Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу Зэльцэра разгледзяць у ААН


Адвакат Зьміцер Гарачка паведаміў, што матэрыялы справы амэрыканскага грамадзяніна Эмануіла Зэльцэра накіраваныя ў Раду па правах чалавека ААН.

Эмануіл Зэльцэр асуджаны на 3 гады зьняволеньня нібыта за камэрцыйны шпіянаж супраць Беларусі Менскім гарадзкім судом. Скаргу Зэльцэра разглядаў Вярхоўны суд, але пакінуў прысуд бязь зьменаў. Адвакат Зьміцер Гарачка дагэтуль ня можа атрымаць копію судовай пастановы. Гэта ён лічыць спробай стварыць штучную перашкоду на шляху звароту ў міжнародныя судовыя інстанцыі. І ўсё ж днямі дакумэнты справы Эмануіла Зэльцэра былі адпраўленыя для разгляду ў камісію правоў чалавека ААН. Гэта зрабілі амэрыканскія адвакаты, якія апякуюцца справай свайго калегі Эмануіла Зэльцэра.

Адвакат Зьміцер Гарачка, які абараняе інтарэсы Эмануіла Зэльцэра ў Беларусі, вітаў тое, што справай ягонага падабароннага займаецца ўсё больш людзей:

“Усе спрабуюць патлумачыць і даказаць, што чалавек знаходзіцца тут, скажу так, не зусім справядліва, не зусім законна”.

Эмануіл Зэльцэр адбывае пакараньне ў 15-й калёніі, што ў Магілёве. Паводле зьвестак з калёніі, адміністрацыя разьмеркавала яго ў 1-ы атрад і вызначыла, дзе будзе працаваць амэрыканец — нібыта яму давераць сачыць за парадкам у клюбе. Але выконваць гэтыя абавязкі былы адвакат яшчэ не пачаў:

“Яго фармальна прымацавалі да атраду, але ён дагэтуль знаходзіцца ў бальніцы і, мяркую, яшчэ там будзе пэўны час. Адчувае сябе па-ранейшаму: скача ціск, баляць ногі і сьпіна. Зьменаў да лепшага няма”.

Эмануіл Зэльцэр пакутуе на шэраг захворваньняў, у тым ліку хранічных. Незалежны доктар, які ўлетку аглядаў Эмануіла Зэльцэра ў ізалятары КДБ, рэкамэндаваў пакласьці яго на лячэньне ў цывільны шпіталь, дзе ёсьць умовы для якаснага лячэньня. Між тым беларускія ўлады гэтага не зрабілі. Гэтаксама Эмануілу Зэльцэру не дазволілі прымаць лекі, да якіх ён прызвычаіўся. Паводле зьвестак Зьмітра Гарачкі, лекі, якія ён прымае зараз, толькі падтрымліваюць ягоны цяперашні стан, але не дапамагаюць у лячэньні.

Адвакат Зьміцер Гарачка абверг зьвесткі, што Эмануіла Зэльцэра нібыта зьбіраюцца пакласьці ў турэмны шпіталь у Менску. Паводле адваката, гэтаму перашкаджае надзвычай нетрывалы ціск у падабароннага.

“Гэта ж у яго пачалося пасьля таго, як яго этапавалі зь менскага сьледчага ізалятара ў магілёўскую калёнію. Ціск увесь час скача, стан здароўя ніяк ня можа палепшыцца”.

30 сьнежня адвакат Зьміцер Гарачка плянуе зноў наведаць Эмануіла Зэльцэра ў калёніі.

Эмануіл Зэльцэр разам з сакратаркай Уладленай Функ (Брусковай) былі арыштаваныя ў менскім аэрапорце 2 сакавіка, пасьля прылёту зь Лёндану. Марк Зэльцэр, які жыве ў Нью-Ёрку, мяркуе, што ягоны брат стаў ахвярай інтрыг вакол спадчыны заўчасна памерлага грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі, чый сваяк Джозэф Кей наняў Эмануіла Зэльцэра. Паводле Марка Зэльцэра, на гэтую спадчыну прэтэндуе і Барыс Беразоўскі, які нібыта справакаваў арышт Зэльцэра. Расейскі алігарх-уцякач абвяргае сваю датычнасьць да гэтай справы.

Уладлена Функ (Брускова), якую пакаралі годам зьняволеньня, адбывае пакараньне ў гомельскай жаночай калёніі. Паводле зьвестак, сакратарку Зэльцэра паставілі шыць ватоўкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG