Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі: перамога з агаворкамі


Марш прадпрымальнікаў, 18 сьнежня 2008

Марш прадпрымальнікаў, 18 сьнежня 2008

У прэсавай службе кіраўніка дзяржавы агенцтву “Інтэрфакс-Захад” паведамілі, што па выніках сёньняшняй нарады з удзелам Аляксандра Лукашэнкі было прынятае рашэньне захаваць існы прынцып падаткаабкладаньня прадпрымальнікаў.

Пры гэтым каэфіцыент 1,5, які цяпер прымяняецца да замежных тавараў, што ўвозяцца з Расеі ва ўмовах адсутнасьці мытнага афармленьня, будзе павялічаны да 2.

Апроч гэтага, прынятае рашэньне пра павышэньне ставак адзінага падатку.

Гэта закране толькі верхнія значэньні ставак, ніжнія значэньні застаюцца на ранейшым роўні.

Прадпрымальнікі па-ранейшаму змогуць выбіраць розныя спосабы сплаты падатакаў: агульную сыстэму, якой прытрымліваецца пераважная большасьць юрыдычных асобаў, спрошчаную сыстэму альбо сыстэму сплаты адзінага падатку.

Але адзіны падатак няможна будзе плаціць тым, хто займаецца ўвозам запчастак да аўтамабіляў.

Пэўныя зьмены закрануць і працу прыватных унітарных прадпрыемстваў (ПУП). Падрыхтаваны праект указу па ўдасканаленьні спрошчанай сыстэмы падаткаабкладаньня, які мае на мэце істотна спрасьціць яе й зьнізіць стаўкі падаткаў. Гэткім чынам, для ПУП, якія перайшлі з ІП, будуць створаныя ня горшыя ўмовы за тыя, якія будуць дзейнічаць у 2009 годзе для ІП.

Разам з тым, надалей для збалянсаваньня структуры раздробавага гандлю ў краіне будуць стварацца ўмовы для пашырэньня сеткі гіпэрмаркетаў, каб прадпрымальнікі займаліся не перапродажам тавараў, а іхнай вытворчасьцю. Дзяржава зацікаўленая ў тым, каб грамадзяне займаліся тымі відамі дзейнасьці, якія б прыносілі большы эфэкт эканоміцы, паведамляе Інтэрфакс.

У прэсавай службе адзначылі, што лічаць гэтае рашэньне найбольш аптымальным на дадзены момант. Пры гэтым тэрміны дзеяньня новай сыстэмы ня вызначаныя. Плянуецца, што адпаведны нарматыўны дакумэнт будзе дапрацаваны й прыняты цягам наступных дзён.
XS
SM
MD
LG