Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праціўнікі АЭС судзяцца з Астравецкім райвыканкамам


Сябры аргкамітэту “Астравецкая атамная — гэта злачынства” Мікола Ўласевіч і Іван Крук падалі пазоў у суд на Астравецкі райвыканкам пасьля таго, як ім не дазволілі ў лістападзе правесьці 5 пікетаў супраць будаўніцтва АЭС.


Сёньня павінна было адбыцца першае паседжаньне суду, але яго адклалі па хадайніцтве райвыканкаму. Сябры аргкамітэту лічаць, што ўлады наўмысна зацягваюць час.

Астравецкія ўлады палічылі, што пікетаваньне з адначасовым зборам подпісаў супярэчыць заканадаўству. У суд ніхто з гарвыканкаму не зьявіўся. Адтуль толькі даслалі пісьмовае хадайніцтва з просьбай перанесьці паседжаньне з прычыны занятасьці.

Другое хадайніцтва з гарвыканкаму тычылася таго, каб суд папрасіў Вярхоўны суд і Міністэрства юстыцыі даць тлумачэньне другога артыкулу Закону “Аб масавых мерапрыемствах”.

Першае хадайніцтва суд задаволіў і перанёс паседжаньне на 29 сьнежня. Другое хадайніцтва было адхілена.

Мікола Уласевіч
Сябры аргкамітэту лічаць, што ўлады наўмысна зацягваюць час, каб потым сказаць, што будаўніцтва станцыі ўжо вядзецца. Кажа Мікола Ўласевіч:

“Справа ў тым, што час ідзе і мы яго трацім на гэтыя судовыя цяжбы, калі трэба было б сустракацца з насельніцтвам і рабіць тое, што мы плянавалі”.

Сябры аргкамітэту працягваюць збор подпісаў супраць будаўніцтва АЭС. У Астравецкім раёне сабралі 205 подпісаў. Іван Крук кажа, што гэта даецца зь цяжкасьцю:

Іван Крук
“Што вы хочаце — людзі замбіраваныя. Улада абяцае, што будзе добрая праца”.

Іван Крук кажа, што аргкамітэт не спыняе дзейнасьці. Сябры аргкамітэту зьвярнуліся да міжнароднай супольнасьці й зьбіраюцца правесьці ў Астраўцы “круглы стол” з удзелам замежных навукоўцаў і грамадзкасьці Астравецкага раёну.

Дзеля гэтага ўжо пададзена заяўка ў райвыканкам з просьбай выдзеліць залю ў кінатэатры “Кастрычнік”. Пра меркаваную падзею сябры аргкамітэту паведамілі дзяржаўным СМІ.

Іван Крук перакананы, што ўлады ня здолеюць цяпер ім адмовіць у правядзеньні мерапрыемства:

“У дадзенай сытуацыі мы іх паставілі перад фактам. Я думаю, што дазволяць, павінны дазволіць правядзеньне гэтага мерапрыемства”.

Нагадаю яшчэ, што Астравецкі райвыканкам не дазволіў сябрам аргкамітэту правесьці мітынг-дыскусію, які плянаваўся на 27 сьнежня ў Міхалішках, спаслаўшыся на тое, што ў законе адсутнічае такое паняцьце, як мітынг-дыскусія.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG