Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных спраў Літвы Вігаўдас Ушацкас падчас сёньняшняга візыту ў Менск заявіў журналістам, што Эўразьвяз і Літва чакаюць у новым годзе крокаў па дэмакратызацыі Беларусі.

Спадар Ушацкас запрасіў міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава наведаць Літву ў наступным годзе.

Вігаўдас Ушацкас
правёў сустрэчы з кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімерам Макеем, зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым, а таксама з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазыцыі - Аляксандрам Казуліным, Аляксандрам Мілінкевічам, Анатолем Лябедзькам, Сяргеем Калякіным, Станіславам Шушкевічам і Аляксеем Янукевічам. Ён заявіў, што прыехаў у Беларусь, каб “ствараць агульную будучыню адзінай Эўропы”.

Паводле спадара Ўшацкаса, падчас сустрэчы з Уладзімерам Макеем абмяркоўвалася “будучыня беларуска-літоўскіх дачыненьняў у адзінай Эўропе”. Літоўскі бок вітае актывізацыю стасункаў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Спадар Ушацкас адзначыў, што Эўразьвяз рыхтуе ініцыятыву па ўсходнім партнэрстве і Літва “вітае крокі, якія робіць беларускі ўрад для таго, каб Беларусь была сябрам гэтай ініцыятывы ў будучым”.

На пытаньне, ці гатовая Беларусь прыняць ініцыятыву Ўсходняга партнэрства, міністар Мартынаў адказаў, што Беларусь ставіцца да яе станоўча:

Мы ў прынцыпе пазытыўна ставімся да свайго патэнцыйнага
ўдзелу
“У працэсе распрацоўкі гэтай ініцыятывы яе галоўныя ініцыятары кансультаваліся зь Беларусьсю. І ўзаемадзеяньне на гэтыя тэмы было дастаткова цесным. Мы павінны дачакацца, калі гэтая ініцыятыва будзе канчаткова прынятая. І канчаткова наша ацэнка і магчымасьці нашага ўдзелу будуць залежаць ад таго, які канчатковы выгляд будзе мець гэтая ініцыятыва. Мы ў прынцыпе пазытыўна ставімся да свайго патэнцыйнага ўдзелу”.

На пытаньне карэспандэнта “Свабоды”, якіх крокаў у новым годзе чакаюць Эўразьвяз і Літва ад Беларусі ў рамках палітыкі Ўсходняга партнэрства, спадар Ушацкас адзначыў:

“Дэмакратызацыя — гэта адзін з блёкаў ініцыятывы Ўсходняга партнэрства. І мы сочым за некаторымі крокамі, якія былі зробленыя беларускім бокам. Вы ведаеце, што літаральна два тыдні таму быў зарэгістраваны грамадзкі рух пад кіраўніцтвам Аляксандра Мілінкевіча. Таксама былі зарэгістраваныя дзьве незалежныя газэты ў Беларусі. Я думаю, што беларускаму боку добра вядома, што Эўразьвяз чакае крокаў па ўмацаваньні ці будаўніцтве адкрытага грамадзтва Беларусі. І мы спадзяемся, што такія самасьвядомыя крокі будуць зроблены беларускім бокам”.

Спадар Ушацкас таксама сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай дэмакратычнай апазыцыі. Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, абраны маршрут для першага візыту — Тбілісі, Кіеў, Менск — гаворыць пра прыярытэты літоўскага боку:

Літва ў фармаце ЭЗ і як самастойная дзяржава будзе праяўляць цікавасьць да беларускага пытаньня
“Прыемны такі знак. Гэта азначае, што Літва ў фармаце ЭЗ і як самастойная дзяржава будзе праяўляць цікавасьць да беларускага пытаньня. І зараз перад намі стаіць задача, каб максымальна сфакусаваць гэты інтарэс на вырашэньні канкрэтных праблем, якія ёсьць у Беларусі. У нас ужо ёсьць стасункі са спадаром Ушацкасам. Мы зь ім некалькі разоў сустракаліся, калі ён яшчэ быў амбасадарам Літвы ў ЗША. І ўжо тады ў пэўнай ступені ён быў заангажаваны ў беларускае пытаньне. Так, спрыяў арганізацыі шэрагу нашых сустрэч у Вашынгтоне. Я спадзяюся на плённае супрацоўніцтва”.

Падчас візыту таксама былі абмеркаваныя пытаньні двухбаковага супрацоўніцтва ў сфэры эканомікі і энэргетычнай бясьпекі. Паводле спадара Ўшацкаса, у Кіеве абмяркоўвалася магчымасьць стварэньня трохбаковай працоўнай групы ў пытаньні імпарту ўкраінскай электраэнэргіі ў Літву празь Беларусь. Таксама ішла гаворка пра будоўлю беларускай атамнай электрастанцыі. Спадар Ушацкас адзначыў, што падчас сустрэчаў зь міністрам Мартынавым і кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Макеем было адзначана, што беларускі бок пакуль не прыняў тут “фінальнага палітычнага рашэньня і літоўскі бок тут будзе інфармаваны”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG