Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі рок-фэст “Be Free” – падзея году


Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 28 сьнежня


Апошнім часам беларускія рок-фэстывалі адбываюцца за мяжой – на Беласточчыне, ва Ўкраіне. Але гэта не азначае, што ў Беларусі зьвяліся таленты, хутчэй наадварот. Пра новыя імёны ды гурты, што азначыліся на музычным небасхіле ў 2008 годзе, мы гутарым з музычным крытыкам Вітаўтам Мартыненкам.

Міхась Скобла: “Вітаўт, у тым, што рок-фэсты беларускія ладзяцца за мяжой, няма аніякага дзіва. Прычыны тут зразумелыя, але ці выконваюць такія замежныя фэсты сваю ролю? Бо нават дабрацца на іх ня кожны мэляман можа – з-за візавага рэжыму. Дык для каго яны ладзяцца, гэтыя фэсты?”

Вітаўт Мартыненка
Вітаўт Мартыненка:
“На гэтыя фэсты ў мяне погляд цалкам аптымістычны: ладзяцца яны для прыхільнікаў беларускай рок-музыкі. Нагадаю, што першы фэстываль “Басовішча” быў арганізаваны за мяжой таму, што ў 1986 годзе беларускія ўлады задушылі ў зародку спробу стварыць рок-фэст у БССР. І трэба сказаць, што “Басовішча” – сапраўды ўнікальная зьява. Беларускія сьпевакі й музыкі прыяжджаюць туды ня толькі паспаборнічаць паміж сабой, але і рэальна падтрымаць беларускі этнас у Польшчы.

Што да фэсту ў Луцку (ён потым перабраўся ў Львоў), то ён зьявіўся з-за крызы “Басовішча”. На Беласточчыну пачалі езьдзіць ангельскамоўныя гурты, прыкладам, “Rasta”, пачалі там прызы атрымліваць расейскамоўныя гурты, прыкладам, “Флаус и Кляйн”. То бок “Басовішча”, на жаль, стала дрэйфаваць убок ад нацыянальнага фарватэру”.

Скобла: “Але “Басовішча” мае свае традыцыі, ды і ладзіцца яно не на чужой зямлі. То бок фэст гэты патрэбен. Чаму ж ён занепадае?”

Мартыненка: “Справа ў тым, што ў нас ні палітычныя сілы, ні культурныя сілы не кантралююць сытуацыю. Мы жывем у зоне ўплыву імпэрыі, якая развальваецца, але ведаць пра гэта ня хоча. А таму працягвае жыць імпэрскімі замашкамі. У нас ёсьць беларускамоўныя антыбеларусы, і яны робяць сваю цёмную справу. Напрыклад, як ты думаеш, чаму “Басовішча” адхіліла ад адборачных тураў слыннага выдаўца нацыянальнай музыкі Віталя Супрановіча? Ён гадоў пяць пасьпяхова праводзіў адборы. Ягоная праца кагосьці не задаволіла. Узялі на яго месца другога чалавека. І адразу на “Басовішчы” пачаліся згаданыя вышэй казусы.

На шчасьце, гэтак званыя агенты ўплыву таксама знаходзяцца пад кантролем. І ёсьць здаровыя нацыянальныя сілы этнічных беларусаў у Польшчы, якія дапільноўваюць сытуацыю. Але пытаньні застаюцца. Чаму, прыкладам, я сышоў з журы “Басовішча”? Таму што там не было каго судзіць! Выступае Пятро Ялфімаў са сваім гуртом, сьпявае беларускую песьню – а яму прыз не даюць. А Ялфімаў – магутны талент, ён можа сьпяваць рэпэртуар Чэслава Нэмана! Хто ў нас на гэта здольны?! І тым ня менш, прыз яму не даюць. Разам са мной адышоў ад “Басовішча” і славуты мастак Лёнік Тарасэвіч, які выступаў фундатарам фэсту. То бок, сытуацыя на “Басовішчы” не задавальняе вельмі многіх. І сваімі дэмаршамі яны таксама ўплываюць на сытуацыю”.

Міхась Скобла
Скобла:
“Будзем усё ж спадзявацца, што “Басовішча” адродзіцца ў тым фармаце, у якім засноўвалася. Ты – сталы наведнік усіх канцэртаў і фэстаў. Ці зьявіліся ў 2008 годзе новыя цікавыя гурты?”

Мартыненка: “Іх шмат зьявілася. Напрыклад, гарадзенскі гурт “Тлуста луста”. Я люблю панк-рок, ён у нас то на ўздыме, то зноў занепадае. І вось гэтыя гарадзенскія хлопцы акурат узялі сёлета на “Басовішчы” галоўны прыз і выдалі ў “БМАgroup” свой дэбютны альбом “Блін першы”. Гэткі вясёлы панк-рок на вершы Цёткі”.

Скобла: “Дык хоць “першы блін” аказаўся не камяком?”

Мартыненка: “Блін першы” атрымаўся выдатны, але запісваўся ён у Ваўкавыску, і гэта адбілася на ягонай якасьці. Вось калі “Тлуста луста” паедзе пісацца ў Польшчу (паводле ўмоваў “Басовішча” яны маюць такую магчымасьць), я думаю, што другі альбом будзе яшчэ лепшы. Наступны цікавы гурт – “Джамбібум” (дарэчы, сёлета выйшаў соты дыск “БМАgroup”, і ім аказаўся альбом гэтага гурта). Назва нібыта чужая, але гэта сьвядомыя хлопцы, у іх такая вясёлая, пазытыўная музыка. Нам акурат такой бракуе, у нас вельмі шмат праблемных песьняў, патрыятычных. Так што, “Джамбібум” – таксама адкрыцьцё.

І яшчэ пра адно ўнікальнае адкрыцьцё, прычым вакальнае, не магу прамаўчаць. Прызнаюся, я не люблю такой музыкі – у жанры фальклёрнага джазу. Маю на ўвазе гурт Насты Някрасавай, яна сёньня займае першыя месцы ў многіх гіт-парадах, сьпявае на канцэртах знакамітых рок-гуртоў. І гэта карыстаецца попытам, бо вельмі прафэсійна зроблена. Што яшчэ цікава – сёлета ў рэгіёнах вельмі многа цікавых калектываў зьявілася. Я думаў, што магілёўскі гурт “Заточка” – чыста расейскія справы. Але сустрэўся зь імі на “Амбасовішчы” – аказалася такая сьвядомая каманда!”

Скобла: “У Беларусі паводле даўняй традыцыі сьцяг беларускай песьні заўсёды высока трымалі барды. А ў гэтым жанры ці ёсьць адкрыцьці?”

Мартыненка: “Упершыню зьявіўся бард, якога зь цікавасьцю слухаюць аматары рок-музыкі, – Тацяна Беланогая з Маладзечна. У яе голас – дай Божа! Яна – зьява ўнікальная ў бардаўскай песьні. Уражаньне ад яе – як некалі было ад Вальжыны Цярэшчанкі. Тацяна ўжо ўзяла некалькі прэстыжных прызоў, у тым ліку на фэстывалі “Бельская бардаўская восень”, на польскім паэтычным фэстывалі “OPPA”. Там жа, у Польшчы, яна выдала свой альбом, ён дайшоў да Беларусі, прадаецца ў нашых крамах.

Сёлета ўпершыню ў нас выйшаў зборны бардаўскі альбом “Вольныя песьні”. Я не чакаў, што гэтак цікава праявяць сябе аўтары, ужо, здаецца, вядомыя. Той жа Лявон Тышкевіч з Маладзечна. Я неяк назваў яго ў адным з артыкулаў “беларускім Разэнбаўмам”. У іх падобныя тэмбры голасу. І ў абодвух – вельмі моцная энэргетыка. Нечакана праявіўся Андрэй Плясанаў, які прыйшоў у бардаўскую песьню з рокераў. Ён займаўся ў сваёй студыі праектам “Вольныя песьні”, не вытрымаў і сам узяў у рукі акустычную гітару”.

Скобла: “У многіх на памяці сёлетні паход беларускіх музыкаў у адміністрацыю прэзыдэнта на перамовы. Пра гэта шмат было выказана розных меркаваньняў, часам супрацьлеглых. Мы ня будзем даваць аніякіх ацэнак. Адкажы толькі: пасьля гэтых перамоваў уладаў з музыкамі ці пабольшала іх песьняў у дзяржаўным тэле- і радыёэфіры?”

Мартыненка: “Пабольшала – гэта факт. Сытуацыя зьмянілася. Скажам, уключаю я папулярную перадачку на канале “Лад” пад назвай “Анэкдоты”, а там Лявон Вольскі па-беларуску анэкдоты расказвае”.

Скобла: “Дык можа, яго туды і пускаюць анэкдоты расказваць. Абы не сьпяваў…”

Мартыненка: “Не, дык і зь песьнямі сталі хоць зрэдку пускаць. Насамрэч, беларускіх песьняў на БТ па-ранейшаму мала. Але зьмены заўважныя. І тут можна альбо смуткаваць, альбо радавацца. Я – радуюся, таму што шукаю і знаходжу. Я ўключаю “Аўтарадыё” – там цэлыя блёкі беларускамоўных песьняў. Але ёсьць яшчэ адна праблема: песьня гучыць, а імя аўтара не называецца. Называць аўтараў песьні – абавязак рэдактараў. А ў нас гэтага няма. Пра гэтую праблему трэба гаварыць паўсюль”.

Скобла: “Нашы выканаўцы любяць падыскутаваць на тэму: ці ёсьць у Беларусі свой шоў-бізнэс? І мне гэтыя дыскусіі нагадваюць маскіровачную сетку, пад якой гэты самы бізнэс пасьпяхова разьвіваецца. Ёсьць свае прадусары, свае сеткі распаўсюду прадукцыі… Ці ж ня так?”

Мартыненка: “Пра які бізнэс можна гаварыць, калі няма фінансаў? Выдаваць наклад у 1000 дыскаў – гэта растрата, а мы чамусьці лічым гэта бізнэсам. Гэта няправільны падыход. Шоў-бізнэс – гэта ва Ўкраіне: 30 тысячаў (гэта сьціплы наклад), 100 тысячаў, 150 тысячаў – вось вам “залаты дыск”. А ў нас “залаты дыск” атрымліваюць за тысячу ці дзьве. Які бізнэс з тысячы дыскаў? Гэта проста патугі паказаць, што мы ёсьць. Калі б дзяржава не перашкаджала, і ў нас быў бы шоў-бізнэс. Каб не былі, прыкладам, забароненыя песьні: “Як мы станем людзьмі, пабудуем тут горад, назавем яго проста – Балаховічаў град”. Хто ў нас дазволіць сьпяваць пра Балаховіча, ды яшчэ ў такім кантэксьце: “А пакуль тут пустэльня глухая, не чуваць роднай мовы ні ўдзень, ні ўначы”.

Скобла: “Шчыра прызнаюся: толькі ў двух месцах мне лёгка верыцца ў будучыню Беларусі: на беларускіх набажэнствах у каталіцкіх касьцёлах і на канцэртах беларускамоўных рок-гуртоў. А які ў цябе погляд на ролю музыкаў у падтрыманьні нацыянальнай ідэі?”

Мартыненка: “Роля насамрэч вялікая. Я прыходжу на канцэрт, і ў мяне ўражаньне, што трапіў у другую краіну. І музыкамі зроблена вельмі шмат. Ня так даўно мы выдалі кнігу “222 альбомы беларускага року”. Гэта толькі тое, што мы асэнсавалі, дзясятая, калі ня сотая частка ўсёй выдадзенай прадукцыі. Я перакананы: народ, якія ня мае ўласнай масавай культуры, асуджаны на зьнікненьне. Масавая культура можа не фармаваць нацыянальнай ідэі. Але людзі штодня слухаюць песьні на роднай мове, абмяркоўваюць на кухні. І ў галаве нешта застаецца”.

Скобла: “Мы тут згадалі Каталіцкі касьцёл і папулярную музыку – як заруку нашай беларускай будучыні. Але часам яны аб’ядноўваюцца, як гэта адбылося 26 сьнежня ў менскім Чырвоным касьцёле. І што тады ўзьнікае ў выніку аб’яднаньня?”

Мартыненка: “Вось акурат і ўзьнікла цэлая сэрыя альбомаў папулярных песьняў на хрысьціянскія тэмы. 26 сьнежня ў Чырвоным касьцёле прэзэнтаваліся тры такія альбомы: “Беларускі хрысьціянскі хіт-1”, “Беларускі хрысьціянскі хіт-2” і зборнік калядных песьняў “Хрыстос нарадзіўся”. Прычым, удзел у стварэньні гэтых дыскаў прымалі ўсе асноўныя канфэсіі: і праваслаўныя, і каталікі, і пратэстанты, і ўніяты”.

Скобла: “І апошняе: якую музычную падзею за 2008 год ты лічыш самай адметнай?”

Мартыненка: “Адкажу адназначна – гэта Львоўскі фэст “Be Free”. Неяк мая шаснаццацігадовая дачка спыталася: “Тата, а чаму ты перастаў езьдзіць на рок-фэсты? Давай зьезьдзім у Львоў!” Давай зьезьдзім. І я не расчараваўся. Па-першае, Львоў – вельмі прыгожы, каралеўскі горад. Па-другое, там адбываўся беларускі рок-фэст, і ўзровень камандаў быў высокі. І беларускія музыкі прадавалі свае альбомы, якія куплялі і беларусы, і ўкраінцы. Цікава, што на гэтым фэсьце маю кнігу “222 альбомы…” ахвотна набывалі людзі з Рэчыцы, з Магілёва, зь Берасьця. Бо ўдома яны яе набыць ня могуць. Так што “Be Free” – падзея году. Паздароў Божа ягоных арганізатараў!”


  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG