Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 29 сьнежня, панядзелак.

Сацыяльна-эканамічнае становішча ў Беларусі на заканчэньне 2008 году, змаганьне з карупцыяй, а таксама іншыя тэмы — у тэлефанаваньнях слухачоў.

Спадар: “Дзякуючы Лукашэнку Беларусь сустракае Новы год з чарговымі пазыкамі і льготамі, а аддаваць іх будуць нашы дзеці і ўнукі. Як бы ні насоўваў на сябе Лукашэнка авечае футра, але апраўдаць сябе ён ужо ня зможа”.

Андрэй, Пінск: “Дзе б ні выступаў наш прэзыдэнт, заўжды хочацца камэнтаваць ягоныя выказваньні. Вось, напрыклад, выступаў ён на навагодняй ёлцы для дзяцей і гаварыў такія словы: дзеці павінны быць шчасьлівыя, а шчасьце дзяцей наўпрост залежыць ад шчасьця бацькоў. Але ж на ёлку прыехалі дзеці-сіроты зь дзіцячых прытулкаў, дзе забесьпячэньне далёка ня самае лепшае”.

Анішкевіч, Маладэчна: “Лукашэнка супакойвае нас, што ў нас не такая карупцыя, як у суседзяў. А можа, яшчэ большая? І спарадзілі гэтую махровую карупцыю прэзыдэнт і дэпутаты, што ўвялі кантрактную сыстэму і пазбавілі прафсаюзы права кантролю над звальненьнямі, тым самым ператварыўшы ўсіх супрацоўнікаў дзяржпрадпрыемстваў у маўклівую працоўную сілу”.

Наступнае выказваньне на адрас апазыцыі:


Спадарыня: “Вы ўсё змагаецеся за беларускую мову… Што вам, не даюць размаўляць на беларускай мове? Размаўляйце, дык сам жа народ не размаўляе! Ці ж Лукашэнка не дае вам? Вы самі каверкаеце беларускую мову! Мае прабабкі, бабкі так не размаўлялі. „Пляны“, „Лёндан“ — такой мовы не было. Усё паварочваеце дагары нагамі!”

Выказваньне камэнтуе адзін зь лідэраў моладзевага крыла партыі БНФ Франак Вячорка:

Франак Вячорка
“Беларуская мова — яна жывая. З розных гаворак і дыялектаў узьнікла клясычнае беларускае вымаўленьне. Вымаўленьне, а пасьля правапіс былі зафіксаваныя Браніславам Тарашкевічам, а затым адзначаны ў слоўніку Вацлава Ластоўскага у 20-х гадах мінулага стагодзьдзя. І мы, тыя людзі, якія называюць сябе адраджэнцамі, карыстаемся тым правапісам і вымаўленьнем, якім карысталіся беларусы да прыходу савецкай улады. А тыя, хто выварочвае мову на свой манер, — гэта і ёсьць савецкая ўлада, якая правяла ганебную рэформу 1933 году, наблізіўшы беларускую мову да расейскай”.

Працягваем праграму наступнымі выказваньнямі:

Спадар: “Пуцін лічыць, што ў расейскім крызісе вінаватыя Эўразьвяз, Захад, ЗША і так далей. Што ж, трэба было падумаць, перад тым як шакаваць іх у Мюнхэне сваёй злоснай прамовай, а таксама вайной у Грузіі. Не дарма кажуць: што пасееш, тое і пажнеш”.

Спадар:

“Ведаю, калі з Расеяй будзе саюз,
Будзе адна структура: правы, суды, пракуратура.
Палкоўнік Буданаў, расіянін, чачэнскую дзяўчынку застраліў,
Перад гэтым толькі Бог ведае, што зь ёй ён рабіў.
Але суд яго ад турмы асвабадзіў.
Відаць, замест ізгоя яму дадуць мэдаль расейскага героя.
А юрыстку ЮКОСа Бахміну, маці траіх дзяцей,
У турме трымае і цяпер.
Нават яе адвакат аб тым, дзе яна сядзіць, ня знае.
Выходзіць, калі мае быць саюз,
У беларусаў у справах правоў чалавека будзе вялікі канфуз,
Казаў беларус”.




Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG