Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Каляды — цераз мэталашукальнікі


Двое міліцыянтаў са службовай машынай пільнуюць парадку ля галоўнай ялінкі вобласьці на плошчы Леніна ў Магілёве
Двое міліцыянтаў са службовай машынай пільнуюць парадку ля галоўнай ялінкі вобласьці на плошчы Леніна ў Магілёве

Упершыню сёлета магілёўцам, ахвочым пабачыць калядныя й навагоднія вечаровыя імпрэзы, давядзецца прайсьці праз мэталашукальнікі.

Такую працэдуру 25 сьнежня ўвечары зьведала не адна сотня гараджан. У гэты час на магілёўскай плошчы Зорак праходзіў сьвяточны канцэрт. Падыходы да яе міліцыянты абнесьлі турнікетамі ды выставілі свае ўзмоцненыя пасты. Каб патрапіць на канцэрт, людзям даводзілася спачатку выкласьці мабільныя тэлефоны, фотакамэры, а таксама мэталёвыя прадметы й прайсьці праз арку мэталашукальніка. Міліцыянты тлумачылі незадаволеным людзям, што гэта дзеля іх жа бясьпекі й што так цяпер будзе заўжды.

Як жа ставяцца магілёўцы да гэтай навацыі? Бальшыня апытаных сёньня гараджан зазначала, што яна стварае для іх дыскамфорт. А ці апраўданая яна?

Спадар: “Я лічу, што не. Гэта, відаць, напалохалі менскія падзеі. Аднак пытаньне яшчэ — хто там усё гэта зрабіў. У прынцыпе народ спакойны, і ніякіх выхадак хуліганскіх быць не павінна. Ну, могуць там лямпачку пабіць, шарыкі зьняць. Да выбухаў справа б не дайшла”.

Спадар: “Калі чалавек захоча нешта ўтварыць, для яго гэта не перашкода. Ну пройдзе ён праз кватэру, праз вакно, і ўсё. Калі дзяржаве трэба, значыцца, трэба”.

Спадар: “Неапраўдана, лічу. У людзей сьвята, а яны робяць тут няведама што. Гэта дыскамфорт. Няма ў нас такога крыміналу, каб сярод ночы, сярод дня лавіць некага. Проста нагнятаецца ў грамадзтве нешта, а што?”

Плошча Зорак — адно з улюблёных месцаў адпачынку магілёўцаў. Учора ўвечары канцэрт на ёй наведалі некалькі сот чалавек. Усіх абшукалі мэталашукальнікам. Міліцыянты тлумачылі, што такая працэдура цяпер будзе на ўсіх масавых гарадзкіх мерапрыемствах.

Магілёўская плошча Зорак: навагодні настрой пад аховай.

Зрэшты, мэталашукальнікі й турнікеты — не адзінае, што ўразіла магілёўцаў:

“Больш за ўсё мяне ўразіла тое, што амаль ля самой сцэны стаяў аўтазак. Такі ў яго ня дужа выгляд быў сьвяточны. Наагул я ня ведаю, што ён там рабіў. Мы вось ішлі ў касьцёл, і каб прайсьці міма, мы вымушаныя былі прайсьці гэтыя працэдуры. Я б, да прыкладу, паставіла шукальнік на алькаголь, гэта было б больш дзейсна”, — мяркуе адна з гараджанак, якую ўчора правялі праз мэталашукальнік.

Міліцыі нямала было й сёньня ўдзень. Усё тую ж плошчу Зорак патрулявалі двое міліцыянтаў. За парадкам на сьвяточным кірмашы насупраць гарвыканкаму пільнавалі шасьцёра. Каля галоўнай ялінкі вобласьці на магілёўскай плошчы Леніна за парадкам сачылі двое міліцыянтаў са службовай машынай.

Упершыню з турнікетамі й мэталашукальнікамі як сродкамі ўзмоцненага кантролю за грамадзкім парадкам магілёўцы пазнаёміліся сёлета, калі 18 ліпеня Магілёў наведваў Аляксандар Лукашэнка. Тады падыходы да цэнтральнай вуліцы абласнога цэнтру, Ленінскай і Савецкай плошчы перагарадзілі на некалькі гадзінаў.



У падтрыманьні грамадзкага парадку ў падчас калядных і навагодніх сьвятаў па ўсёй Беларусі будзе задзейнічана максымальная колькасьць супрацоўнікаў унутраных справаў, у тым ліку і кабінэтных супрацоўнікаў, інфармуе галоўнае ўправа аховы правапарадку міністэрства ўнутраных спраў. Паводле ўправы міліцыянты будуць сачыць ня толькі за людзьмі, але й за ялінамі. Міліцыянты спадзяюцца, што да такіх мераў людзі аднясуцца з разуменьнем.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG