Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гарадзенскіх аптэках няма польскіх лекаў


У гарадзенскіх аптэках хворыя на сэрца ўжо больш за тыдзень ня могуць набыць польскіх лекаў Molsidominum.


Спадар спрабаваў набыць лекі для маці, аб’езьдзіў некалькі аптэкаў, але фармацэўты патлумачылі, што зараз у горадзе гэтых лекаў няма й заменьнікаў для іх таксама. Яго гэта вельмі абурыла.

Спадар: “Трэба заказваць, каб з Польшчы прывезьлі лекі, бо мне сказалі ў аптэцы, што да 10-га ня будзе. Дык што гэта такое? Цікава, з чым гэта зьвязана? Калі завод там зачынілі, то я зразумею, але калі гэта з-за ”руплівасьці” нашых гарадзенскіх фармацэўтаў, то як так можа быць...”

У абласным фармацэўтычным упраўленьні намесьніца дырэктара па забесьпячэньні лекамі Натальля Пазьнякова паведаміла, што лекі ўжо даставілі ў горад, але зараз яны знаходзяцца на мытні.

Я запытаўся — калі яны патрапяць у аптэку?

Пазьнякова: “Адразу я адказаць вам не магу. Я павінна зьвязацца з дэклярантамі, якія займаюцца мытнай ачысткай, удакладніць. Магчыма, у іх ужо працэс скончыўся. Ведаю, што празь некалькі дзён лекі будуць у аптэцы”.

Удакладняю ў спадарыні Пазьняковай — чаму лекі своечасова не трапляюць у аптэкі?

Пазьнякова: “Мы падаем заяўку своечасова, а кампанія, якая нам дастаўляе гэты тавар з Польшчы, напэўна, мае нейкія свае праблемы. Іншыя кампаніі робяць гэта хутчэй, а што тычыцца польскіх заводаў, то яны звычайна зацягваюць з дастаўкай”.

Я паспрабаваў высьветліць, ці можна набыць падобныя лекі ў камэрцыйнай аптэцы. І вось што мне адказалі ў даведцы:

“Няма нідзе Малсідаміну. Неяк раней быў увесь час у продажы, а цяпер няма. Зьявіцца, калі яго перарэгіструюць, але калі гэта будзе, я вам сказаць не магу”.

У гарадзенскай аптэцы № 131 я спрабаваў даведацца ў наведнікаў, ці заўсёды яны могуць набыць тыя лекі, якія ім патрэбныя. Вось што мне адказвалі:

Спадар: “Часта даводзіцца карыстацца даведкай: вышукваеш тую аптэку, дзе ёсьць. А часам наагул няма. Але часьцей усё бывае”.

Спадарыня: “Я для мужа купляю імпартныя лекі, дык часта патрэбнай дозы не бывае. Але калі паезьдзіш па горадзе, то знойдзеш”.

Спадарыня: “Калі некалькі аптэкаў абыйсьці, то знойдзеш. Рэдка здараецца, калі зусім няма патрэбных лекаў”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG