Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля паловы індывідуальных прадпрымальнікаў Цэнтральнага рынку Гомеля, нягледзячы на некаторыя саступкі ўладаў, не зьбіраюцца плаціць падаткі, каб працаваць у студзені, адразу пасьля Новага году. Гэта зьвязана зь цяжарам выплат, якія абрынуліся на прадпрымальнікаў паводле ўказу № 703.

Старшыня рады прадпрымальнікаў Цэнтральнага рынку Аляксандар Рубчэня так пракамэнтаваў цяперашнюю сытуацыю ў асяродку прадпрымальнікаў:

“Сытуацыя склалася дваістая. Першапачаткова, калі сказалі, што зьмены ў працы будуць нязначныя, людзі пайшлі плаціць, паколькі ім дазволілі гандляваць таварам бяз мытнага афармленьня. Цяпер ужо шмат хто кажа, што падатковая нагрузка для іх будзе непасільная — яны будуць банкротамі. Ніхто ня ведае, як трэба гандляваць, каб перакрыць адзіны падатак, арэндную плату, адлiчэньні ў фонд сацыяльнай абароны, сэртыфікацыю ды іншае. Людзі, якія да гэтага часу не заплацілі падатак, заяўляюць, што будуць чакаць, пакуль стануць вядомымі ўсе зьмены. І ўжо потым падлічаць, ці здолеюць яны наогул працаваць”.
Ніхто ня ведае, як трэба гандляваць, каб перакрыць адзіны падатак, арэндную плату, адлiчэньні ў фонд сацыяльнай абароны, сэртыфікацыю ды іншае.


Паводле інфармацыі спадара Рубчэні, толькі каля паловы прадпрымальнікаў заплацілі падатак, каб мець магчымасьць працаваць у студзені. Але адноснае зацішша будзе нядоўгім:

“Пройдзе месяц-паўтара, і калі людзі збанкрутуюць, то зразумеюць, што яны ня ў стане працаваць. Яны ўсе тады выйдуць на вуліцы гарадоў. І ня толькі ў Гомелі ды Менску — ва ўсіх населеных пунктах”.

Прадпрымальнік Аляксей, якія гандлюе рознымі культтаварамі, распавёў, што вымушаны згортваць гандаль з прычыны непасільных плацяжоў, якія абрынуліся пасьля выхаду ўказу № 703:

“У нас гандлёвае месца і ў горадзе было, дык мы яго вымушана закрываем. Паводле новых ставак прыбытак атрымліваецца меншы, чымсьці ўсе выплаты. У суме, з улікам новых ставак, трэба будзе плаціць на месяц 2—2,5 мільёна рублёў. Каб унесьці ўсе выплаты, трэба гандляваць на ўзроўні супэрмаркету”.

Яшчэ адна прадпрымальніца распавяла, што сыходзіць у студзені ў адпачынак і не зьбіраецца плаціць падаткі, якімі, па сутнасьці, нішчаць дробны бізнэс:

“Прадпрымальніцтва зьнішчаецца поўнасьцю, бо з аднаго гандлёвага пункту немагчыма заплаціць толькі падаткаў на шэсьцьсот даляраў. Гэта наагул нерэальна. Зь першага студзеня асабіста я ніякіх падаткаў плаціць ня буду. Пайду ў адпачынак — пакуль гэтыя новыя стаўкі афіцыйна ня будуць абвешчаны нашымі гомельскімі ўладамі. У гэты час, у студзені, муж едзе ў Расейскую Фэдэрацыю, каб там уладкоўваць свой бізнэс”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG