Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Алесь Каско, Аксана Спрынчан, Ганна Кісьліцына


Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 20 сьнежня


ЛІТПРАЦЭС

АКСАНА СПРЫНЧАН: “У ТАДЖЫКІСТАНЕ МНЕ ЦЯЖКА БЫЛО ЗНАЙСЬЦІ РАСЕЙСКАМОЎНЫХ”

Другая паэтычная кніжка пад сьцьвярджальным назовам “ЖываЯ”, прэмія на Міжнародным конкурсе “Садружнасьць дэбютаў”, безьліч публікацыяў у айчыннай пэрыёдыцы і сустрэчаў з чытачамі на творчых вечарынах – такім быў 2008 год для маладой паэткі Аксаны Спрынчан. Зь ёю сустрэлася Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Пачну зь віншаваньня з новай кніжкай. “ЖываЯ” – вельмі прыгожая назва, у якой акцэнт зроблены на апошняй літары. Чаму?”

Аксана Спрынчан: “Я ўвогуле люблю ўсё вылучанае. У назове маёй першай кнізе “Вершы ад А.” была вылучаная першая літара альфабэту, то цяпер я падумала: а чаму б ня вылучыць апошнюю? І гэткім чынам – асэнсаваць шлях паміж гэтымі дзьвюма літарамі і дзьвюма кніжкамі. Часам, калі чалавеку цяжка, ён пачуваецца амаль нежывым, і мо, глянуўшы на гэтую вокладку, адчуе, што ўсё ж жывая ягоная асоба. Ці, можа, каму-небудзь падасца, што ягоная краіна нежывая, а тут гляне на вокладку і пабачыць: жывая”.

Аксак: “Паміж першай і другой кніжкай у вас ужо здарылася міжнароднае, прынамсі, на постсавецкай прасторы, прызнаньне. 18 верасьня вы атрымалі прэмію ў намінацыі “За філязофскую лірыку” на міжнародным літаратурным конкурсе “Садружнасьць дэбютаў”. Упершыню гэты конкурс праводзіўся, і вы адразу сталі адной зь яго пераможцаў. Што вам як беларускай паэтцы даў удзел у гэтым конкурсе?”

Спрынчан: “Конкурс праводзіўся ў рамках Трэцяга форуму навуковай і творчай інтэлігенцыі краінаў СНД. Праходзіў ён у Душанбэ. Прэмію ўручаў прэзыдэнт Таджыкістану ў сваёй загараднай рэзыдэнцыі. Па ўмовах конкурсу яго ўдзельнікамі маглі быць літаратары да 35 гадоў, і так атрымалася, што літаральна на мой трыццаць пяты дзень народзінаў мне патэлефанавалі і паведамілі пра маё ляўрэацтва. Яшчэ б трошкі часу, і я не магла б атрымаць гэтай прэміі.

А Таджыкістан мяне вельмі натхніў. Там усё зусім іншае. Гэта вельмі моцная прастора. Там горы людзей засыпаюць, а беларусы насыпалі курганы. Краіна даволі бедная, праблемная, але ў іх – усё сваё. Там цяжка было знайсьці людзей, якія размаўляюць па-расейску, у Душанбэ няма шыльдаў па-расейску. Пры гэтым яны не скіраваныя супраць расейцаў, проста яны любяць сваё. Горад малады, пабудаваны за савецкай уладай, савецкі стыль дамоў, здаецца, такі, як і ў Менску. Але глядзіш на іх і заўважаеш усходнія матывы. Вось гэтае ўнясеньне ва ўсё свайго, нейкая яго абарона мне вельмі там спадабаліся”.

Аксак: “А на якой мове вы дасылалі вершы на конкурс?”

Спрынчан: “Іх пераклалі, як і вершы іншых удзельнікаў, на расейскую мову. Дарэчы, апынуўшыся на два з паловай дні ў Таджыкістане, я зразумела, што да гэтага гадоў сем не размаўляла па-расейску. У самалёце за чатыры гадзіны і дваццаць хвілінаў лёту я нанова вучылася размаўляць па-расейску з простымі таджыкамі, якія ляцелі на радзіму. Было дастаткова складана. Прынамсі, калі я вярнулася ў Беларусь, мне стала дыхаць вальней”.

