Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускую атамную электрастанцыю пачнуць будаваць расейцы. Менавіта яны ўзьвядуць першыя два блёкі АЭС. Пра гэта сёньня паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі дырэктар дэпартамэнту разьвіцьця ядзернай энэргетыкі міністэрства энэргетыкі Беларусі Мікалай Груша.


Мікалай Груша паведаміў: дакумэнты на будаўніцтва беларускай АЭС ужо накіраваныя ў расейскую дзяржаўную карпарацыю “Росатом”. Зь ёй трэба падпісаць рамачны кантракт. Спадар Груша спадзяецца, што гэта адбудзецца ўжо ў першым квартале наступнага году. Потым будзе вызначана канкрэтная расейская кампанія, якая пачне будаўніцтва АЭС у Беларусі.

Ці не атрымліваецца ў гэтым выпадку так, што тэндэр на будаўніцтва АЭС не адбыўся, спыталіся журналісты ў Мікалая Грушы:

“У нас проста няма выбару. Замежныя кампаніі, да якіх мы зьвярталіся, альбо не далі канкрэтнага адказу, альбо ня могуць у вызначаныя тэрміны выканаць гэтую працу. Таму, натуральна, будаўніцтва першага і другога блёкаў станцыі застаецца, найхутчэй, за Расейскай Фэдэрацыяй”.

Аляксандар Вайтовіч
Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандар Вайтовіч кажа, што ён і не сумняваўся, што для АЭС выберуць будаўнікоў з Расеі:

“Я так і думаў адразу — ніякага тэндэру ня будзе і менавіта вось так усё вырашыцца. Хоць там калі-нікалі чыноўнікі і казалі, што мы маем прапановы адтуль, адтуль і адтуль. Але ж насамрэч ніадкуль прапаноў не было.

У сьвеце ёсьць тры кампаніі: амэрыкана-японская, француска-нямецкая і расейская. Толькі яны будуюць атамныя станцыі. Іншых проста няма. Выбар небагаты. І тыя дзьве кампаніі ў тэндэры па-сапраўднаму ня ўдзельнічалі. Думаю, таму, што яны разумелі — усё роўна аддадуць Расеі будаваць”.

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі лічыць: пры вызначэньні коштаў расейскага газу для Беларусі на наступны год улічвалася і абавязаньне афіцыйнага Менску аддаць будаўніцтва АЭС менавіта расейскай кампаніі:

“Гэта, канечне, мае свой палітычны, геастратэгічны аспэкт. Беларусь нібыта імкнецца “адвязацца” ад Расеі ў энэргетычным пляне. Але насамрэч атрымліваецца, што прывязваецца да яе яшчэ мацней. І, канечне, гэта яшчэ адна зачэпка, яшчэ адны лейцы, якія будуць дапамагаць Расеі праводзіць тут сваю палітыку”.

У мінулую пятніцу было прынята рашэньне, што атамная электрастанцыя ў Беларусі будзе збудавана ў Астравецкім раёне Гарадзенскай вобласьці, непадалёк ад Вільні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG