Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтва Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў прызнала днямі, што цягам апошніх месяцаў адбыўся спад аб’ёмаў вытворчасьці.


Сярод прычынаў называюцца зьмяншэньне паставак па каапэрацыі на Менскі трактарны завод і экспартных паставак у Расею. Паводле дырэктара прадпрыемства Аляксандра Аграновіча, спад аб’ёмаў вытворчасьці прывёў да зьмяншэньня фонду працоўнага часу, перагляду арганізацыі працоўных месцаў і аптымізацыі колькасьці працоўных. Спадар Аграновіч заяўляе, што масавых звальненьняў на заводзе не дапусьціць.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у лістападзе й сьнежні Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў паставіў прадукцыі ў Менск удвая менш, чым за ранейшыя дзесяць сёлетніх месяцаў. У Расеі ж попыт на прадукцыю заводу зьменшыўся на 28%.

Камэнтаваць “Радыё Свабода” сытуацыю на прадпрыемстве кіраўніцтва адмовілася, аднак прызнала, што праблемы ёсьць:

“У нас ёсьць свае праблемы, але мы шукаем новыя рынкі збыту, мы шукаем новых партнэраў. Аднак гэта ўсё ідзе згодна зь цяперашнім часам. Як і ўва ўсіх”, — сказаў намесьнік дырэктара заводу Пётар Плабадчук.

Як удалося высьветліць, заробкавы фонд прадпрыемства ў лістападзе зьменшыўся ў параўнаньні з кастрычнікам на 460 мільёнаў рублёў. На думку некаторых спэцыялістаў, у сьнежні ён зьменшыцца яшчэ болей.

Афіцыйныя крыніцы са спасылкай на дырэктара заводу Аляксандра Аграновіча перадаюць, што спад аб’ёмаў вытворчасьці прывёў да неабходнасьці зьмяншэньня фонду працоўнага часу, перагляду арганізацыі працоўных месцаў ды аптымізацыі колькасьці працоўных. Кіраўнік прадпрыемства запэўнівае, што масавых скарачэньняў працоўных ня будзе.

Завод трактарных дэталяў і агрэгатаў — адно зь нешматлікіх прадпрыемстваў Магілёўшчыны, на якім дзейнічае суполка Свабоднага прафсаюзу Беларускага. Паводле яе кіраўніка Міхаіла Кавалькова, сяброў суполкі — каля трохсот чалавек.

Міхал Кавалькоў перакананы, што кіраўніцтва само пакуль не гатовае да масавых скарачэньняў.
Выгадней за ўсё — гэта непадаўжэньне кантрактаў

“Каб скараціць работнікаў, то гэта трэба выплачваць трохмесячную дапамогу. Калі ён атрымлівае каля мільёна, то й выплачваць яму такія грошы... Ну ладна, аднаго можна скараціць, а калі масавыя скарачэньні, то гэта нявыгадна. Выгадней за ўсё — гэта непадаўжэньне кантрактаў”, — мяркуе прафсаюзны актывіст Міхаіл Кавалькоў.

Паводле прафсаюзнага актывіста, завод на дадзены момант працуе.

Што да намераў адміністрацыі аптымізаваць колькасьць працоўных, то спадар Кавалькоў выказвае сваю думку наконт гэтага:

“Аптымізацыя сама па сабе прыйдзе. За кастрычнік у нас быў прыняты адзін чалавек на завод, а звольнена пяцьдзясят. То бок звольнена па адмоўных матывах і па згодзе бакоў. Цяпер, калі ты пішаш заяву па згодзе бакоў, цябе адразу ж звальняюць. Хаця паўгода таму пра гэта й гаворкі не было”.

Пра тое, што ня ўсе звольненыя працаўнікі заводу пагадзіліся са сваёй доляй, кажуць ананімныя скаргі. Пра іх згадаў намесьнік дырэктара заводу Пётар Плабадчук:
Ананімка прыходзіла на імя пракурора й у міністэрства прамысловасьці

“Ананімка прыходзіла на імя пракурора нашага Першамайскага раёну й прыходзіла ў міністэрства прамысловасьці. Адказалі ўсім і ўсюды, цалкам далі афіцыйныя, як яно ёсьць, лічбы. Гэта, відавочна, адзін і той жа чалавек піша”.

Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў — найбуйнейшае прадпрыемства ў Беларусі, якое вырабляе запасныя часткі і камплектуючыя вузлы да ўсіх мадыфікацыяў трактароў “Беларус”. Ад сёлета завод пачаў сам зьбіраць адну з мадыфікацыяў трактара. Прадукцыю завод пастаўляе ў Расею, Украіну, а таксама ў краіны Азіі й Эўразьвязу.

XS
SM
MD
LG