Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вершы Міцкевіча чуюць толькі закаханыя


Cёньня – 210 гадоў зь дня нараджэньня славутага беларускага паэта Адама Міцкевіча. У Чырвоным касьцёле адбудзецца сьвятая імша, потым яе ўдзельнікі накіруюцца ў працэсіі са зьнічамі да помніка паэту, дзе адбудзецца імпрэза паэтычнага тэатру “Арт.С”

Днямі моладзь з мястэчка Беняконі Воранаўскі раёну прывезла ў Менск сена, нарыхтаванае з тых палёў, па якіх Адам Міцкевіч бегаў у дзяцінстве. Сена было ўрачыста перададзена ў рукі Мітрапаліта Менска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Урачыстасьці, прысьвечаныя дню народзінаў Адама Міцкевіча, пачнуцца ў сераду ў Чырвоным касьцёле, паведаміў сьвятар касьцёлу:

«А 12-й гадзіне будзе сьвятая імша ў касьцёле, якую будзе служыць ксёндз, біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка. І пасьля сьвятой імшы ўрачыста, працэсійна ўсе пойдуць да помніка Адаму Міцкевічу. Там будзе сьвяточная пастаноўка і калядаваньне”.

Карэспандэнтка: “А каго запрашалі?”

“Звычайна прыходзіць шмат інтэлігенцыі. Гарадзкіх уладаў няма, а інтэлігенцыя ёсьць”.

А творчая моладзь з паэтычнага тэатру “Арт.С” рыхтуе рамантычнае паэтычнае прадстаўленьне з прыгожым назовам “Народжаны ў калысцы Беларусі”. Распавядае паэтка Аксана Спрынчан:

“Калісьці мой каханы сядзеў каля помніка Міцкевічу і слухаў яго вершы. Як я потым сказала, гэта вершы, невядомыя ні польскім, ні беларускім дасьледчыкам, таму што іх чуюць толькі тыя, хто закаханы. І таму, калі мы даведаліся, што будзе выступ каля помніка Міцкевічу, паэтычны тэатар “Арт. С” захацеў стварыць нешта таксама цікавае, арыгінальнае. У строях таго часу ў нас будзе літаратурная кампазыцыя, у якой будзе ўдзельнічаць і той закаханы Яраш Малішэўскі, і я, і Зьміцер Арцюх, і іншыя паэты. І мы паспрабуем стварыць вось гэту энэргетыку вялікага творцы, зьвязанага з каханьнем і Беларусьсю”.

Вершы Адама Міцкевіча будуць гучаць па-беларуску, па-польску, па-літоўску, па-расейску. Пасьля сьвята паэзіі біскуп Антоні Дзям’янка правядзе кароткую малітву і асьвеціць аплаткі да сьвята Божага Нараджэньня. Мяркуецца, што ва ўрачыстасьцях возьмуць удзел прадстаўнікі амбасадаў Польшчы, Літвы, Чэхіі, Украіны, Турцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG