Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 мільёнаў рублёў за пасквілі


Адна з гумарэсак “Ленінскага Кліча”

Адна з гумарэсак “Ленінскага Кліча”

Рэдактар незалежнай газэты “Вольны горад” Сяргей Няроўны й заснавальнік выданьня Ўладзімер Кудраўцаў хочуць спагнаць з рэдакцыі газэты Крычаўскага райвыканкаму “Ленінскі кліч” кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры 10 мільёнаў рублёў.


Сёньня судзьдзя Чавускага раённага суду Алена Каралькова адклала разгляд справы. Наступнае паседжаньне павінна адбыцца напрыканцы студзеня. Судзьдзя задаволіла просьбу адказьніка рэдактаркі раённай газэты “Ленінскі кліч” Тацяны Іўкінай.

Захварэў адзін з аўтараў публікацыяў намесьнік галоўнага рэдактара Ўладзімер Далецкі. Таксама ня змог зьявіцца на судовае паседжаньне юрыст газэты Андрэй Куракоў.

Нагодай для суду сталіся гумарэскі, якія публікавала крычаўская раёнка кожную суботу з 2005 да 2007 году. Іх, як усталяваў суд, пісалі рэдактарка “Ленінскага Кліча” Тацяна Іўкіна, яе намесьнік Уладзімер Далецкі, а таксама карэспандэнты выданьня Аляксандар Гаўрыленка ды Анатоль Іваноў.

У гумарэсках апісвалася дзейнасьць крычаўскіх апазыцыйных палітыкаў, грамадзкіх актывістаў ды журналістаў недзяржаўных выданьняў. Прозьвішчы пэрсанажаў гумарэсак скажаліся да мянушак, за якімі пазнаваліся канкрэтныя людзі. Абыгрываліся таксама факты зь іхняга асабістага жыцьця.

6 сакавіка судзьдзя Алена Каралько паставіла адправіць гумарэскі на лінгвістычную экспэртызу. Пару тыдняў таму судзьдзя атрымала вынікі экспэртызы, зь імі пасьпелі азнаёміцца й пазоўнікі.

Сяргей Няроўны (злева)
Паводле Сяргея Няроўнага экспэртызу праводзіла кандыдат філялягічных навук, экспэрт упраўленьня ўнутраных спраў Магілёўшчыны Аксана Шчарбакова. Вынікамі экспэртызы спадар Няроўны задаволены. Ён зазначае, што на сямідзесяці старонках дэталёва разгледжаныя ўсе спрэчныя моманты:

“Тое, што мы даводзілі суду пацьвердзіла і экспэрт. Яна лічыць, што ў пэрсанажах гумарэсак па відах дзейнасьці, характарыстыках, палітычных прыхільнасьцях сапраўды пазнаюцца канкрэтныя асобы. У гумарэсках прысутнічаюць абразы на адрас гэтых людзей. Экспэрт аднак пакінуў суду права канчатковага рашэньня, ці пазнаюцца ў пэрсанажах пазоўнікі”, паведаміў “Свабодзе” пасьля азнаямленьня з экспэртызаў Сяргей Няроўны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG