Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі бок афіцыйна запрасіў кіраўніцтва Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ наведаць Беларусь. Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар міністэрства замежных спраў Андрэй Папоў. Ён падкрэсьліў, што ў лісьце ў Варшаву, дзе месьціцца офіс Бюро, “пацьвярджаецца гатоўнасьць да прадметнага дыялёгу зь Бюро».

Стаўленьне да Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека ў афіцыйнага Менску ніколі не зьмянялася. Тут заўжды крытыкавалі экспэртаў Бюро нібыта за падвойныя стандарты. Старшыня Цэнтравыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына падкрэсьлівае: пачынаючы ад 1996 году, ацэнкі выбарчым кампаніям у Беларусі з боку місіяў СНД і Бюро АБСЭ былі абсалютна супрацьлеглымі:

«Часта апошняя ацэнка (БДІПЧ) мае розныя нюансы і вагаецца ад вызначэньня «вельмі дрэнна» да «не зусім добра». Прадстаўнікі Беларусі, Расеі, іншых краін СНД шмат разоў крытыкавалі Бюро АБСЭ за наўнасьць падвойных стандартаў, неаб'ектыўнасьць і наўмыснае скажэньне фактаў пры складаньні справаздач».

На тле гэтага выказваньня, а яно прагучала на мінулым тыдні на «круглым стале» назіральнікаў СНД, згода беларускага боку «да прадметнага дыялёгу» зь Бюро АБСЭ выглядае дзіўнай, калі не сэнсацыйнай.

Знаўца выбарчага заканадаўства Сяргей Альфэр адзначае: дэмакратыычная апазыцыя не аднойчы зьвярталася ў Цэнтральную выбарчую камісію з прапановамі зьмяніць выбарчае заканадаўства. І кожны раз адказ быў адзін: у гэтым няма патрэбы. Так было, прыкладам, летась, падкрэсьлівае спадар Альфэр:

«Што тычыцца патрабаваньняў беларускай апазыцыі, эўрапейскіх інстытутаў аб дэмакартызацыі выбарчага заканадаўства Беларусі, то, паводле Лідзіі Ярмошынай, ніякай патрэбы ў правядзеньні перамоваў і канфэрэнцыі ў пытаньнях зьмяненьня выбарчага заканадаўства, цяпер няма. Адсутнічае сам прадмет для абмеркаваньня, лічыць кіраўніца ЦВК».

Чаму ж менавіта цяпер афіцыйны Менск нарэшце пагадзіўся абмяркоўваць заўвагі Бюро АБСЭ? Сяргей Альфэр на гэта пытаньне адказвае так:

«Гэта можа быць выклікана толькі адным – эканамічная сытуацыя ў краіне настолькі цяжкая, што кіраўніцтва Беларусі вымушана адыходзіць ад сваіх савецкіх прынцыпаў і сьветапоглядаў».

Аб'яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі таксама хочуць прычыніцца да зьмяненьняў выбарчага заканадаўства і практыкі яго ўжываньня. Яны стварылі ініцыятыўную групу, якая будзе зьбіраць подпісы грамадзянаў краіны. У ёй ужо больш за 850 чалавек. Прадстаўнікі дэмсілаў зьвярнуліся да старшыні Менскага гарвыканкаму з просьбай аб сустрэчы, паколькі яны ня могуць знайсьці памяшканьня для ўстаноўчага сходу, паведамляе кіраўнік інфармацыйнага цэнтру АДС Юры Пацёмкін:

«Не дачакаўшыся адказу ад спадара Паўлава, прадстаўнікі АДС вырашылі накіраваць свае заявы ў 13 устаноў сталіцы. Яны просяць прадставіць напрыканцы студзеня памяшканьне для правядзеньня ўстаноўчага сходу. Сярод адрасатаў – Палац Рэспублікі, Палацы культуры МАЗ, МТЗ, камвольнага камбінату, Цэнтральны дом афіцэраў ды іншыя ўстановы. Мы плянуем, што здолеем правесьці такое паседжаньне.

Таксама накіраваны лісты да кіраўніцтва БДІПЧ, каб прадстаўнікоў АДС уключыць у склад экспэртнай групы, якая плянуе з уладамі рыхтаваць зьмены ў выбарчае заканадаўства”.

У выніковай справаздачы Бюро АБСЭ адзначаецца, што апошнія парлямэнцкія выбары ў Беларусі не адпавядаюць міжнародным дэмакратычным стандартам.
XS
SM
MD
LG