Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 24 сьнежня 2008 году

Сьвяточны калядны вечар апусьціўся на зямлю. У яго незвычайныя гукі і пахі: і рыпеньне сьвежага сьнегу, і смалісты водар толькі што прынесенай зь лесу ялінкі, і лугавы пах сена, пакладзенага пад белы абрус, і далёкі голас касьцельных арганаў...

Дзіцячае чаканьне цуду, прадчуваньне казкі, спадзяваньне на незвычайнае... Усё гэта — Каляды.

У лістах, выбраных для сёньняшняй, апошняй у 2008-м годзе праграмы “Паштовая скрынка 111” — і сьвяточныя віншаваньні, і падсумаваньне вынікаў, і пажаданьні на будучы год.

А пачну са сьвяточнага допісу Сяргея Балбасава зь вёскі Старая Буда Буда-Кашалёўскага раёну. Слухач заклікае да новага позірку на не заўсёды радасную рэчаіснасьць. Ён піша:

“Часта слухаю вашы перадачы, прыслухоўваюся да меркаваньняў слухачоў, але не з усімі пагаджаюся. Чамусьці вам часта пішуць пра кепскае жыцьцё. Згодзен: жыцьцё цяпер ня мёд (амаль ва ўсіх). Але гэта — не прычына, каб забываць пра ўсё тое добрае, што адбываецца на сьвеце. Сябры, калі мы будзем скардзіцца на тое, што сёньня нам дрэнна, што заўтра таксама нічога добрага не чакаем — то будзьце ўпэўнены, што гэтыя думкі зробяць свой уплыў на будучыню. І тады сапраўды заўтрашні дзень прынясе ня самыя лепшыя навіны, калі не сказаць яшчэ горш.

А трэба спадзявацца і верыць, што будучыня нам усьміхнецца. Што заўтра будзе крышку лепш, чым сёньня. А празь дзень становішча яшчэ трошачкі зьменіцца. А калі грузнуць у чорных фарбах, дык ня дзіва, што можна атрымаць і душэўную траўму ад адных толькі невясёлых думак.

Так што, шаноўныя сябры “Свабоды”, няхай ва ўсіх нас будуць сьветлыя думкі і надзеі, а таксама спадзяваньні на лепшае жыцьцё. Давайце зробім любімую “Свабоду” месцам сустрэчы людзей аптымістычных і ўпэўненых у заўтрашнім дні. Вельмі хочацца, каб у перадачы “Паштовая скрынка 111” наш шаноўны Валянцін Жданко зачытваў болей радасных лістоў. Але, сябры, паверце: гэта ўжо ў нашых руках. Гэта залежыць ад нас саміх”,
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Сяргей Балбасаў зь вёскі Старая Буда Буда-Кашалёўскага раёну.

Сапраўды, Сяргей, без аптымістычнага позірку на жыцьцё, без надзеі і веры ў лепшую будучыню рэчаіснасьць часам выглядае зусім ужо змрочнай і беспрасьветнай. Але людзі пішуць нам пра тое, што яны ў сапраўднасьці бачаць і адчуваюць, якім успрымаюць гэты сьвет. Тым і цікавыя, і каштоўныя гэтыя лісты. З разнастайных думак, пачуцьцяў, уражаньняў — сьветлых і змрочных, узьнёслых і панурых — і складаецца стракатая карціна быцьця. Будзьце рознымі. І пішыце пра рознае. Галоўнае — шчыра.

2008 год застанецца ў гісторыі як час складаных эканамічных выпрабаваньняў, сусьветнага фінансавага крызісу, што ахапіў многія краіны. Балюча адбіўся ён і на Беларусі. Тэма эканамічнага крызісу — адна з галоўных у нашых праграмах, якія гучалі на працягу другой паловы мінулага году. Адбілася гэта і на пошце “Свабоды”.

Аўтар аднаго зь лістоў на гэту тэму — наш даўні сябар Васіль Валошка з Радашкавічаў Маладэчанскага раёну. Ён піша:

“І прэзыдэнт, і ўрад увесь час паўтараюць, што гэтая зараза (крызіс) узьнікла ня ў нас, а ў краінах з кепскім здароўем (эканомікай). А мы настолькі моцныя, што калі і падхопім гэты вірус, дык вельмі хутка яго адолеем. І тут я ўяўляю, што было б у заходнеэўрапейскай краіне, калі б яна апынулася ў нашым становішчы. Большая палова прадпрыемстваў — стратныя, траціна бюджэту ідзе на датацыі сельскай гаспадарцы, заробак у большасьці насельніцтва — 100—200 даляраў. Дапамога па беспрацоўі — 15—30 даляраў. Кошт бэнзіну ўдвая вышэйшы, чым у ЗША. І ўсё гэта пры цане газу ўтрая ніжэйшай, чым сусьветная, і пры сусьветных (а то і вышэйшых) цэнах на харчаваньне і прамысловыя вырабы.

І вось я задумаўся: што адбылося б у такой краіне? Паводле майго глыбокага перакананьня, у такой краіне ўжо даўно быў бы абвешчаны крызіс. А грамадзяне абвясьцілі б урад і прэзыдэнта банкрутамі і зьмялі б такую ўладу за лічаныя дні. Але гэта — у іх. А ў нас усё гэта называецца квітнеючай краінай. Хоць насамрэч менавіта нас гэтая зараза апанавала найбольш, і ўжо даўно эканамічны арганізм Беларусі ахоплены хваробай. Ну, а цяпер нам яшчэ дадалі дадатковых вірусаў. Так што, выглядае, вельмі няхутка мы ад усяго гэтага ачухаемся. Хоць напярэдадні Новага году і хочацца спадзявацца на лепшае”
, — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Васіль Валошка з пасёлку Радашкавічы Маладэчанскага раёну.

Вядома, эканамічныя праблемы дзяржавы балюча адбіваюцца на штодзённым жыцьці людзей. Але многія эканамісты і палітыкі знаходзяць у гэтым стане ня толькі нэгатыўныя моманты. Бо адначасова цяперашні крызіс — выпрабаваньне на жыцьцяздольнасьць для ўсёй эканамічнай і палітычнай сыстэмы, створанай у Беларусі. І ёсьць пэўныя шанцы на тое, што гэтае выпрабаваньне змусіць уладу да істотных рэформаў. Менавіта падчас падобных крызісаў адбываюцца найбольш заўважныя пераўтварэньні, якіх патрабуе новая сытуацыя. Згадайма: гарбачоўская перабудова таксама пачалася на тле зьніжэньня сусьветных нафтавых цэнаў і заняпаду савецкай эканомікі.

Пераднавагодні час у Беларусі — традыцыйная пара падпіскі на газэты і часопісы на будучы год. Падпісная кампанія шмат дзе ператвараецца ў кампанію палітычную. Пра гэта паведамляюць у сваіх лістах і слухачы “Свабоды”. Вось што піша з гэтай нагоды Алег Сяргееў зь Віцебску:

“Спорт у нас у краіне ў пашане. Найбольш моцныя спартсмэны ў абласьцях атрымліваюць дзяржаўныя стыпэндыі — 10 альбо 12 базавых велічыняў. Грошы гэтыя трацяцца на харчаваньне, вітаміны і г.д.

А вось у нас у Віцебскай вобласьці кіраўнікі аблспортупраўленьня заахвочваюць прымусовую падпіску на дзяржаўныя газэты — у прыватнасьці, на “Спортивную панораму”. Гэтае задавальненьне каштуе 36 000 рублёў. Спартсмэны падпісвацца ня хочуць, Але іх прымушаюць. Ці законна гэта?

Здаецца, кожны чалавек павінен сам рабіць падобны выбар. Можа, я хачу чытаць “Советскую Белоруссию”, а можа — “Народную Волю”. Чаму ж за мяне нехта вырашае, што мне выпісваць?

Увогуле, атрымліваецца, што нас, спартсмэнаў, прымушаюць замест вітамінаў есьці “Спортивную панораму”. Ці законна гэта?”

напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Алег Сяргееў зь Віцебску.

Так званы “добраахвотна-прымусовы” прынцып у гэтай справе ўзяты з практыкі савецкай эпохі. Тады ім шырока кіраваліся ў самых розных палітычных кампаніях — пры арганізацыі суботнікаў, прыёме ў камсамол і ў піянэры, зборы грошай на карысьць розных нібыта добраахвотных таварыстваў — выратаваньня тапельцаў, садзеяньня арміі, дапамогі Чырвонаму Крыжу...

Зразумела, спадар Сяргееў, што ніводзін беларускі закон не прымушае грамадзянаў выпісваць і чытаць тую ці іншую газэту. Пытаньне ў тым, ці адважваюцца людзі ў сёньняшніх беларускіх умовах адстойваць уласныя правы і пярэчыць начальніку, які выконвае яўна незаконныя дырэктывы свайго ідэалягічнага кіраўніцтва.

Наступны пераднавагодні вершаваны ліст — ад нашага даўняга сябра Фэлікса Шкірманкова са Слаўгарада. У допісе ёсьць такія невясёлыя радкі:

“Ў крамах навагоднія
Сьвецяцца агні.
Толькі мне ад гэтага
Радасьці — ані.
Цэны з глузду зьехалі —
Іх не ўтаймаваць.
І з нагоды гэтае
Хочацца сказаць...
Толькі не паможа
Гэты крык душы,
Бо купіць ня зможаш
На свае шышы
Ні вяндліны смачнай,
Ні добрых кілбас
Да стала сьвяточнага:
Гэта не для нас...”
— гэта былі радкі зь вершаванага ліста Фэлікса Шкірманкова са Слаўгарада.

“Можа, варта даць паслухаць гэты верш маім землякам, — піша слухач. — Няхай яшчэ раз згадаюць пра нашу рэчаіснасьць і задумаюцца”.

А на заканчэньне — калядны ліст зь вёскі Кадзі Ашмянскага раёну. Наша слухачка Леакадзія Бушмовіч зьвяртаецца, як яна адзначае, да ўсіх — “і тых, хто робіць рэпартажы, і хто бярэ інтэрвію, і хто вядзе перадачы, а таксама тых, хто слухае Свабоду, дасылае лісты, тэлефануе ў рэдакцыю”. Слухачка піша:

“Няхай кожнага абміне смутак, а душэўны спакой будзе добрым спадарожнікам у кожны дзень новага году. Хай жа Сьвяты Дух надае сілу і нястомнасьць вам, паважаны Валянцін, а таксама ўсім вашым калегам абвяшчаць людзям праўдзівыя і цікавыя навіны, даючы мажлівасьць кожнаму думаць, разважаць, знаходзіць правільнае меркаваньне аб тым, што адбываецца ў нашым супярэчлівым жыцьці”.

Дзякуй вам, спадарыня Леакадзія, за добрыя словы. У вашай кароткай фразе — фактычна сутнасьць нашай місіі, той ролі, якую Радыё Свабода імкнецца выконваць у розных рэгіёнах сьвету, у тым ліку ў Беларусі. Прыемна ўсьведамляць, што вы так дакладна гэта зразумелі і выказалі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Вясёлых вам сьвятаў і шчасьлівага Новага году. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by


XS
SM
MD
LG