Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад дапамагае толькі абраным


Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук
Міністэрства эканомікі прапанавала шэраг крокаў для падтрымкі прадпрыемстваў рэальнага сэктару эканомікі. Сярод іх – кампэнсацыя часткі працэнтаў па банкаўскім крэдытам за кошт бюджэту, вызваленьне ад мытаў на асобныя віды сыравіны, устанаўленьне льготных тарыфаў на газ і энэргію ды іншае. Ці адэкватныя сытуацыі гэтыя крокі ўраду? Паводле якіх прынцыпаў адным прадпрыемствам будуць дапамагаць, а іншым – не? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Яраслаў Раманчук.


Віталь Цыганкоў
Цыганкоў:
“Наколькі правільныя гэтыя крокі ўраду? Ці ня будзе гэта надта вялікай нагрузкай для бюджэту?”

Раманчук: “Аляксандар Лукашэнка паставіў задачу ўраду будаваць лібэральную эканоміку, а ўрад зноў прапануе захады, якія нічым не адрозьніваюцца ад тых, што рабіліся і 5 і 10 гадоў таму. Проста тушыць пажар, даваць грошы прадпрыемствам, якія сядзяць у даўгах, і ня ведаюць, як збыць прадукцыю. Даваць на тое, каб яны іх праелі, і яшчэ больш уцягнулі краіну ў даўгавую яму. Гэта беспэрспэктыўна, таму невыпадкова спадар Лукашэнка незадаволены тым урадам, які ён сам прызначыў”.

Цыганкоў: “Але нават у ЗША падтрымліваюць вытворцаў. Аўтамабілебудаўнікі зьвярнуліся да ўладаў з просьбай даць ім мільярды даляраў, і ім, відаць, дадуць...”

Раманчук: “У ЗША прыватная эканоміка, і гэта выключны выпадак. А ў нас дзяржава з адной кішэні дастае і іншым дае. Беларусь павінна вельмі асьцярожна ставіцца да нейкіх замежных рэцэптаў і думаць сваёй галавой. А наша кіраўніцтва, на жаль, пакуль толькі можа капіраваць тое, што і так не працуе і давяло да крызісу многія эканомікі сьвету”.

Цыганкоў: “Захады ўраду вам не падабаюцца. Але як тады, па вашаму, варта ратаваць гэтыя прадпрыемствы, ці вы лічыце, што яны павінны загінуць?”

Раманчук: “Мне не падабаецца, што тут індывідуальны падыход да прадстаўленьня дапамогі. Калі ўжо зьніжаць падаткі, то зьніжаць усім. Мы прапанавалі, якія падаткі трэба зьнізіць і як – плоскія стаўкі, ПДВ (падатак на даданую вартасьць) 15 працэнтаў, сацыяльны падатак – 15 працэнтаў. Адмяніць многія адміністрацыйныя перашкоды.

Чаму дапамога толькі для абраных, чаму чыноўнікі вырашаюць, каму даць, а каму –не? Калі дапамагаць прадпрыемствам, то трэба зрабіць так, як мы прапануем – забясьпечыць выплату за кошт бюджэту заробку ўсім рабочым на 12 месяцаў. А за гэты час няхай прадпрыемствы рыхтуюцца да прыватызацыі і мадэрнізацыі.

Такім чынам, урад павінен браць адказнасьць за сацыяльны аспэкт палітыкі, але гэта ня мусіць быць спробай захаваньня старой структуры, якая яшчэ больш паглыне рэсурсаў, і ня дасьць ніякага станоўчага выніку.”

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG