікам наймаць на працу да пяці чалавек. Калі дадуць такую магчымасьць, то… У нас каля 120 тысяч прадпрымальнікаў, калі памножыць гэтую лічбу на 5, то будзе 600 тысяч. 600 тысяч дадатковых працоўных месцаў. У час сусьветнага фінансавага крызісу гэта такі лягічны крок, які напрошваецца сам па сабе”.

Сябры “Пэрспэктывы”, якія працуюць у рэгіёнах, распавялі, што апошнім часам прадпрымальнікі адчулі, як упала платаздольнасьць насельніцтва.

Жанна Пялюга працуе на рынку ў Менску. Яна паведаміла, што за апошнія два тыдні стала асабліва прыкметна, наколькі зьбяднелі людзі.

“У нас раней пакупнік, які багата апрануты, не прасіў зрабіць зьніжкі. Цяпер няма ніводнага пакупніка, які ня просіць зьніжкі. Прычым на тавары беларускай вытворчасьці. На калготкі “Conte” просяць. Калготкі каштуюць 9 500. Пытаюцца: “А за 9 000 можна?”

Мужчыны, добра апранутыя, за пальчаткі, якія каштуюць 65 тысяч, просяць зьніжкі. Пытаюцца: “А зьніжкі якія?” Пра што казаць! Дык гэта ж да Новага году! А пасьля Новага году добра апранутыя мужчыны будуць набываць рукавіцы ці наагул будуць так хадзіць, без пальчатак. Пакупной здольнасьці ніякай…”

Анатоль Шумчанка заявіў, што ўлады ставяцца да прадпрымальнікаў, як да ворагаў дзяржавы. Калі ня будуць зьніжаныя падаткі (цяпер яны самыя высокія на постсавецкай прасторы), то ня будзе разьвівацца вытворчасьць і штучна падвысіцца ўзровень беспрацоўных — і гэта ва ўмовах эканамічнага крызісу. Сябры Рады “Пэрспэктывы” прагназуюць, што напрыканцы лютага ці ў сакавіку можа адбыцца стыхійны пратэст і масавыя выступленьні незадаволеных.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG