Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці танны ён, “танны расейскі газ”?


Адкрываючы лядовы палац у Бярозе на Берасьцейшчыне, Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў вынікі газавых перамоваў з прэзыдэнтам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым.


Паводле Лукашэнкі, кошт газу для Беларусі цягам наступнага году будзе істотна зьніжаны: ад 1 студзеня да 31 сьнежня 2009-га цана паліва зьменшыцца ў 2,5—3 разы і ў сярэднім за год будзе прымальнай для Беларусі. На чым грунтуецца ўпэўненасьць Лукашэнкі? І што кіраўніцтва Беларусі гатовае прынесьці ў ахвяру за танны газ?

У расейскім канцэрне “Газпром” адмаўляюцца называць кошт газу для Беларусі ў 2009 годзе. Прадстаўнікі канцэрну абмяжоўваюцца адказамі, што дэталёвыя перамовы на ўзроўні асобных ведамстваў будуць ісьці да канца сьнежня, таму афіцыйны кантракт пакуль што не падпісаны.

У сваю чаргу Аляксандар Лукашэнка ўчора паведаміў журналістам афіцыйных СМІ, што перамовы ў Маскве хоць і былі складаныя, аднак прынцыповае пагадненьне ёсьць. Ён таксама сказаў, што за саступкі з боку Масквы Менск у даўгу не застанецца, і ўдакладніў: з боку Беларусі ніякіх перашкодаў у вырашэньні пытаньняў, якія паставіла Расея, няма. Сярод іншага гэта вайскова-палітычная, сацыяльная, эканамічная сфэры:

“Мы сапраўды дамовіліся па ўсіх пытаньнях. Я не хачу называць розных там лічбаў, цэнаў на газ і г.д., хоць яны абмяркоўваліся і мы дасягнулі канкрэтных пагадненьняў. Скажу толькі адно: кошт будзе падаючы. У сваю чаргу я расейцам сказаў — і прэм’еру, і прэзыдэнту, — што, вядома ж, беларусы ўдзячныя за дамоўленасьці, якіх мы дасягнулі. І мы, натуральна, у даўгу не застанемся. Хоць спрэчкі і былі гарачыя, але мы ў прынцыпе дамовіліся”.

Яшчэ раней намесьнік міністра эканомікі Ўладзімер Адашкевіч заяўляў, што Беларусь зьбіраецца купляць расейскі газ не вышэй як па 160 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў з наступным паніжэньнем да 140 даляраў. У другім паўгодзьдзі 2008 году кошт мае скласьці амаль 128 даляраў. У любым выпадку названыя сумы ў разы меншыя за цэны для краінаў СНД, ня кажучы пра Заходнюю Эўропу. Які бартэр Беларусі прапануе Масква за адносна танны прыродны газ?
Пасьля Новага году Палата прадстаўнікоў можа разгледзець зварот Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі аб прызнаньні незалежнасьці

Ускосна крамлёўскія патрабаваньні агучыў Аляксандар Лукашэнка. Ён заявіў, што 22 сьнежня на перамовах зь Мядзьведзевым абмяркоўваліся пытаньні пэрспэктыўных стасункаў з Абхазіяй і Паўднёвай Асэтыяй. Ён ня выключыў, што пасьля Новага году Палата прадстаўнікоў можа разгледзець зварот абедзьвюх рэспублік аб прызнаньні незалежнасьці. Пакуль іх прызналі толькі Расея і Нікарагуа. “Калі на тое будзе воля парлямэнту і народу, то прэзыдэнт падпіша адпаведны ўказ”, — запэўніў Лукашэнка.

Экспэрты называюць і іншыя саступкі Маскве. Так, Лукашэнка паабяцаў Мядзьведзеву, што расейскі рубель можа стаць для Беларусі рэзэрвовай валютай разам з далярам, эўра і юанем. Апроч таго, абмеркаваны комплекс пагадненьняў пра ўзмацненьне беларуска-расейскай групоўкі ў Беларусі: ужо на пачатку наступнага году бакі могуць падпісаць дамову аб адзінай сыстэме супрацьпаветранай абароны. Сёньня ў Менску абвешчана, што два першыя энэргаблёкі беларускай АЭС будзе будаваць расейскі “Росатом” — нават без правядзеньня тэндэру.

Экспэрт у энэргетычнай галіне, былы супрацоўнік Міністэрства энэргетыкі Валянцін Мацкевіч кажа, што адносна Беларусі “Газпром” апынуўся ў досыць складаным становішчы: нельга гандляваць сабе на страту, але і запярэчыць Крамлю немагчыма:
Яны зараз робяць сваю гульню

“Вядома, тут усе ўмовы газпрамаўскія. І прычынай — цяжкасьці, якія цяпер перажывае “Газпром”, бо не сакрэт, у якім складаным фінансавым стане канцэрн. Але ў сувязі з тым, што “Газпром” і іншыя краіны, якія здабываюць і экспартуюць газ, ствараюць свой правобраз OPEK, то яны ўжо фактычна адвязваюцца ад сусьветных цэнаў на нафту. І атрымліваецца, што яны цяпер робяць сваю гульню. А гульня ў тым і палягае: зразумела, што Расея хацела б зьмяншэньне прыбытковасьці ў Эўропе нейкім чынам кампэнсаваць падвышэньнем кошту для Ўкраіны і Беларусі. Але ж шмат з жабракоў ня возьмеш! Таму напачатку цана будзе павялічаная — больш за тое, на што разьлічвалі і што закладалі ў бюджэт. А гэта значна вышэй, чым 140 даляраў”.

Учора ў Маскве найбуйнейшыя сусьветныя экспартэры прыроднага газу дамовіліся не дэмпінгаваць і трымаць высокую цэнавую плянку на паліва. Прысутны на паседжаньні прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін наўпрост заявіў: сьвету трэба прызвычаіцца, што таннага газу больш ня будзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG