Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лёндане на 79-м годзе жыцьця памёр выдатны брытанскі драматург, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры Гаралд Пінтэр. З 2002 году пісьменьнік змагаўся з ракам лёгкіх.

Пінтэр – аўтар 30 п’есаў, шырока вядомых ува ўсім сьвеце. Ацэньваючы драматурга ў 2005 годзе ўзнагародаю, Нобэлеўскі камітэт назваў яго “найвыдатнейшым прадстаўніком брытанскай драмы другой паловы XX стагодзьдзя, які паказвае пасткі, расстаўленыя за будзённай балбатнёю, і расчыняе дзьверы ў замкнёныя пакоі падсьвядомасьці”.

Гаралд Пінтэр нарадзіўся 10 кастрычніка 1930 году ў Лёндане ў сям’і габрэйскага краўца. Вучыўся ў Каралеўскай акадэміі драматычнага мастацтва. На пачатку 1950-х гадоў пачаў друкаваць вершы, а ў 1957 годзе была пастаўленая ягоная першая п’еса “Пакой”. Затым засяродзіўся на тэатральнай драматургіі, быў рэжысэрам, пісаў сцэнары для кіно і тэлебачаньня, сам шмат граў у тэатры.

Пінтэр шырока вядомы ня толькі як аўтар такіх п’есаў, як “Нямы афіцыянт”, “Дзень нараджэньня”, “Вартаўнік”, але і як праваабаронца і публічны праціўнік амэрыканскіх ваенных кампаніяў у Аўганістане і Іраку, дзеяньняў НАТО ў Югаславіі.

Драматург апекаваўся беларускім "Свабодным тэатрам", аддаўшы яму правы на пастаноўку сваіх п'есаў.

“Гэта, бадай, самая яркая асоба ў эўрапейскай драматургіі другой паловы XX стагодзьдзя, – лічыць тэатразнаўца Вячаслаў Ракіцкі. – Гэта чалавек, які адкрыў прынцыпова новыя шляхі ў драматургіі, што ўражвае фантастычнай формаю, глыбінёю, шырынёю мысьленьня, і надзвычай сцэнічная”.

На беларускую мову перакладзеная п’еса Пінтэра “Каханак” (часопіс “ARCHE” (2006. № 1-2), зборнік “Бог Скарпіён” (Менск-Вільня, 2007)).
XS
SM
MD
LG