Аксак: “Адной з тэмаў вашай вечарыны 19 сьнежня была “Казкі і показкі Лысай гары”. Нагадаю, што Лысая гара – гэта знакамітае месца, дзе разьмешчаныя лецішчы беларускіх пісьменьнікаў. Ужо ёсьць славуты і нават скандальны твор пра гэтае месца – “Сказ пра Лысую гару”. Што новага ў дадатак да гэтага твора вы сабралі ў сваіх казках і показках?”

Спрынчан: “Там ёсьць старыя пісьменьніцкія лецішчы і новыя. На жаль, на старых ужо вельмі мала пісьменьнікаў таго пакаленьня засталося. Васіль Зуёнак, Анатоль Вярцінскі... На новых лецішчах жыцьцё віруе больш. Нехта з маладзейшых набывае сабе там дамок, нехта жэніцца з нашчадкамі ранейшых уладальнікаў. Таму жыцьцё там абнаўляецца, і калі такая колькасьць творцаў канцэнтруецца ў адным месцы, то каб нічога там не адбывалася, гэта немагчыма. І нават многія матывы са “Сказу пра Лысую гару” можна было б перапісаць з сучаснымі прозьвішчамі, і нічога б у тых гісторыях не зьмянілася.

Лысая гара – цікавае месца. Раней там было паганскае капішча, а побач знаходзіцца вёска з назвай Малая Валоўшчына, якая паходзіць ад імя паганскага бога Вялеса. Цяпер вось праходзіць абмеркаваньне намінантаў на прэмію “Гліняны Вялес”, і было б вельмі добра, каб перамагла Галіна Дубянецкая – адна з лысагорскіх паэтак. Літаратурны Вялес павінен быць побач з Лысай гарой”.

Аксак: “А не здараецца на Лысай гары, як у вершы аднаго расейскага паэта: “Там жили поэты, и каждый встречал другого надменной улыбкой”?

Спрынчан: “На Лысай гары, мне падаецца, такое немагчыма. Хоць і кажуць, што на лысых горах звычайна зьбіраецца нейкая нячыстая сіла, але гэтая Лысая гара – сьвятое боскае месца, дзе напісана столькі твораў, што яно стала намоленым, як храм”.

АЎТАР І ТВОР

АЛЕСЬ КАСКО: “ПРЭМІЯ КАЛЕСЬНІКА БЫЛА ДЛЯ МЯНЕ НЕЧАКАНАСЬЦЮ”


У лістападзе ў Пінску былі абвешчаныя ляўрэаты берасьцейскай абласной Літаратурнай прэміі імя Ўладзімера Калесьніка. Імі сталі аўтары паэтычнага зборніка “Трохперсьце” Алесь Каско, Мікола Пракаповіч і Міхась Рудкоўскі (апошні – пасьмяротна). Калі ўлічыць той факт, што ніхто зь іх не ўваходзіў і не ўваходзіць у прыўладны Саюз пісьменьнікаў, то рашэньне берасьцейскіх уладаў сталася, відаць, нечаканасьцю для многіх. У тым ліку і для аднаго зь ляўрэатаў, зь якім спаткаўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла
Міхась Скобла:
“Алесь, прэмію ты атрымаў з рук кіраўніка Берасьцейскай абласной адміністрацыі Канстанціна Сумара. Пасьля столькіх гадоў няўвагі з боку ўлады цябе гэта не зьдзівіла?”

Алесь Каско: “Зьдзівіла, прэмія была для мяне нечаканасьцю. Бо й сапраўды мяне лічылі такім заўзятым, закаранелым апазыцыянэрам. Але я ня думаю, што ў літаратуры павінна быць яўная палітычная апазыцыя. Што да самой прэміі, то тут ня толькі мая заслуга, паколькі аўтараў у кнігі “Трохперсьце” трое. Я ня мог адмовіцца ад гэтай прэміі, паколькі Міхась Рудкоўскі быў маім блізкім сябрам, а Мікола Пракаповіч ім і цяпер застаецца. На ўручэньні мяне зьдзівіла і тое, што старшыня выканкаму Канстанцін Сумар размаўляў на выдатнай беларускай мове. Цікавыя адчуваньні наведалі мяне ў Пінску… Калі я бываў у Польшчы ці ва Ўкраіне, мне міжволі часам было зайздросна – як жа там улады з павагай ставяцца да сваёй культуры і мовы! І часам нават крыўдна рабілася, што я не паляк ці ўкраінец. А вось на Піншчыне, падчас ушанаваньня памяці Яўгеніі Янішчыц, калі ўручалі гэтыя абласныя прэміі, я не пашкадаваў, што – беларус”.

Скобла: “У Берасьцейскім аблвыканкаме прынятае правіла – адзін дзень у тыдзень чыноўнікі павінны размаўляць па-беларуску. Як ты ставісься да гэтай ініцыятывы? Ці хопіць аднаго дня?”

Алесь Каско
Каско:
“Калі мы былі ў Пінску на згаданым сьвяце, у нас была гаворка з ідэолягамі аблвыканкаму. Дарэчы, я толькі там і даведаўся, што такі дзень ёсьць. Што ж, дзякуй Богу, што хоць адзін дзень беларускамоўны зьявіўся. Бо і раней, і цяпер у нашых школах часам праводзіцца калі ня дзень, то тыдзень беларускай літаратуры. На той сустрэчы я гаварыў у вочы пінскім кіраўнікам, што горад зрусіфікаваны, паўсюль шыльды толькі па-расейску і г.д. І, як ні дзіўна, знайшліся ў кіраўніцтве гораду мае аднадумцы. Але знайшліся і такія, якія даволі цынічна ставяцца да гэтай праблемы. Маўляў, мы ня можам камандаваць, паколькі будуем дэмакратыю. Хто як хоча, той так і размаўляе, і шыльды на любой зь дзяржаўных моваў вешае”.

Скобла: “Пасьля такога прызнаньня з боку берасьцейскіх уладаў, пасьля прэміі, ці не прапаноўвалася табе перайсьці ў прыўладны Саюз пісьменьнікаў?”

Каско: “Не, гэтае пытаньне не падымалася. Але тады ж да мяне падсеў мой даўні знаёмец, рэдактар “Народнай газэты” Ўладзімер Андрыевіч і нібыта пажартаваў: “Вой, што робіцца: апазыцыянэру ўлады далі прэмію!” Кажу: “А што ж ты, сябра мой Андрыевіч, хочаш, каб і ў літаратуры была яўная апазыцыя? Тады вакол чаго мы, беларусы, зьяднаемся? Як мы зьяднаем творчую інтэлігенцыю, калі будзем навешваць на яе прадстаўнікоў палітычныя ярлыкі?” І ён сумеўся: “Вядома ж, еднасьць трэба”. Вось такая размова атрымалася. А як яно будзе далей – пабачым”.

Скобла: “А ці атрымліваецца ў вас супрацоўніцтва зь абласной філіяй прыўладнага Саюзу пісьменьнікаў, якою кіруе Анатоль Крэйдзіч?”

Каско: “Прынамсі, сварак у нас няма. Хоць нам і не падабаецца склад іхняй філіі. Таму што трэба дбаць не пра колькасьць людзей, а пра якасьць твораў, якія гэтыя людзі ствараюць. Але я не хачу ўмешвацца ў іхнія ўнутраныя справы. Ня дай Бог, каб вярнулася атмасфэра 30–40-х гадоў, калі пісаліся даносы і г.д. Такога сёньня няма. І можа, дзякуючы таму, што нядаўна многія з чальцоў таго саюзу былі нашымі сябрамі. Як гэта – адразу парваць сяброўства? Відаць, гэта адразу ня робіцца. Мы часам і на імпрэзах разам бываем. Калі можна так сказаць, мы бярэм прыклад з “Дзеяслова”, які друкуе творы незалежна ад таго, у якім саюзе знаходзіцца той ці іншы аўтар. Абы твор быў на ўзроўні. Па-мойму, добры прынцып”.

Скобла: “Ты працуеш на Жабінкаўскім раённым радыё. Раней пры раёнках і мясцовым радыё існавалі раённыя літаб’яднаньні. А што цяпер – ці ёсьць дзе зьбірацца тамтэйшым паэтам?”

Каско: “У Жабінцы нядаўна пры раённай дзіцячай бібліятэцы ўтвораная літаратурная суполка “Вестка”. Там сабраліся вельмі сымпатычныя хлопцы і дзяўчаты, чалавек дванаццаць. І сярод іх ёсьць здольныя, што праўда, ня толькі будучыя пісьменьнікі, але і мастакі, і сьпевакі. Мяне запрасілі быць там літкансультантам, і я з задавальненьнем прыняў прапанову. Будзем займацца, выяўляць і гадаваць таленты”.

АЛЕСЬ КАСКО. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

Усходнія суседзі


І

Яны выйшлі з варагаў,
перамяшаліся з чынгіс-ханамі,
спарадзілі жахлівых, разіных, ермакоў.
У ботах пятроўскіх,
папыхваючы каўказкімі піпкамі,
прайшлі паўшару зямнога.
Што Край мой на іхняй карце?
Абшараў малюсенькі ўскраек,
яшчэ не ўтаптаны ў дарогу
хлеба акраец.

ІІ

Далятаюць зьвесткі, што яны ў паходзе,
спадкаемцы вераломных ваяроў,
гэтак часта, што бянтэжымся:
на ўсходзе –
ці зара,
ці зноўку – зарыва і кроў?

* * *

Ты як пад наркозам,
жыцьця майго сад, –
парос вербалозам,
цьвіцеш неўпапад.

Учора і сёньня –
платы і платы.
Дай выйсьці з сутоньня,
з твае нематы.

Хай там, за мяжою,
сьвятло праціне,
хай там без двубою
праніжуць мяне

ці промень бліскучы,
ці ветру кінжал,
ці востры, балючы
шыпшынавы жаль.

Адкінуся ў полі,
і рукі – ушыр.
Так доўга ў няволі
быць нельга душы.

Хай гэткім запомняць
сябры мае ўсе:
у зрэнках – бляск промня,
а вейкі ў расе.

З кутка Нямеччыны

Тут, у Нямеччыне,
у цесным кутку Гельмштадта,
я дыхаў свабодай.
Бяру я адсюль па жменьцы
паветра, сонечных промняў і ўсьмешак,
каб там, куды вяртаюся,
вальней мне дыхнулася,
відушчай зірнулася
і годна сказалася:
– Годзе! Годзе гэтак мне жыць
там, на радзіме,
адкуль у вандроўку
ня ўзяў свабоды
ні жменькі.

* * *

Самота – на вяршыні дзён самота,
дагэтуль імітацыя была:
ты цемрай заварожваўся, а ўпотай
душа шчымела ў шчылінцы сьвятла.

Ты неўсьвядомлена і летуценна
быў схільны плакаць, вершамі балець,
ды нават боль быў з роснага мігценьня,
і толькі мімалётным ценем – сьмерць...

Зь нязьведаных, адчужаных вытокаў
прыйшла самота існаю, такой,
нібы ступіў ты ў цесны дом без вокнаў,
і дзьверы зачынілі за табой.

Адно, што ёсьць, – атвор у безнадзейнасьць,
у глыбіню сябе, да той мяжы,
калі адчай у найвышэйшай дзеі:
жахацца скону – і ня прагнуць жыць.

I так далёка ўсе, каму б ахвотна
на споведзі душа распавяла
пра гэтую – праўдзівую – самоту,
што колісь імітацыяй была!

Піліпаўская ноч

Па дарозе да шашы
аніводнае душы.
Не адну прайдзі вярсту,
знойдзеш толькі пустату.
Знойдзеш толькі пыл, пясок
ды бяздушны воўчы змрок.
Вычысьць памяць дабяла,
а ўсумнісься, ці была
хоць калісьці, хоць сьпярша
і ў тваёй душы душа.
Дзесь у небе ёсьць адна,
ды і тая не відна
ў цемры, бездані, цішы...
Спынісься наўскрай шашы.
«Хто там?» – выгукнеш у змрок.
«Гэта я», – адкажа воўк.

КРЫТЫКА

ГАННА КІСЬЛІЦЫНА: ЗАМКНЁНАЕ СХОВІШЧА СЭНСАЎ


Галіна Дубянецкая. Анадыямэна: вершы. – Бібліятэчка часопіса “Дзеяслоў”, Мн., Медысонт, 2008. – 96 стар.

Ганна Кісьліцына
Якая паўнакроўная ў нас паэзія! Усё спазнаецца ў параўнаньні – і гэта таксама. Варта ўзяць у рукі кнігу “Анадыямэна” Галіны Дубянецкай, каб усьвядоміць, якое ж крэпкае – кроў з малаком – пакаленьне вядзе сёньня рэй у літаратуры. У параўнаньні з новай паэтычнай генэрацыяй Дубянецкая выглядае царэўнай ў шкляной труне. Царэўнай, якая сьпіць-мроіць у чаканьні чароўнага дотыку.

Яе паэзія таксама чакала на выдавецкі пацалунак амаль дваццаць гадоў. Гэтыя незвычайныя вершы-замовы, творы-лябірынты, былі вядомыя ўжо пакаленьню “Тутэйшых”, зь якім яна і зьявілася ў літаратуры яшчэ ў сярэдзіне васьмідзесятых. Галіна друкавалася ў часопісе “Крыніца”, яе вершы былі добра вядомыя вузкаму колу аматараў такога кшталту паэзіі – вынікаючай з “мора” непраяўленасьці – на покліч любові – на здабыцьцё сымбалічных “ключоў” да незачыненай “брамы сэнсу”. Гэтыя словы гучаць як паэзія, а ўзятыя ўсяго толькі з анатацыі… Ці ня кожнае зь іх заключанае ў двухкосьсе – і магчыма, не таму, што яны сапраўды маюць нейкае прынцыпова адрознае значэньне, а таму, што аўтарка апантана вылучае і гермэтызуе словы і паняткі. Калі яе настаўнік Алесь Разанаў у сваёй паэзіі сэнсы размыкаў, вылушчваючы іх з-пад гукавой абалонкі слова, то яго вучаніцу займае адваротны працэс – хованкі, прычым так выглядае, што паэтка і сама ня ўпэўненая, ці ёсьць у гэтым плён, бо знарок прагаворваецца:

Шукаю шукаю шукаю
шукаю ключы…

ствараю спрабую кідаю
і зноў і зноў падбіраю
да брамы сваёй немагчымай
можа і не зачыненай


Паэзія Дубянецкай – гэта паэзія незавершанага дзеяньня, той выпадак, калі цікавіць ня вынік, а працэс. Адшукваньне і перахоўваньне “ключоў”, з аднаго боку, становіцца паэтычным крэда, з другога боку – стылестваральным элемэнтам, на якім трымаецца пазнавальнасьць яе творчай манэры. Іншым разам здаецца, што ў гэтых творах заблукалі сэнсы, што “ня месьцяцца ў словы”, іншы раз – што заблукалі словы:

па-над лесам
па-над часам
беглі думкі самапасам
беглі збрыквалі далоў
сям ды там
падкоўкі слоў.


Дакладна, словы і сэнсы для аўтаркі знаходзяцца ў розных ізаляваных прасторах, таму трэба прыкласьці пэўныя намаганьні ня столькі нават на тое, каб злучыць іх, а каб хоць увайсьці ў яе цякуча-пералівістую сыстэму каардынатаў. Калі ўлічыць, што самым часта ўжываным словам у кнізе “Анадыямэна” зьяўляецца вызначэньне “няўцямны”, то зразумела, што зрабіць гэта няпроста. І тут вельмі дапамагае мэлядычнасьць яе паэтычных радкоў, якія літаральна закалыхваюць чытача, уводзячы ў сонна-музычныя трызьненьні аўтаркі.

Чаканьне музыкі
трымценьне адплыцьця
настройка боскага аргана
вугольле гольля
полымя лісьця
вярэдзіць вецер апантана



маўленьне музыкі
жыцьцё – бяз паўз
агню з крышталяў сьпее вызваленьне
не для сябе
сабой
за нас
у іншасьветы вечнае ўжыўленьне


Калі ж з дапамогай спэцыфічнай аўтарскай рытмікі творы-замовы ўпусьцілі вас у сябе – не выключаю, што гэты працэс мог і не адбыцца! – вы ўжо здольныя заўважаць і расчытваць улюбёныя вобразы-сымбалі паэткі, што льюцца-перацякаюць з аднаго твора ў другі. Анадыямэна – “народжаная з мора”, згарэлая галінка, ранены алень, Белая Кветка… Аднак, у многім гэта пытаньне шанцаваньня – ці супадуць вашыя выявы, сьвет вашых унутраных вобразаў… Аўтарка і пальцам не паварушыць, каб дапамагчы вам у гэтым: паэтычны аўтызм – прынцыповы і непарушны прынцып кнігі. Акрэсьліваньне межаў уласнай тэрыторыі, за якімі віры і смуга сьвядомасьці, іншым разам здаюцца адзінай мэтай паэзіі Галіны Дубянецкай, яе спосабам уцялесьніцца, самазаснавацца…

хто мы ў тваім дыханьні
ласкай спасланы вечар
хто мы бязьмежных выспаў
ціхія ўладары
не дазавецца голас
дотык не дакранецца
толькі вагонь трапеча
толькі сьвятло гарыць


Пры адсутнасьці разуменьня можна задаволіцца радасьцю назіраньня і выслухоўваньня…


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG