Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ прыйшла ў школу-інтэрнат з падарункамі


Журналісты падсумавалі вынікі літаратурнага конкурсу, у якім узялі ўдзел выхаванцы школы-інтэрнату для дзяцей з парушэньнямі слыху. Усе ўдзельнікі атрымалі падарункі, а аўтары найцікавейшых творчых прац — яшчэ й памятныя прызы.


Уладальніца адмысловага прызу ад “Комсомольской правды” Марына Лук’янец.
15 хлопчыкаў і дзяўчатак з 7-х і 9-х клясаў падалі на конкурс свае творы — вершы і апавяданьні. Узнагародамі для пераможцаў сталі кнігі віцебскіх літаратараў Франца Сіўка, Сяргея Рублеўскага і Леаніда Сьвеціка. Свае творчыя працы падарылі дзецям і віцебскія фотамастакі: Антон Сьцепанішчаў перадаў у “прызавы фонд” фотаэтуд “Вечаровы Віцебск”, а Уладзімер Базан — кнігу-альбом “Віцебск. Шагал”. Адмысловы прыз — кубак ад рэдакцыі газэты “Комсомольская правда в Беларуси” — атрымала адна з найстарэйшых удзельніц конкурсу, аўтарка філязофскага эсэ “Справядлівасьць”, дзевяціклясьніца Марына Лук’янец, а сяміклясьніку Дзянісу Казіміру дастаўся насьценны гадзіньнік за замалёўку “Незвычайная сустрэча”.

Сяміклясьнік школы-інтэрнату для дзяцей з парушэньнямі слыху Дзяніс Казімір
У якасьці фундатараў конкурсу выступілі каардынатар руху “За свабоду” ў Віцебскай вобласьці Хрыстафор Жаляпаў, праваабаронца, прадстаўнік БХК Павал Левінаў, сябар БАЖу Леанід Сьвецік. Дзякуючы іхным дабрачынным ахвяраваньням арганізатары змаглі набыць для ўсіх удзельнікаў салодкія прызы і асадкі. А старшыня віцебскай філіі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Франц Сіўко перадаў дзецям кнігі з уласнай бібліятэкі.

Сябры БАЖу плянуюць таксама зьмясьціць найлепшыя творы ўдзельнікаў конкурсу на літаратурных старонках мясцовых газэт і падарыць паасобнікі юным аўтарам.

XS
SM
MD
LG