Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Урад ня ведае ні роднай мовы, ні расейскай”


Слухачы абмяркоўваюць сустрэчу прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі, міжнародны фінансавы крызіс і ягоны ўплыў на эканамічнае становішча ў Беларусі, віншуюць з Калядамі і Новым годам.


Сустрэча прэзыдэнтаў Расеі і Беларусі, а таксама спробы афіцыйнага Менску атрымаць 100 мільярдаў расейскіх рублёў крэдыту — адна з тэмаў абмеркаваньня слухачоў Свабоды.

Спадар: “Паездка Лукашэнкі ў Крэмль ад грамадзтва закрытая. Насамрэч ніякіх канкрэтных дамоў не было. Масква паставіла Лукашэнку перад умовамі: маўляў, выканаеце іх — будуць вам і танны газ, і стомільярдны крэдыт у беларускіх рублях. А што было пакладзена беларускім бокам у ахвяру за даўгавое ярмо перад Масквою, хутка высьветліцца”.

Андрэй, Пінск: “Глядзеў выступ нашага прэзыдэнта ў Маскве на сустрэчы зь Дзьмітрыем Мядзьведзевым. Давялося прасіць сто мільярдаў крэдыту, цану на газ, ніжэйшую за цяперашнюю. Наша эканоміка — калос на гліняных нагах. Насамрэч трэ было павышаць эфэктыўнасьць эканомікі. І ў гэтым пляне нічога не было зроблена прэзыдэнтам і яго ўладай. Шмат часу і сродкаў патрачана марна, таму прэзыдэнту давялося прасіць грошы і шмат чаго іншага”.

Тацяна Барэль, Асіповічы: “Вось бярэм, бярэм крэдыты, зноў ямо. Шкада мне нашых нашчадкаў: ім прыйдзецца нашы крэдыты аддаваць”.

Міжнародны фінансавы крызіс, становішча прадпрымальнікаў, сытуацыя з мовай і рэлігіяй — тэмы наступных выказваньняў:

Ільля Копыл: “У выніку крызіснай сытуацыі ўношу наступную прапанову:

1. Ліквідаваць дзяржсавет саюзнай дзяржавы;
2. ліквідаваць саюзны парлямэнт;
3. звольніць са сваёй пасады сакратара саюзнай дзяржавы Паўла Барадзіна;
4. зэканомленыя сродкі накіраваць на падтрымку эканомікі”.

Спадар: “Цікава, каталіцкім сьвятарам з Польшчы працаваць у Беларусі не дазваляюць улады з той прычыны, што ня ведаюць беларускае мовы. А праваслаўныя сьвятары з Расеі таксама ня ведаюць беларускай мовы, але ім улады дазваляюць тут працаваць. Дык ці не прыходзіць пара маліцца і зьвяртацца да Бога па-беларуску? Вярнуць беларусам беларускую ўніяцкую царкву, забароненую ў 1839 ці 38 годзе Расеяй”.

Спадар: “Глядзеў учорашнюю нараду наконт прадпрымальнікаў. Ведаеце што, сапраўдны калгас. Вось адна толькі цытата: “Кішка ў нас танка зрабіць такое, як на Чаркізаўскім рынку”. Сам урад ня ведае ні роднай мовы, ні расейскай мовы”.

Працягваем праграму СМС-паведамленьнем ад слухача Андруся: “Я вас віншую з Божым Нараджэньнем і Новым Годам! Жадаю плённай працы і здароўя ўсім працаўнікам радыё, а таксама заставацца непахісна Свабоднымі!!!” З гэтай жа нагоды і наступныя тэлефанаваньні:

Мікалай, Валожынчшына: “Ад шчырага сэрца віншую са сьвятам Божага Нараджэньня, Новым годам і асабістым днём нараджэньня выдатнага лідэра моладзі Севярынца Паўла Канстанцінавіча. Зычу яму здароўя і плёну ў працы па стварэньні і рэгістрацыі ў новым годзе Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Дапамажы яму Божа”.

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Віншую “Свабоду” і вас, дарагія слухачы, з надыходам Новага году і Нараджэньнем Хрыстовым. Няхай у вашых сем’ях заўсёды будуць шчасьце, радасьць і ўзаемаразуменьне”.

Мікола Шаравар, Салігорск: “Паважаныя сябры! 24 сьнежня спаўняецца 210 год з дня народзінаў сусьветна вядомага паэта Адама Міцкевіча, апостала духу нацыі.

Ягонай творчасьці я прысьвячаю свой акраверш “Сьвятло з Завосься”:

Ах, як высока ў неба узьнялося
Душы сьвятло ліцьвінскага Завосься!
Адкрыла спраты таямніц духоўных
Міцкевіча зьмястоўных твораў, поўных
Узьнёслых песень рыцараў свабоды.
Мігценьне промняў зорнага сьвячэньня
Імкнецца духам з выспы адзначэньня
Цудоўны край апець і абясьсьмерціць,
Каб даўніны было няможна сьцерці.
Еўтэрпа-муза творцу апякала,
Чыстай славай вояў авявала,
І дару творчаму заўжды спрыяла
Чароўны сказ жыцьця напоўніць змогай,
У вечнасьць зьвесьці зь небыцьця зямнога”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG