Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераход Оргіша праз барыкаду


Зьяўленьне артыкула Вячаслава Оргіша пад назвай “Прыйшоў час сыходзіць з барыкад” у “Советской Белоруссии” за 18-19 сьнежня 2008 году адметнае найперш ня зьместам, а прозьвішчам аўтара.

Калі б гэты матэрыял выйшаў пад подпісам галоўнага рэдактара газэты, то на яго мала хто зьвярнуў бы ўвагу, бо ён стандартны для гэтага органа друку. А вось тое, што Вячаслаў Оргіш, сталы аўтар “Народнай волі” (некаторы час нават лічыўся намесьнікам галоўнага рэдактара незалежнага выданьня), раптам друкуецца ў “Советской Белоруссии” з пагромным антыапазыцыйным артыкулам — гэта сапраўды падзея. Відаць, сп. Оргіш вырашыў паўтарыць “подзьвіг” Людмілы Масьлюковай.

Але пакінем убаку здагадкі пра матывы аўтара і зьвернемся да зьместу. Найперш адзначым, што нічога новага сп. Оргіш не сказаў: у артыкуле мы бачым перапевы шматгадовай дзяржаўнай прапаганды. І галоўны тэзіс ня новы. Калі ў Расеі ва ўсім вінаваты Чубайс, то ў Беларусі ва ўсім вінаватая апазыцыя. Слабая, выкінутая з сыстэмы, загнаная ў палітычнае гета, яна тым ня менш нейкім дзіўным чынам перашкаджае кіраўніку дзяржавы прывесьці беларускі народ да поўнага шчасьця.

В. Оргіш шмат гадоў даводзіў, што менавіта аўтарытарны рэжым Лукашэнкі — галоўнае зло, асноўная перашкода на шляху Беларусі да эўрапейскай цывілізацыі. І вось цяпер сп. Оргіш раптам выказвае дыямэтральна супрацьлеглы
погляд
У “Народнай волі” В. Оргіш шмат гадоў даводзіў, што менавіта аўтарытарны рэжым Лукашэнкі — галоўнае зло, асноўная перашкода на шляху Беларусі да эўрапейскай цывілізацыі. І вось цяпер сп. Оргіш раптам выказвае дыямэтральна супрацьлеглы погляд. Аказваецца, гэтаму перашкаджае “фундамэнталізм апазыцыі”. “Як парадаксальна і раздражняльна ні прагучыць для кагосьці, сёньня менавіта вышэйзгаданы фундамэнталізм стаў адной зь перашкод на шляху больш рашучай мадэрнізацыі беларускага грамадзтва ў адпаведнасьці з эўрапейскай ідэяй. Менавіта палітычны фундамэнталізм, за якім хаваецца рудымэнтарнае мысьленьне ў катэгорыях брутальнага супрацьстаяньня з палітычнай сыстэмай, не дазволіў беларускім апазыцыянэрам вырасьці ў сапраўдную контрэліту, гэта значыць, зрабіцца ўплывовым суб’ектам сыстэмнага палітычнага жыцьця краіны. І такім чынам рэальна спрыяць стварэньню ў Беларусі інстытуцыянальнага каркасу эўрапейскага ўзору”.

Як можа неўплывовы суб’ект палітыкі нечаму перашкаджаць — гэта лягічная загадка. Але В. Оргіш зьмяніў ня толькі свой погляд на пытаньне пра галоўную перашкоду прагрэсу, але і стаўленьне да такой каштоўнасьці, як дэмакратыя. З артыкула вынікае, што гэта ніякая не каштоўнасьць, а ўсяго толькі інструмэнт чужога, заходняга ўплыву. Усьлед за афіцыйнай беларускай (а цяпер і расейскай) прапагандай аўтар сьцьвярджае: “Як сьведчыць вопыт міжнароднай палітычнай барацьбы, экспарт дэмакратычных ідэй — гэта ў першую чаргу сродак прасоўваньня нацыянальных інтарэсаў”.

дыктатура — гэта добра, а дэмакратыя — гэта дрэнна. Цікавы паварот...
Аўтар артыкула закідвае апазыцыі галоўнае абвінавачаньне: яе палітычны фундамэнталізм палягае ў імкненьні да разбурэньня дзеючай палітычнай сыстэмы, а гэта няправільна. Але цяперашняя палітычная сыстэма Беларусі — гэта аўтарытарызм, дыктатура, што сам сп. Оргіш шмат гадоў даводзіў у “Народнай волі”. Іншымі словамі, віна апазыцыі палягае ў тым, што яна імкнецца разбурыць дыктатуру і перайсьці да дэмакратыі. Такім чынам, дыктатура — гэта добра, а дэмакратыя — гэта дрэнна. Цікавы паварот у нібыта прыхільніка “рашучай мадэрнізацыі беларускага грамадзтва ў адпаведнасьці з эўрапейскай ідэяй”.

В. Оргіш выказвае тыповую для беларускага абывацеля тэзу: апазыцыя сама вінаватая ў сваім сёньняшнім незайздросным пазасыстэмным становішчы. Таму і прайграла апошнія выбары ў Палату прадстаўнікоў (раней у “Народнай волі” сп. Оргіш даводзіў, што нармальных выбараў у нас няма).

Насамрэч у дзейнасьці дэмакратычных сілаў Беларусі шмат хібаў, але гэта асобная тэма. Аднак у цяперашняй беларускай сытуацыі ад самой апазыцыі, яе стратэгіі і тактыкі, удалых палітычных хадоў ці памылак мала што залежыць. Ва ўмовах жорсткага пэрсаналісцкага аўтарытарнага рэжыму статус апазыцыі залежыць амаль выключна ад улады. Бо ў дзяржаве ёсьць толькі адзін суб’ект палітыкі, ён усё і вырашае. Вось, напрыклад, падчас мінулай электаральнай кампаніі спачатку Лукашэнка хацеў быў пусьціць некалькі прадстаўнікоў апазыцыі ў Палату прадстаўнікоў, а потым перадумаў. І ня мела ніякага значэньня, як удала апазыцыянэры ў сваіх акругах вялі агітацыю, як галасавалі выбаршчыкі. Дык пры чым тут “фундамэнталізм апазыцыі”?

Прынцыповая выснова В. Оргіша: “Апазыцыі перш за ўсё неабходна шукаць кансэнсус з кіраўнічай элітай, канструктыўна дамаўляцца зь яе лідэрамі адносна свайго месца ў сыстэмнай палітыцы”. Давайце называць рэчы сваімі імёнамі. Калі перакласьці гэтую тэзу з дыпляматычнай на звычайную мову, то аўтар прапануе апазыцыі заявіць аб капітуляцыі.

Але зусім ня факт, што капітуляцыя апазыцыі стане пропускам у сыстэмную палітыку
Але зусім ня факт, што капітуляцыя апазыцыі стане пропускам у сыстэмную палітыку. Калі б ва ўладаў было жаданьне мець “канструктыўную апазыцыю”, то знайсьці сярод апазыцыянэраў некалькі кандыдатаў на такую ролю было б зусім ня цяжка. Можна было б пайсьці па шляху Расеі, дзе Крэмль штучна стварае кішэнную апазыцыю і імітуе “шматпартыйную сыстэму”.

Праблема ў тым, што сёньняшняй кіроўнай камандзе гэта зусім не патрэбна. Прыклад В. Абрамавай і С. Гайдукевіча, якія ў мінулым складзе Палаты прадстаўнікоў выконвалі ролю “канструктыўнай апазыцыі”, а цяпер іх проста не пусьцілі туды, вельмі паказальны. Для сёньняшняй улады сама ідэя апазыцыйнасьці — крамола. У пацьверджаньне сваіх тэзаў В. Оргіш прыводзіць цытату аўтарытэтнага цяпер для яго чалавека, А. Лукашэнкі: “Жыцьцё цяперашняй апазыцыі і яе вярхушкі недаўгавечнае, ёй засталося літаральна, можа, некалькі месяцаў альбо год”. Але сэнс выказваньня кіраўніка дзяржавы палягае ў тым, што ўвесь беларускі народ падтрымлівае палітыку прэзыдэнта і для апазыцыі проста няма месца ў нашым грамадзтве. Таталітарны фундамэнталізм кіроўнай каманды — вось галоўная праблема Беларусі, а ня нейкі прыдуманы “фундамэнталізм апазыцыі”.

Цяпер пра драбнейшыя заўвагі. Сп. Оргіш спасылаецца на невысокі давер да апазыцыі, які паказваюць сацыялягічныя апытаньні. Але рэйтынг любой палітычнай сілы мае сэнс толькі ва ўмовах існаваньня ў краіне публічнай палітыкі, калі грамадзяне бачаць, чуюць з інфармацыйнага экрану альтэрнатыўныя пазыцыі і могуць даць ім ацэнку. Калі ж гэтага няма, то сацыялёгія адлюстроўвае нешта прынцыпова іншае. Які мог быць рэйтынг акадэміка А. Сахарава ці пісьменьніка А. Салжаніцына ў СССР пэрыяду Л. Брэжнева?

рэйтынг любой палітычнай сілы мае сэнс толькі ва ўмовах існаваньня ў краіне публічнай
палітыкі
Каб давесьці “фундамэнталізм апазыцыі”, В. Оргіш робіць не зусім карэктныя маніпуляцыі. Гаварыць ад імя апазыцыі ён выстаўляе А. Саньнікава. Але вядома, што сп. Саньнікаў — палітык-адзіночка. А апазыцыйныя кааліцыі займаюць іншую пазыцыю адносна дыялёгу паміж афіцыйным Менскам і Эўрапейскім Зьвязам.

Яшчэ адна маніпуляцыя. У крытыцы “барыкаднага мысьленьня” беларускай апазыцыі сп. Оргіш зьвяртаецца па дапамогу да С. Алексіевіч. Аднак цытата вядомай пісьменьніцы пра “закладнікаў барыкаднай культуры” вырваная з кантэксту. С. Алексіевіч кажа не пра палітычную апазыцыю, для якой палітычная барацьба (“барыкада”) — гэта натуральная функцыя, а пра беларускую інтэлігенцыю, найперш творчую: на думку сп-ні Алексіевіч, парадыгма змаганьня перашкаджае творчаму працэсу. А гэта, як кажуць у адным паўднёвым горадзе, “дзьве вялікія розьніцы”.

“Прыйшоў час сыходзіць з барыкад” — так называецца артыкул В. Оргіша. Насамрэч сам Вячаслаў Пятровіч не сышоў з барыкады, а проста перабег на яе другі бок.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG